http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=42030
З. Дашкевіч за кратамі
15.09.2006
У чацьвер у Магілёве падчас паседжаньня абласной арганізацыі “Маладога Фронту” былі затрыманыя 22 актывісты незарэгістраванай арганізацыі, а таксама фотакарэспандэнт “Нашай Нівы” Юлія Дарашкевіч. Усе затрыманыя ўвечары былі адпушчаныя на волю, аднак сёньня гісторыя працягнулася. Лідэры “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч сёньня зранку былі затрыманыя й адвезеныя ў сьледчы ізалятар.
Прычынаю ўчорашняга затрыманьня маладзёвых актывістаў стаў нібыта званок гаспадароў суседзкага будынку ў міліцыю, маўляў, у суседнім будынку адбываецца пабоішча. Але, як пазьней аказалася, суседзі ніколі не тэлефанавалі ў міліцыю. Падчас затрыманья ў аднаго з удзельнікаў сходу, лідэра “Маладога Фронту” Дашкевіча міліцыянт выпытваў пра скрыню з тратылам, які той нібыта схаваў у доме. Затрыманьне маладафронтаўцаў адбывалася з удзелам больш як дзясятка спэцназаўцаў.
Ю. Дарашкевіч: Маладыя актывісты сядзелі ў альтанцы й гутарылі, калі раптам нехта крыкнуў: “Спэцназ”. Людзі спалохаліся й забеглі ў хату, літаральна праз пару сэкундаў там ужо былі й міліцыянты. Яны загадалі, каб моладзь стала ў ланцуг і каб кожны паклаў рукі на плечы суседу. Такім чынам усіх завялі ў аўтобус. У аўтобусе нам сказалі, што нібыта паступіў званок ад суседзяў, якія паскардзіліся, што нейкія маладзёны носяць скрыні з тратылам. Потым нас завезьлі ў Ленінскі РАУС, дзе пратрымалі каля дзьвюх гадзінаў, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя нас адпусьцілі. Нікога не зьбівалі, бо ўсе падпарадкаваліся загадам міліцыі. Цікава, што ніхто ня спраўдзіў нават нашых рукзакоў і не шукаў тратылу.
Сёньня зранку Зьміцер Дашкевіч даваў паказаньні ў пракуратары па крымінальнай справе паводле артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу РБ, які датычыць дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пасьля допыту на падставе санкцыі пракурора ў дачыненьні да Зьмітра была зьмененая мера стрыманьня - ён быў перавезены ў сьледчы ізалятар на вул. Валадарскага.
Н. Палажанка: Мы спадзяваліся, што пры так доўгім разглядзе справы ўсе абвінавачваньні адменяць. Але сёньня ён пайшоў на допыт і яму заявілі, што зьмяняецца мера стрыманьня. Хутка будзе зьезд «Маладога Фронту» і ўлады, відавочна, ня хочуць, каб на ім былі лідэры.
Адвакат Зьмітра Дашкевіча Аляксандар Галіеў лічыць зьмену стрыманьня для лідэра “Маладога Фронту” незаконнай.
А. Галіеў: Была агучаная пастанова пра зьмену меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту ў якасьці падазронага. Згодна з заканадаўствам, на працягу 10-ці сутак яму павінна быць агучанае абвінавачваньне. Я лічу, што гэтае затрыманьне было незаконным, паколькі, згодна з Крымінальным кодэксам, узяць пад варту можна толькі ў выключных выпадках. Вырашаецца пытаньне пра абскарджваньне дадзенай пастановы. Але можна ўжо зараз прадбачыць рашэньне суду.
Нагадаю таксама, што са шпіталя ў спэцкамэндатуру быў сёньня перавезены Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве. На гэтым тыдні Артур меў апэрацыю, а зараз яму пагражае 30-дзённы арышт.
Дзьмітры Гурневіч