http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40729
Сусьветнае кіно па-беларуску
19.08.2006
Ад нядаўняга часу беларусы атрымалі большую магчымасьць знаёміцца з навінкамі ўсясьветнай кінематаграфіі на беларускай мове. Перакладам і дубляваньнем фільмаў займаецца ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым”, якую ўзначальвае Франак Вячорка.
Нагадаю, некалькі год таму перакладам мультфільмаў ды мастацкіх стужак на беларускую мову займалася суполка “Сотвар”, але яе праца была прыпыненая па прычыне нерэнтабельнасьці праекту. Ці праект кінабібліятэкі па-беларуску ініцыятывы “Беларускі Гальфстрым” будзе больш плённай? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае Франак Вячорка.
Распавядзіце, калі ласка, як паўстала ініцыятыва "Беларускі Гальфстрым" і як працуе гэты праект?
Ф. Вячорка: Гэтая ініцыятыва мае абсалютна прыватны характар, яна ўзьнікла ў 2003 годзе, калі я адчуў, што ёсьць неабходнасьць рабіць масавы папулярны прадукт, як аўдыё-, гэтак і відэа- на беларускай мове. Калісьці выдаваліся мультфільмы суполкай "Сотвар": "Болта", "Меч у камяні", некаторыя фільмы такія як "Глядыятар", "5 элемэнт". Але за кошт сваёй нерэнтабельнасьці гэтыя праекты і 2000-2001 годзе перасталі працаваць. У мяне паўстала ідэя аднавіць такі праект, але на абсалютна новым якасным узроўні. Да выбару фільмаў мы ставімся вельмі адказна. Гэта тыя фільмы, якія б нашае грамадзтва магло па-свойму ўспрыняць. Адказна ставімся й да выбару актораў. Звычайна гэта прафэсіяналы. Да дубляжу "Шрэк-2" мы прыцягнулі зорак беларускай рок-сцэны. Безумоўна, студыйная якасьць і падыход да распаўсюду таксама вельмі добры. Мы першыя зрабілі беларускую прадукцыю на ўсіх носьбітах, нават распаўсюджваем у сьціснутым фармаце празь Інтэрнэт.
Ці можна назваць праект камэрцыным? Ён дае нейкі прыбытак?
Ф. Вячорка: Праект безумоўна некамэрцыйны. У сённяшняй Беларусі на такім праекце проста немагчыма зарабляць грошы, але яго магчыма акупіць. Але гэта перш за ўсё праца на пэрспэктыву. Зараз у нас ёсьць магчымасьць заняць гэтую нішу, а пасьля, калі зьменяцца варункі на Беларусі, мы зможам заняць гэтую нішу й на камэрцыйным полі.
Пераклад мастацкага фільму на беларускую мову - гэта справа няпростая. Хто вам робіць пераклады?
Ф. Вячорка: Гэта ня так проста й ня так хутка. Тут кожная дробязь важная. Усім працэсам каардынаваньня займаюся я, але да кожнага этапу мы прыцягваем адказных прафэсіяналаў. Першы фільм, які мы перакладалі, "Любоў насамрэч" быў зроблены намганьнямі выпускніцы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, якая мае багаты досьвед у перакладзе мастацкай літаратуры на беларускую мову. Апошні фільм перакладала Вольга Калацкая, якая працуе ў Лёнданскай бібліятэцы разам з айцом Аляксандрам Надсанам. Пасьля перакладу йдзе рэдактура. "Шрэк-2" рэдагаваў знакаміты мовазнаўца Зьміцер Саўка. Пазьней, стыль-рэдактура, калі мы разам з рэжысэрам зьмяняем у тэксьце некаторыя моманаты або іх зьмест, каб яны былі больш цікавыя і больш характэрна гучалі з вуснаў актораў. Дадем таксама розныя "фішкі", якія б маглі спадабацца глядачу. Звычайна яны зьвязаныя зь беларускай рэчаіснасьцю. Напрыклад, у адным з фільмаў мы загаварылі пра кантрактную сыстэму, пра нацыянальны аркэстар Фінберга, пра прыгнёт і дыскрымінацыю і гэтак далей. Перадача, якую глядзелі па мясцовым казачным тэлебачаньні, называлася "Панарама", там усе падзеі нагадвалі нашую штодзённасьць
А як выглядаюць вашыя пляны? Ці вядомыя ўжо назвы фільмаў, што выйдуць неўзабаве?
Ф. Вячорка: Мы дамовіліся, што кожныя тры-чатыры месяцы будзем агучваць новую назву. Бо гэтага часу дастаткова, каб аўдыторыя «зьела» прадукт і была гатовая да новага. У бліжэйшы час мы зьбіраемся перакласьці й прадубляваць на беларускую мову знакаміты фільм "Крымінальнае чытво", пасьля будзе фільм пра Папу Рымскага Яна Паўла ІІ, пры супрацы з польскай амбасадай зьбіраемся зрабіць дубляваньне польскай камэдыі "Місь". У наступным годзе плянуецца шэраг клясных галівудзкіх навінак. Мы паглядзім, на колькі яны будуць запатрабаваныя, і магчыма нешта з таго возьмем.
А якім чынам пакупнік з замежжа можа набыць вашую прадукцыю?
Ф. Вячорка: Усе фільмы можна набыць праз пошту. Ёсьць такі сайт кнігі-поштай (knihi.net). У нас зь імі ёсьць дамоўленасьць, і яны па ўсім сьвеце распаўсюджваюць прадукцыю. Ёсьць магчымасьць за аплату спампаваць фільм праз Інтэрнэт. У Менску фільмы можна набыць у прыватных распаўсюднікаў. Зь некаторымі крамамі існуе дамоўленасьць, што яны будуць гандляваць у сваіх памяшканьнях, але яны гэта будуць рабіць неадкрыта. Трэба будзе пытацца пра наяўнасьць нашай прадукцыі.
На пытаньні Дзьмітрыя Гурневіча адказваў кіраўнік ініцыятывы «Беларускі Гальфстрым» Франак Вячорка.
А я дадам, што на дазены момант ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым” пасьпела перакласьці й агучыць па-беларуску тры стужкі. Гэта такія фільмы, як “Любоў насамрэч”, “Нож у сэрцы”, а зусім нядаўна выйшаў сусьветнавядомы мультыплікацыйны хіт “Шрэк- 2”, у агучваньні якога ўзялі ўдзел Аляксандар Памідораў, Руся, Макс Івашын, Юры Жыгамонт ды іншыя. Сачыць за навінкамі сусьветнай кінематаграфіі па-беларуску можна праз сайт ініцыятывы “Беларускі гальфстрым” - www.kino.licej.net
Дзьмітры Гурневіч