http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=41614
Акцыя супраць спальваньня сьмецьцяў
07.09.2006
6 верасьня адзначаўся міжнародны Дзень супраць адходаў. З гэтай нагоды ў амаль 70 краінах сьвету былі наладжаныя грамадзкія акцыі. Ініцыятарам зьяўляецца Усясьветны альянс супраць спальваньня адходаў (GAIA). Гэта міжнародная арганізацыя, якая аб'ядноўвае каля 450 недзяржаўных арганізацыяў, унівэрсытэтаў, звыклых актывістаў амаль з 70 краінаў сьвету. Гэта людзі і ўстановы, якія выступаюць супраць спальваньня сьмецьця, паколькі гэта найбольш небясьпечны мэтад утылізацыі адходаў.
У Менску на пляцы Бангалёр акцыю ладзілі прадстаўнікі Міжнароднага альянсу Яўген Лабанаў, Ірына Сухі й Іван Коўзель. Пра акцыю й яе галоўныя мэты распавядае адзін з арганізатараў Яўген Лабанаў:
Я. Лабанаў: Кожны год у 70 краінах сьвету ладазяцца акцыі, каб прыцягнуць увагу насельніцтва і ўладаў да праблемы, зьвязанай з адходамі. Мы хочам паказаць, што такая праблема ёсьць ва ўсіх краінах. Кожны чалавек прычыняецца да павелічэньня колькасьці сьмецьця. Штогод у Беларусі налічваецца каля 28 мільёнаў тонаў адходаў. Зь іх 26 мільёнаў прамысловыя, 2 мільёны бытавыя. Кожны жыхар Беларусі адказны за 300 кіляграмаў адкідаў штогод. 70% сьмецьця могуць быць выкарыстаныя ў якасьці сыравіны. Але замест пераапрацоўкі яно вывозіцца на звалкі. Гэта бомбы, якія раней ці пазьней выбухнуць.
Мы ня можам кантраляваць працэсаў, якія адбываюцца ў сьметніках. Хімічныя рэчывы выдзяляюцца ў атмасфэру, грунтавыя воды, глебу. Сьметнікі - гэта самы няўстойлівы спосаб працы з адходамі. Толькі частка сьмецьця ў нашай краіне спальваецца. І гэта вельмі добра, бо гэта галоўная крыніца дыяксіну ў атмасфэру.
Дзеячы Ўсясьветнага альянсу ня толькі пратэстуюць супраць спальваньня адходаў, але й прапаноўваюць альтэрнатыўныя спосабы іх выкарыстаньня.
Я. Лабанаў: Мы прапануем комплексныя праграмы па мэнэджмэнту па працы з адходамі на прадпрыемствах. Мы задаволеныя, што Міністэрства навакольнага асяродзьдзя амаль распрацавала праект комплекснай праграмы, датычнай адкідаў на 6 гадоў. Плянуецца павялічыць колькасьць сьмецьця для перапрацоўкі. Ёсьць шмат прыкладаў у краінах СНД і Заходняй Эўропы, калі людзі наладжваюць аддзельны збор адходаў, выкарыстоўваюць іх як крыніцу фінансаваньня. Калі мы выкідаем сьмецьце ў сьметнік, то плацім вялікія грошы за іх утылізацыю. Але калі мы робім са сьмецьця рэсурсы - паперу, шкло, то мы самі атрымоўваем грошы. Экспэрты Альянсу распрацавалі праграмы, якія могуць выкарыстоўвацца ў многіх краінах Эўропы.
Нашая акцыя накіраваная да звыклых грамадзянаў, якія павінны ведаць пра неабходнасьць сэлекцыі сьмецьця. Але ўлады таксама павінны зразумець, што нельга гэтую праблему пакінуць без нагляду. Неабходная фінансавая рэгуляцыя працэсу. Прадпрыемствам не аплочваецца інвэставаць у новыя тэхналёгіі, бо лягчэй выкінуць адходы на звалку. Прадпрыемствам патрэбны фінансавы стымул, а гэта залежыць ад дзяржавы.
Упершыню Дзень супраць спальваньня адходаў адзначаўся ў 2002 годзе. Ён прадэманстраваў адзінства чальцоў Альянсу ў барацьбе супраць спальваньня адходаў, у разьвіцьці чыстай прадукцыі й будучыні без таксычных элемэнтаў.
Алена Пытэль