http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41252
Якія зьмены чакаюць беларускую мову?
30.08.2006
Як паведамлялася ў суботу, Аляксандар Лукашэнка даў распараджэньне Міністэрству адукацыі заняцца зьменамі беларускага правапісу з мэтай прыблізіць мову да сучасных мовазнаўчых патрабаваньняў. Аднак старшыня Інстытут мовазнаўства ім. Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі Аляксандар Лукашанец заяўляе, што ніякай рэформы беларускага правапісу ягоны Інстытут не плянуе. Паводле словаў Лукашанца, чакаюцца пэўныя зьмены й дапаўненьні, якія ніякім чынам ня можна кваліфікаваць як рэформу.
У інтэрвію газэце “Наша Ніва” Аляксандар Лукашанец зазначыў, што зьмены, якія плянуе ўнесьці Інстытут, будуць накіраваныя на зьмяншэньне колькасьці выключэньняў, а таксама на падпарадкаваньне агульным прынцыпам і фанэтычнага ладу, і жывога беларускага маўленьня.
У Інстытуце мовазнаўства гавораць, што будучыя папраўкі ня зьменяць спэцыфікі беларускай мовы, але наадварот, яшчэ больш прыблізяць беларускі правапіс да жывой беларускай мовы.
Л. Кунцэвіч: Гэта не рэформа, а проста новая рэдакцыя правілаў. Гэта пляны 1999 году. За гэтыя гады гэта ўсё апрацоўвалася, абнаўляўся новы фактычны матэрыял.
Аднак на думку мовазнаўцы Зьміцера Саўкі, у рэдакцыі новых зьменаў ёсьць пэўныя спрэчныя моманты, што не адпавядаюць прапановам рабочай групы акадэміка Падлужнага, які ўзначальваў рабочую групу й стаяў ля вытокаў новых зьменаў.
З. Саўка: Спадар Лукашанец кажа, што гэтыя нормы былі падрыхтаваныя яшчэ рабочай групай акадэміка Падлужнага. А зь іншага боку, сп. Іўчанкаў сказаў, што літара «о» застанецца толькі націскной. А справа ў тым, што ёсьць шмат словаў, дзе ёсьць некалькі «о». І гэта якраз супярэчнасьць з праектам Падлужнага.
Саўка гаворыць, што пляны пашырэньня характэрнага для беларускай мовы гэтак званага аканьня ды яканьня не адпавядае большасьці гаворкам на тэрыторыі Беларусі. Саўка лічыць, што такое перакананьне зьяўляецца перабольшаным.
З. Саўка: Моцнае аканьне - гэта меншая група беларускіх гаворак. У нашым правапісе няма абсалютнага яканьня й аканьня. Гэтага прынцыпу не было ні ў тарашкевіцы, ні ў пазьнейшых удасканаленьнях клясычнага правапісу, у рэформе 1933 году або 1957 году. Правесьці па ўсіх пазыцыях, незважаючы на будову й паходжаньне слова - гэта, на маю думку, вялікая памылка.
Мовазнаўца перакананы, што новыя правілы створаць непаразуменьне ў напісаньні словаў. Асабліва, на думку Саўкі, пацерпяць навуковыя й тэхнічныя тэрміны.
З. Саўка: Для навуковай тэрміналёгіі гэта вялізарная розьніца. Гэта зусім іншыя словы й зусім іншыя тэрміны. Гэта вялікі ўдар па здольнасьці беларускай мовы выкарыстоўвацца у тэрміналягічнай і навуковай сфэрах. Гэтыя зьмены дэманструюць падлеглы сучасны правапіс, які знаходзіцца ў руках уладаў, наколькі ён нестабільны. Адзіным стабільным правапісам застаецца тарашкевіца. Але гэта пытаньне ўвогуле нямоўнае. Людзі, якія не карыстаюцца роднай мовай, вызначаюць, як на ёй пісаць. Мы ведаем, што рэформы праводзяцца не тады, калі гэта трэба мове, а тады, калі гэта трэба ўладам.
Па выніках працы спэцыяльнай групы, якая займаецца распрацоўкай зьменаў, павінна выйсьці навуковая праца. У свой час у склад групы ўваходзілі Арнольд Міхневіч, Павал Шуба, Міхась Яўневіч, Аляксандар Крывіцкі.
Дзьмітры Гурневіч