http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41401

27 сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі

02.09.2006
На працягу двух дзён, 2 і 3 верасьня, у амэрыканскім горадзе Нью- Брансуік у штаце Нью-Джэрсі адбываецца 27-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі. На сустрэчы зьбяруцца беларусы ЗША, Канады ды госьці з самой Беларусі.

Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі адбываюцца кожныя два гады. Першая такая сустрэча адбылася ў 1952 годзе ў штаце Нью-Ёрк у мястэчку ля падножжа Ніягарскага вадаспаду. Удзельнікі першай сустрэчы, чальцы Беларуска-Амэрыкансакага задзіночаньня ды Згуртаваньня беларусаў Канады, вырашылі праводзіць такія сустрэчы кожныя два гады. Сёлета мерапрыемства будзе адбывацца два дні, а галоўным пытаньнем дэбатаў станецца тэма “У абарону дэмакратыі ў Беларусі”.

Пра тое, як будзе выглядаць Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі, гэтым разам распавяде адзін з арганізатараў Юрка Азарка.

Ю. Азарка: Мы спадзяемся, што да нас прыбудзе былы пасол ЗША ў Менску Джордж Крол, старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, будзе таксама прысутны лідэр Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк. Тэма сустрэчы - "У абарону дэмакратыі ў Беларусі". Першы дзень у нас будзе вялікі сымпозіюм, дыскусіі. Адной з тэмаў будзе "Ушанаваньне ахвяраў лукашэнкаўскага тэрору", ганаровым кіраўніком гэтай групы мела быць Ірына Красоўская. Другая тэма "Роля беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў забесьпячэньні дапамогі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі". Зянон Пазьняк прадставіць аналіз прэзыдэнцкіх выбараў і шанцы апазыцыі на зьмены вынікаў.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў браў удзел у падобнай сустрэчы роўна 10 гадоў таму. У 1996 годзе такая сустрэча праходзіла ў горадзе Кліўлэнд у штаце Агаё, дзе разьмяшчаецца славуты беларускі комплекс “Полацак”.

У. Арлоў: 10 гадоў таму мне пашчасьціла пабыць на адной з традыцыйных сустрэчаў беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Тады гэтая сустрэча адбывалася ў Кліўлэндзе. Я прыехаў з гэтай сустрэчы, перапоўнены ўражаньнямі найперш ад знаёмства зь дзясяткамі тых нашых суайчыньнікаў, якія здолелі там за акіянам захаваць беларускія традыцыі, беларускую мову, сымболіку. Змаглі выхаваць у беларускім духу дзяцей, а часам, як Зора й Вітаўт Кіпелі, і ўнукаў.

Арлоў зазначае вялікі ўклад беларускай эміграцыі ў разьвіцьцё нацыянальнага кніжнага выдаўніцтва. Без фінансавай падтрымкі беларусаў Паўночнай Амэрыкі не ўдалося б выдаць такія кнігі як “10 вякоў беларускай гісторыі”, “Адкуль наш род”, а таксама ўнікальнага ангельска-беларускага слоўніка, які пабачыў сьвет гэтымі днямі.

Варта дадаць, што Беларуска-Амэрыканскае задзіночаньне зьяўляецца найстарэйшай беларускай арганізацыяй Амэрыкі. Яна была заснаваная ў 1949 годзе паваеннай хваляй беларускай эміграцыі. У дадзены час яе кіраўніком зьяўляецца Антон Шукелойць.

Дзьмітры Гурневіч