http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41310

Зьнішчэньне ці ўпарадкваньне гарадзенскіх могілак

31.08.2006
Учора ў нашым эфіры мы распавядалі пра факт пашкоджаньня магілаў польскіх жаўнераў на пабэрнардынскіх могілках у Горадні. Сёньня мы працягваем сачыць за гэтаю справай. Дарэчы, гэтае пытаньне мела вялікі водгук у сёньняшнім польскім друку.

Амбасада Рэспублікі Беларусь у Варшаве запярэчыла, што магілы польскіх жаўнераў у Горадні разбурана наўмысна. Прэс-сакратар пасольства Дзьмітры Выбарны паведаміў, што відавочныя разбурэньні на могілках не назіраюцца.

Д. Выбарны: Амбасада атрымала інфармацыю, згодна зь якою, на польскіх могілках у Горадні праводзяцца працы па просьбе Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні. У прыватнасьці, былі спілаваныя дзьве таполі, карані якіх нішчылі магілы польскіх жаўнераў. Працы праводзяцца пад асабістым кантролем мэра горада. Крыжы, якія, паводле польскай прэсы, былі зьнішчаныя, насамрэч былі часова зьнятыя са сваіх месцаў. Па заканчэньні працаў яны будуць вернутыя на свае месцы. Хачу паведаміць, што беларускі бок выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязкі па апецы над могілкамі польскіх жаўнераў. Мы атрымалі аб`ектыўную інфармацыю зь месца й будзем сачыць за гэтай справай. Калі мы атрымаем новую інфармацыю па гэтай справе, то паведамім.

Інфармацыю пра тое, што працы на могілках вядуцца па просьбе Генэральнага консульства Польшчы пацьвердзіла прэс-сакратар Амбасады РП у Менску Моніка Садкоўска.

М. Садкоўска: Сапраўды, Генэральнае консульства ў Горадні зьвярнулася з просьбай вырубкі дрэваў на могілках. Такую ж самую просьбу да мясцовых уладаў скіраваў пробашч мясцовай парафіі. На днях у Консульства прыйшоў адказ, што просьба рэалізуецца. Зь інфармацыі, якая паступіла з Горадні, вынікае, што ўпарадкваньнем могілак займалася камунальная служба, якая вырубку заказала фірме зь Віцебска. На сёньняшні дзень цяжка сказаць, што там адбылося. Але на здымках, якія я бачыла, не выглядае гэта найлепей.Таму што на фотаздымках выразна відаць зьнішчаныя нагробныя пліты й заваленыя крыжы. Прадстаўнікі консульскай установы ў Горадні непасрэдна на месцы высьвятляюць справу з камунальнымі службамі, бо вырубка вырубкай, але частка намагільных пліт ляжыць неўпарадакаваная.

Высьвятленьнем гэтай справы займаецца генэральны консул у Горадні Анджэй Крэнтоўскі. У інтэрвію Польскаму агенцтву друку ён сказаў, што яшчэ рана ацэньваць сытуацыю. Ён пацьвердзіў, што магілы сапраўды пакрытыя галінамі вырубленых таполяў, а частка крыжоў вынятая з магілаў і ляжыць на зямлі. Спадар Крэнтоўскі падкрэсьліў, што не было зьнішчана 50 крыжоў, як паведамілі дзеячы СПБ пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Ён зазначыў, што мясцовыя палякі вельмі эмацыйна падышлі да справы, бо на гэтых могілках пахаваны іх блізкія.

Каб мець поўнае ўяўленьне карціны, трэба пачакаць, калі гальлё вывезуць з могілак. Завяршэньне прац па добраўпарадкаваньню могілак павінна завершыцца на пачатку верасьня. Менавіта тады будзе можна зрабіць аб`ектыўныя высновы.

Караліна Русіновіч