http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41253

Уладам Беларусі літаратура непатрэбная

30.08.2006
Старэйшае творчае аб’яднаньне Беларусі - Саюз беларускіх пісьменьнікаў - зь сёньняшняга дня апынулася на вуліцы. Сядзіба арганізацыі на вуліцы Фрунзэ, 5 у Менску перададзеная ва Ўпраўленьне справамі прэзыдэнта. Падчас чарговага паседжаньня судовы выканаўца й старшыня Ўпраўленьня справамі Адміністрацыі прэзыдэнта загадалі пісьменьнікам пакінуць будынак.

У адпаведнасьці з рашэньнем Гаспадарчага суду Менску будынак на вул. Фрунзэ, 5 больш не належыць пісьменьніцкай арганізацыі. Суд пастанавіў, што СБП займаў памяшканьне ў Доме літаратара без аніякіх юрыдычных падставаў, паколькі дамова з Упраўленьнем справамі Адміністрацыі прэзыдэнта страціла моц 3 гады таму. Акрамя высяленьня, пісьменьнікі павінны выплаціць штраф – 55,5 мільёнаў беларускіх рублёў.

Пісьменьнік Анатоль Вярцінскі называе справу перадачы будынку Ўпраўленьню справамі Адміністрацыі прэзыдэнта ганебнай і незаконнай.

А. Вярцінскі: 1 ліпеня 1997 году было дадзена распараджэньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь аб перадачы ў апэрытаўнае Ўпраўленьне справамі Адміністрацыі прэзыдэнта РБ будынку Дому літаратара па вул. Фрунзэ, 5. З гэтага й пачаўся ганебны сыр-бор, заключнае дзеяньне якога адбылося сёньня. Я расцэньваю гэта як гвалтоўны антызаконны акт. Дзейнасьць Саюзу й пазыцыя яго сябраў яўна не задавальняла кіраўніка гэтай дзяржавы, аўтара гэтага ганебнага распараджэньня.

Пра тое, што справа мае палітычны акцэнт, сьведчыць факт, што кіраўніцтву Саюзу забаронена здымаць памяшканьне ў Доме Літаратара нават за грошы.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч канстатуе, што старэйшая беларуская творчая арганізацыя апынулася на вуліцы. Чальцы Саюзу вынесьлі сёньня партрэты нацыяльных пісьменьнікаў у падвал як сымбаль таго, што арганізацыя, заснаваная клясыкамі беларускай літаратуры, мусіць сысьці ў падпольле.

А. Пашкевіч: Раніцою адбылося паседжаньне Рады СБП, на якім была прызначаная дата чарговага Зьезду СБП, які павінен адбыцца ў першай палове кастрычніка гэтага году. Сёньня мы таксама прынялі ў шэрагі Саюзу двух новых чальцоў. Пазьней прыйшлі кіраўнікі галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня кіраўніцтва справамі прэзыдэнта разам з судовым выканаўцам. Мы мусілі пакінуць будынак Дому літаратара. На сёньня Саюз беларускіх пісьменьнікаў знаходзіцца літаральна на вуліцы. Кожны сябра Рады ўзяў партрэт клясыкаў беларускай літаратуры, якія знаходзіліся ў залі ім. Максіма Танка, і мы іх перанесьлі ў падзямельле Дому літаратара. Такім чынам адбыўся сымбалічны сыход у катакомбы.

Саюз беларускіх пісьменькаў быў заснаваны ў 1934. На працягу ўсёй гісторыі існаваньня гэта была найбуйнейшая пісьменьніцкая арганізацыя Беларусі. У розныя гады да яе шэрагаў належалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Уладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў ды іншыя.

Дзьмітры Гурневіч