http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41376

Інтэрнэт – фільтры з Кітаю для Беларусі

01.09.2006
Інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс belaruspartisan.org даведаўся, што ў пераліку імпартных тавараў з Кітаю Міністэрства статыстыкі й аналізу Рэспублікі Беларусь мае новую графу: “машыны для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі”. Беларускія й замежныя журналісты перакананыя, што новы запіс датычыць інтэрнэт-фільтраў, якія шырока выкарыстоўваюцца ўладамі Кітаю для цэнзуры адзінага ў краіне альтэрнатыўнага сродку перадачы інфармацыі.

Пра тое, што імпарт з Кітаю ў Беларусь павялічыўся на 83%, беларускія ўлады паведамлялі неаднойчы. Аднак журналісты перакананыя, што 20 млн. даляраў ЗША, якія ўзгадваюцца насупраць кантракту “машыны для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі”, зьяўляюцца аплатай беларускага боку за інтэрнэт-фільтры.

Пра пляны беларускіх уладаў кантраляваць інтэрнэт ня раз згадвалі як незалежныя журналісты, так і прадстаўнікі афіцыйных уладаў, у прыватнасьці, Міністэрства інфармацыі Беларусі. Тым больш прэзыдэнцкія выбары паказалі, што афіцыйнаму Менску ўдаецца блякаваць працу інтэрнэту й бяз кітайскіх фільтраў. Нагадаем, што доступ да шматлікіх інфармацыйных парталаў быў у тыя дні абмежаваны альбо цалкам немагчымы.

Генэральны дырэктар прадпрыемства “Надзейныя праграмы” Юры Зісэр кажа, што такая інфармацыя сапраўды вельмі непакоіць, але ён дадае, што ў тым жа Кітаі ўладальнікі інтэрнэт-парталаў знайшлі частковы выхад з сытуацыі.

Ю. Зісэр: Гэтыя зьвесткі кружаць з восені пазамінулага году, калі зьявіўся артыкул у "Газэце Выборчай". Гэта цалкам верагодна й пачынае непакоіць. У прынцыпе, немагчыма сказаць, што гэта цалкам спыніць існаваньне старонак, але напэўна сур’ёзна ўскладніць паток інфармацыі. Кітайцы карыстаюцца спэцыяльнымі схэмамі, якія дазваляюць абыходзіць гэтыя спрытныя фільтры. Ствараецца сайт і зьмянаюцца назвы старонкі амаль кожныя паўгадзіны. Па электроннай пошце дасылаецца камунікат з пытаньнем, ці жадае карыстальнік падпісацца на рассылку навін. Калі сайт зачыняюць, то адчыняецца новы. Існуюць пэўныя сыстэмы супрацьдзеяньня гэтай справе.

Сямён Печанко з “Нашай Нівы” згадвае, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў яго выданьне давала парады карыстальнікам інтэрнэту пра магчымасьць абыходзіць блякады сайтаў. Аднак ён лічыць, што для большасьці беларусаў, якія карыстаюцца інтэрнэтам, такія праблемы могуць быць складанымі для вырашэньня.

С. Печанко: У апошні час больш надзейнай крыніцай інфармацыі, безумоўна, стаў інтэрнэт. І калі гэтыя фільтры закупілі, а ёсьць ужо такія сьведчаньні, то гэта будзе моцны ўдар па незалежных крыніцах інфармацыі. Напэўна ёсьць нейкія прыёмы абмінуць гэтыя абмежаваньні, але трэба разумець, што большасьць нашых інтэрнэт-карыстальнікаў - на прымітыўным узроўні. Калі трэба будзе знайсьці адпаведны сайт, то людзі будуць разгубленыя. Цяжка будзе гэта зрабіць.

У сувязі зь перасьледам незалежнай друкаванай прадукцыі большасьць беларускіх газэтаў выдаюцца зараз у інтэрнэт-варыянце. Выкарыстаньне ўладамі прыстасаваньняў для фільтрыцыі інтэрнэт-старонак можа быць балючым ударам для інфармацыйнай прасторы краіны. Тым больш, што колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі няўхільна расьце.

Дзьмітры Гурневіч