http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41400

Ангельска-беларускі слоўнік "тарашкевіцай"

02.09.2006
Днямі ў адным зь незалежных менскіх выдавецтваў сьвет пабачыў унікальны ангельска-беларускі слоўнік, створаны групаю беларускіх мовазнаўцаў ды дзеячоў беларускай эміграцыі сумесна з амэрыканскімі адмыслоўцамі. Праца над гэтым слоўнікам вялася ў замежжы не адно дзесяцігодзьдзе й свой фінал сустрэла ў Беларусі.

Ініцыятарам стварэньня згаданага выданьня была памерлая некалькі гадоў таму дзеячка беларускай эміграцыі ў Канадзе Валянціна Пашкевіч. Працу над слоўнікам яна распачала яшчэ ў 70-х гадах. Пасьля яе сьмерці над слоўнікам працавалі доктар Янка Запруднік, Зора й Вітаўт Кіпелі ды іншыя.

Асаблівую каштоўнасьць слоўніку надае тое, што выдадзены ён быў клясычным беларускім правапісам. Слоўнік мае каля тысячы старонак і складаецца з амаль 50 тысячаў артыкулаў.

Ганаровы старшыня Беларускага Пэн-цэнтру Лявон Баршчэўскі распавядае пра гісторыю паўстаньня слоўніка.

Л. Баршчэўскі: Настаўніца беларускіх нядзельных школак у Амэрыцы Валянціна Пашкевіч займалася гэтымі слоўнікамі яшчэ ў 70-я гады. У 1991 годзе я быў у яе дома ў Канадзе, і яна паказвала мне ўжо набраныя лісты гэтага слоўніка. Пасьля ейнае сьмерці слоўнік патрабаваў дапрацоўкі, і гэтым заняўся цэлы калектыў дзеячоў нашай эміграцыі на чале з Зорай Кіпель, а пасьля яе сьмерці, зь Янкам Запруднікам. Яны дапрацавалі гэты слоўнік, прывялі яго ў адпаведнасьць з найноўшымі дасягненьнямі лексыкаграфіі. Слоўнік гэты прынцыпова арыентуецца на амэрыканскі варыянт ангельскай мовы, хаця паралельна прыводзяцца й ангельскія варыянты. У карыстаньні ён вельмі зручны. Над усімі беларускімі словамі стаіць націск. Ім могуць карыстацца таксама й ангельскамоўныя людзі, якія жадаюць навучыцца беларускай мове. Усе выдаткі на яго выданьне пакрылі эміграцыйныя арганізацыі. Ён зроблены цалкам на грамадзкія ахвяраваньні.

Нагадаем, што першы ангельска-беларускі слоўнік выйшаў у 1989 годзе ў Менску пад рэдакцыяй Тамары Сушы й Алены Шчукі.

Дзьмітры Гурневіч