http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41567
БНФ прапануе правесьці Форум за незалежнасьць
06.09.2006
Падчас чарговага паседжаньня ўправы БНФ, старшыня партыі Вінцук Вячорка агучыў ініцыятыву правядзеньня напрыканцы кастрычніка Форуму за незалежнасьць. Мерапрыемства адбудзецца з нагоды намеру беларускіх ды расейскіх уладаў арганізаваць канстутыцыйны рэфэрэндум саюзнай дзяржавы.
Беларускі народны фронт плянуе сабраць найлепшых беларускіх адмыслоўцаў, каб абмеркаваць пытаньні бясьпекі, правоў чалавека, нацыянальнай культуры й мовы, а таксама засьведчыць жаданьне беларускага народу на незалежнасьць Бацькаўшчыны. Гаворыць Вінцук Вячорка.
В. Вячорка: Сытуацыя з г. зв. саюзнаю дамовай вельмі цьмяная. Адбываюцца нейкія перамовы Лукашэнкі з Пуціным, у Беларусь прыяжджаюць высокія расейскія чыноўнікі. Нас моцна зьдзівіў кіраўнік падліковай палаты Расеі С. Сьцяпашын, былы кіраўнік спэцслужбаў, які раптам пачаў апраўдвацца й казаць, што РФ ня мае намеру паглынаць Беларусь і ўключаць яе ў свой склад. Мы ўсьведамляем, што празь эканамічныя чыньнікі можа быць згода бакоў на правядзеньне рэфэрэндуму. Мы лічым, што дэмакратычная грамадзянская супольнасьць Беларусі мусіць даць яснае пасланьне, як уласнаму народу, гэтак і міжнароднай супольнасьці, што незалежнасьць для нас ёсьць неразьменнаю каштоўнасьцю.
Вячорка ўдакладняе, што Форуму за незалежнасьць ня можна параўноўваць з Кангрэсам дэмакратычных сілаў. Ён таксама дадаў, што мерапрыемства павінна аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы Беларусі ў абароне незалежнасьці краіны.
В. Вячорка: Мы прапануем правесьці Форум у рэжыме навукова-практычных групаў, прысьвечаных пытаньням бясьпекі Беларусі, лёсу беларускай мовы, культуры, адукацыі, інфармацыйнай прасторы, эканомікі й энэргетычнай незалежнасьці. Мы хочам пры ўдзеле прафэсіяналаў абмеркаваць гэтыя тэмы ў кантэксьце саюзнага будаўніцтва. Хочам выдаць рэкамэндацыі і ўзяць на сябе абавязкі выкананьня гэтых рэкамэндацыяў.
Палітоляг Юры Шаўцоў скептычна ставіцца да ідэі лідэра БНФ. На яго думку, правядзеньне Форуму ня дасьць жаданых вынікаў, бо беларуская апазыцыя знаходзіцца ў сур’ёзным крызысе.
Ю. Шаўцоў: На маю думку, гэта ня мае ніякага значэньня. Апазыцыя настолькі слабая, што адзін Форум ня зьменіць ейнага статусу ў грамадзтве.
Форум за незалежнасьць плянуецца таксама прымеркаваць да выбараў у мясцовыя саветы. Акцыю падтрымаў ужо й лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. Зараз партыя БНФ займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі Форуму за незалежнасьць.
Дзьмітры Гурневіч