http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41205
Quo Vadis, апазыцыя?
29.08.2006
На Сойме Беларускага народнага фронту, які адбыўся на мінулым тыдні, намесьнік старшыня партыі Віктар Івашкевіч заявіў, што беларуская апазыцыя ў дадзены момант знаходзіцца ў крызысе. Івашкевіч таксама агучыў сваю прапанову выхаду з сытуацыі. На яго думку, беларускія партыі й недзяржаўныя арганізацыі падчас маючых адбыцца выбараў у мясцовыя саветы павінны даказаць мэтазгоднасьць сваёй дзейнасьці.
Прапанова Віктара Івашкевіча заключаецца ў тым, што партыі, якія зьяўляюцца чальцамі аб’яднанай кааліцыі, павінны вылучыць кандыдатаў на мясцовыя выбары шляхам збору подпісаў. Наяўнасьць 500 подпісаў будзе сьведчыць аб тым, што дадзеная партыя аўтаматычна становіцца дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў. А на пазьнейшых паседжаньнях Кангрэсу павінны быць распрацаваныя далейшыя пляны дзеяньня ды стратэгія апазыцыі.
В. Івашкевіч: Лідэр аб’яднаных дэмактарычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч ня ўсімі ўспрымаецца як лідэр. Адны кажуць, што на Кангрэсе мы выбіралі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, а паколькі прэзыдэнцкая кампанія скончылася, то й яго паўнамоцтвы скончыліся. Для іх Мілінкевіч - гэта толькі сьпікер паседжаньняў палітрады. Другія бачаць у ім сьцяг дэмакратычных сілаў. У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне. Мая прапанова была наступнай: у лютым правесьці Кангрэс дэмсілаў, які б вызначыў стратэгію ды абраў лідэра. У якасьці дэлегатаў павінны быць кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў, якія за сваё вылучэньне сабралі ня менш чым 500 подпісаў.
Чалец Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер зазначае, што агульнага крызысу апазыцыі ён ня бачыць, аднак прапанова Івашкевіча, паводле яго, зьяўляецца ідэяй, якая можа стымуляваць дзейнасьць партыяў і арганізацыяў няпярэдадні мясцовых выбараў.
С. Альфер: Я не сказаў бы, што апазыцыя зараз знаходзіцца ў крызысе. Яна знаходзіцца ў пошуках іншых шляхоў сваёй дзейнасьці. Крызыс - гэта тупік. А нам яшчэ ёсьць куды ісьці, ёсьць паразуменьне, ёсьць плян дзеяньняў. Мы разглядалі гэтыя прапановы на палітрадзе АГП і яны знайшлі разуменьне ў сяброў палітрады.
Аднак не ва ўсіх палітычных партыях пануе перакананьне, што да сапраўднага крызысу беларускай апазыцыі яшчэ далёка. Анатоль Сідарэвіч зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” гаворыць, што ў кааліцыі ёсьць толькі некалькі партыяў, якія займаюцца сапраўднай дзейнасьцю. А астатнія толькі ствараюць уражаньне, што працуюць на палітычным полі. На думку Сідарэвіча, істотнай справай ёсьць пытаньне як трактаваць Аляксандра Мілінкевіча: як лідэра апазыцыі ці як экс-кандыдата ў прэзыдэнты.
А. Сідарэвіч: Беларуская апазыцыя знаходзіцца ў крызысе. Спадара Мілінкевіча на Кангрэсе абіралі не ў якасьці правадыра апазыцыі, а ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. А зараз высьвятляецца, што спадар Мілінкевіч ішоў на выбары не перамагаць, а ўдзельнічаць. Хоць ён і абвешчаны лідэрам, але ён ня лідэр усёй апазыцыі. Выбары паказалі, што акрамя партыяў блёку існуе БСДП "Грамада", якая працуючы сама сабрала на свайго лідэра амаль столькі ж подпісаў, што й партыі кааліцыі.
На думку палітоляга Віктара Марціновіча, апазыцыя не выходзіла з крызысу ад часу выезду за мяжу Зянона Пазьняка й Сямёна Шарэцкага. А цяперашнія амбіцыі некаторых прадстаўнікоў вярхушак дэмсілаў не дазваляюць праводзіць канструктыўную працу.
В. Марціновіч: Апазыцыя наша з крызысу не выходзіць з 1996 году, калі імпічмэнт пацярпеў паразу, а асноўныя асобы апазыцыі, як Пазьняк і Шарэцкі, зьехалі за мяжу. Чыньнікам гэтага крызысу не зьяўляецца сытуацыя пасьля сакавіцкіх выбараў, але сытуацыя, у якой апазыцыя апынулася вельмі даўно. І з гэтай сытуацыі яна ня можа выйсьці. Яна знаходзіцца напярэдадні расколу. Паміж АГП і БНФ ёсьць нейкае непаразуменьне й яно выходзіць на старонкі газэтаў і ў Інтэрнэт. Што тычыцца шляхоў, якія прапанаваў Івашкевіч, то мне проста сьмешна. Я не разумею, як такім чынам можна пераадолець гэты крызыс. Ня трэба прапаноўваць складаных мэханізмаў, трэба знайсьці лідэра й вакол яго аб'яднацца.
Прапанова Віктара Івашкевіча была дасланая палітычным партыям ды аб’яднаньням, якія дзейнічаюць у рамках кааліцыі дэмакратычных сілаў Беларусі. 30 жніўня на чарговым паседжаньні Рады дэмсілаў гэтая прапанова мае быць разгледжаная прадстаўнікамі кожнай з партый.
Дзьмітры Гурневіч