http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40736
Улады хочуць ліквідаваць ПКБ
19.08.2006
Партыі Камуністаў Беларускай пагражае ліквідацыя. Аддзел юстыцыі Менгарвыканкаму скіраваў ліст да ўправы партыі, у якім інфармуе пра ліквідацыю сталічных суполак.
Для ўладаў Беларусі даўно сталася нормаю, што для заходняга сьвету зьяўляецца прызнакам юрыдычнай неадукаванасьці, а менавіта правіла, што закон не мае зваротнай сілы. Апошні такі прыклад яскрава быў прадстаўлены падчас галадоўкі берасьцейскіх прадпрымальнікаў, якіх змушалі аплаціць падаткі з гандлёвай апэрацыі, што была зрэалізаваная перад прыняцьцем новага закону аб дадатковых аплатах.
Найбольш, аднак, зьдзіўляе той факт, што пасьля рэгістрацыі палітычных аб’яднаньяў ў 2005 ПКБ атрымала пасьведчаньне аб рэгістрацыі. На той момант Міністэрства юстыцыі РБ не знайшло ў дзеяньнях партыі аніякіх парушэньняў заканадаўства.
Чалец Партыі Камуністаў Беларускай Алена Скрыган.
А. Скрыган: Нашым менскім суполкам быў накіраваны ліст ад упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкама ў якім паведамляецца, што яны зьнятыя з уліку ў гарвыканкаме. Прычына, на іх думку, гэта адсутнасьць сапраўдных юрыдычных адрасоў. На самой справе нядаўна менскі гаркам ПКБ выйграў тэндэр, атрымаў памяшканьне, мае юрыдычны адрас, і суполкі зарэгістраваныя ва ўпраўленьні юстыцыі. Не ведаю адкуль яны ўзялі гэтыя факты, але менавіта гэта прычына была галоўнай.
Спадарыня Скрыган таксама распавяла пра крокі, якія плянуецца зрабіць для вырашэньня канфліктнай сытуацыі.
А. Скрыган: Вядома, мы спачатку будзем гэта рашэньне абскарджваць у Міністэрстве юстыцыі, а потым тым і ў судзе. Справа ў тым, што робяцца спробы ліквідаваць нашую партыю. Як вядома, быў праведзены так званы абяднальны зьезд КПБ і ПКБ. Аднак з гэтага зьезду нічога не атрымалася, гэта была фікцыя. Гэта была нечуваная ў гісторыі партыйнага будаўніцтва правакацыя. Можна так сказаць, што замест дэлегатаў з нашай партыі былі ўзятыя людзі з вуліцы. Мы абсрадзілі таксама гэтую справу. Мы накіравалі ім нашыя тлумачэньні, пакуль адказу ад іх не было. Але ніводная нашая арганізацыя туды не перайшла, такім чынам робяцца спробы ліквідаваць нашую партыю намаганьнямі МінЮсту.
Паводле словаў адваката Веры Страмкоўскай, абвінавачваньні Міністэрства юстыцыі не маюць падставы, бо беларускае заканадаўства не мае зваротнай сілы.
В. Страмкоўская: У адпаведнасьці з нашым заканадаўствам, не мае закон зваротнай сілы. Іх ліквідуюць нягледзячы на тое, што яны былі зарэгсітраваныя. На падставе гэтага парушэньня заявы МінЮсту ня могуць быць законна абгрунтаванымі.
Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Лабковіч меў магчымасьць азнаёміцца зь лістом упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкама. Ён дае сваю ацэнку заяве МінЮсту.
У. Лабковіч: Гэтую сытуацыю трэба разглядаць у агульным рэчышчы ціску ўладаў, які скіраваны на зьнішчэньне палітычных партыяў. ПКБ - гэта першы палігон, на ўзор якога будуць зьнішчацца й іншыя палітычныя партыі. Фактычна ПКБ інкрымінуюць, што іх арганізацыйныя структуры ў пэўны момнант былі зарэгістраваныя ў неадпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам. Але на той момант дзейнічала іншае заканадаўства, якое прадугледжвала зусім іншую працэдуру рэгістрацыі. Такім чынам іх віна ў тым, што яны загадзя не здагадаліся, што будуць зьмены ў законе. Але ж яны рэгістраваліся па іншым законе. Гэта такі юрыдычны абсурд, які ў нас у краіне вельмі часта ўжываецца. Думаю наступным крокам будзе прыпыненьне дзейнасьці ПКБ і яе ліквідацыя.
Згодна з законам пра палітычныя партыі, абавязковай умовай рэгістрацыі любой партыі зьяўляецца наяўнасьць структураў у сталіцы. Мінюст можа зьвярнуцца ў Вярхоўны суд з патрабаваньнем ліквідаваць ПКБ.
Дзьмітры Гурневіч