http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41234
Зруйнавана польскія могілкі ў Горадні
30.08.2006
Учора ўвечары мела месца зьнішчэньне магілаў польскіх жаўнераў з 1920 году на пабэрнардынскіх могілках у Горадні.
Старшыня няпрызнаванага уладамі Беларусі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс склала паведамленьне ў пракуратуру па факце зьдзяйсьненьня злачынства мясцовымі ўладамі.
На жаўнерскіх магілах зрабілі сапраўдны сьметнік, - абураюцца гарадзенскія палякі. А ўсё таму, што мясцовыя ўлады пачалі працу па ўпарадкваньню тэрыторыі, а на могілках пачалася вырубка дрэваў. Драўляныя калоды дыямэртам 30-50 сантымэтраў скідвалі непасрэдна на магілы. На могілках у адмысловым месцы знаходзіцца 180 жаўнерскіх магілаў. Паводле ўступных дадзеных, на 50-і зь іх зьнішчаны крыжы, - кажа гарадзенскі гісторык Юзэф Пажэцкі.
Ю. Пажэцкі: Позна вечарам мы паехалі на могілкі й зрабілі здымкі. На месцы высьветлілася, што працаўнікі камунальнай службы пілавалі старыя таполі, а гальлё скідалі непасрэдна на помнікі. Некаторыя нагробныя пліты ўціснутыя ў зямлю, а некаторыя крыжы проста раскіданыя каля магілаў. Нават цяжка будзе дакладна высьветліць, які крыж зь якой магілы. Відовішча спараўды жахлівае.
Акрамя таго, што гэта месца народнай памяці, могілкі зьяўляюцца помнікам гістарычнага дойлідзтва. Таму адносна гэтай справы ўжо зроблены першыя крокі, - інфармуе Пажэцкі.
Ю. Пажэцкі: Сёньня адбылася сустрэча з прадстаўнікамі камунальных службаў Горадні. Яны тлумачыліся й запэўнівалі, што навядуць парадак. Адносна жаўнерскай часткі могілак мы скіравалі ліст у пракуратуру, каб, згодна зь беларускім заканадаўствам, пачаць сьледзтва.
Трэба дадаць, што пабэрнардынскія могілкі маюць вялікае значэньне для Горадні, - дадае Юзэф Пажэцкі.
Ю. Пажэцкі: Гэтае месца мае вялікае значэньне ня толькі для палякаў, але й беларусаў. Там захаваны выбітныя гарадзенскія дзеячы: польская пісьменьніца Эліза Ажэшка й яе маці, Януш Каханоўскі ды шмат іншых асобаў. А што тычыцца помнікаў жаўнерам - гэтыя асобы змагаліся за незалежнасьць Польшчы. Гэта нашая гістарычная спадчына, гэта месца нашай нацыянальнай памяці.
Пра факт зруйнаваньня месца польскай нацыянальнай памяці павядамілі Амбасаду Рэспублікі Польшча ў Менску. Прадстаўнікі дыппрадстаўніцтва зоймуцца высьвятленьнем гэтай справы.
Караліна Русіновіч