http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41139
Генадзю Бураўкіну 70 гадоў
28.08.2006
28 жніўня знакамітаму беларускаму паэту Генадзю Бураўкіну спаўняецца 70 гадоў. Зь імем Генадзя Бураўкіна зьвязаныя выдатныя здабыткі беларускай паэзіі, глыбокае веданьне жыцьця, разуменьне чалавечай душы, захапленьне багацьцямі роднай мовы. Паэт добра ведае жыцьцё народу, яго гісторыю й звычаі. Ён высока цэніць жывое слова, якое ў яго вершах гучыць сьвежа й шчыра.
Пісьменьнік і літаратуразнаўца Пятро Васючэнка кажа, што Бураўкін зьяўляецца найвыбітнейшым паэтам свайго пакаленьня, які вылучаецца асаблівым майстэрствам і лірызмам:
П. Васючэнка: Ён прадстаўляе адно з найбольш значных літаратурных пакаленьняў, гэтак званае пакаленьне „шасьцідзясятнікаў” альбо філялягічнае пакаленьне, якое вылучаецца інтэлектуалізмам і вывучкай. Яны захавалі ў сваёй творчасьці прыкметы лібэралізму. Акрамя гэтага, Бураўкін вылучаецца з гэтага пакаленьня асаблівым майстэрствам і лірызмам. Ён выдатны майстар філязофскай і інтымнай лірыкі. У адрозьнене ад іншых творцаў яго пакаленьня ён, на жаль, не атрымаў у свой час званьня народнага паэта. Бураўкін гэтага варты.
Літаратуразнаўца Аляксей Дудараў падкрэсьлівае, што Генадзь Бураўкін заслугоўвае называцца найлепшым беларускім паэтам. Гэта ня толькі выдатны паэт, але й чалавек, які неабыякавы да лёсу іншых людзей.
А. Дудараў: Генадзь Бураўкін выключная асоба - як паэт, грамадзянін, чалавек, зь якім можна „пайсьці ў разьведку” - ён не падставіць, аддасьць здароўе за справу. Ён адначасова можа назіраць за ўсімі і, калі ёсьць такая магчымасьць, кожнаму дапаможа. Недарэчна разважаць пра Бураўкіна, як пра цудоўнага паэта, бо гэта відавочна. Кожны яго радок прасякнуты лірызмам, цеплынёй, глыбокай філязофіяй. Ён зьяўляецца адным з найлепшых паэтаў-лірыкаў, якія пішуць пра каханьне. Калі чытаеш вершы Бураўкіна пра каханьне, то верыш, што яно ёсьць, і што яно вечнае.
Дацэнт зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сева Рагойша кажа, што для студэнтаў вершы Генадзя Бураўкіна зьяўляецца эталонам беларускай паэзіі.
С. Рагойша: Я Генадзю Бураўкіну па-свойму зайздрошчу, такой белай зайздрасьцю. Гэта чалавек, які ў паважным узросьце можа і ўмее адкрыта, радасна й молада пісаць пра каханьне. Гэта я найбольш цаню ў Бураўкіна - паэта. Працуючы са студэнтамі, я заўважыў, што яны любяць паэзію Бураўкіна, вучаць напамяць ягоныя вершы. Для іх паэзія Генадзя Бураўкіна зьяўляецца эталонам сучаснай беларускай паэзіі.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся ў 1936 г. у в. Шуляціна на Віцебшчыне. Жыве й працуе ў Менску. Ён зьяўляецца ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Аўтар кніг паэзіі “Майская просінь”, “Дыханьне”, “Жніво”, “Выток”, “Пяшчота”, “Паміж зоркай і свечкай”, “Чытаю тайнапіс вачэй” і інш.
Алена Пытэль