http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=423
Разам у Зьвяз
29.04.2003
Вялікія задачы чакаюць польскую дыяспару. Мільёны палякаў жывуць у розных краінах сьвету й на розных кантынэнтах. Існуюць сотні польскіх арганізацыяў і таварыстваў па ўсёй Эўропе. Яны больш ці менш актыўныя, больш ці менш супрацоўнічаюць між сабой. Прысьпеў час, каб гэтыя арганізацыі ўключыліся ў працэс уступленьня Польшчы ў склад Эўрапэйскага Зьвязу. Гэта - літаральна - адна магчымасьць на тысячагодзьдзі, і менавіта польская эміграцыя тут можа шмат у чым дапамагчы. У некаторых краінах Эўрапэйскага Зьвязу яна даволі актыўна дзейнічае ўжо цяпер, але надта малое, насамрэч, супрацоўніцтва паміж такімі грамадзкімі арганізацыямі і ўладамі сёньняшняй Польшчы. У эфэкце польская дзяржава не выкарыстоўвае важных рэзэрваў прамоцыі свайго будучага чальцоўства.
На добры лад можна было б, напрыклад, спадзявацца галасоў польскага асяродзьдзя ў Францыі пасьля словаў прэзыдэнта Жака Шырака, які заатакаваў Польшчу ў якасьці „траянскага каня” Злучаных Штатаў, маўляў, Польшча замест таго, каб навязваць добрыя ўзаеміны з краінамі Эўрапэйскага Зьвязу, сябруе з Амэрыкай. Гэта было вельмі непрадуманае выказваньне, і яно павінна было сустрэцца з афіцыйнымі й гучнымі пратэстамі польскіх арганізацыяў, якія дзейнічаюць у Францыі й па ўсёй Эўропе. Такі пратэст мог прынесьці болей карысьцяў у вачох грамадзкай думкі Эўропы, чым проста інтэрвэнцыя польскага Міністэрства Замежных Справаў. Такога энэргічнага адказу з боку эміграцыйных польскіх асяродзьдзяў вымагала й апошняе выказваньне старшыні Эўрапэйскай Камісіі Рамана Продзі, які накінуўся на Польшчу за тое, што яна купіла амэрыканскія самалёты F-16, а не эўрапэйскую прадукцыю. Меркаваньнем гэтага палітыка, падтрымка амэрыканскай інтэрвэнцыі ў Іраку з боку дзяржаваў, якія хочуць увайсьці ў Эўрапэйскі Зьвяз, падзяліла Эўропу, а пакупку F-16 Рамана Продзі ўважае за грубую памылку Варшавы. Зразумела, польскія ўлады абвяргалі такія абвінавачваньні, кажучы, што тэндэр на вайсковы самалёт выйграла проста найлепшая з прапановаў, але, відаць, больш эфэктыўна было б зьвярнуцца да грамадзкай думкі Эўропы голасам польскіх грамадзкіх арганізацыяў, каб менавіта яны прадставілі свае аргумэнты.
Напярэдадні рэфэрэндуму, які вырашыць, ці ўступаць Польшчы ў Эўрапэйскі Зьвяз, трэба, такім чынам, падумаць пра блізкае супрацоўніцтва з палянійнымі асяродзьдзямі, можа нават дапамагчы ім на цэнтральным узроўні. Пакуль што, здаецца, гэтыя мільёны палякаў за межамі не ўспрымаюцца польскімі ўладамі ў якасьці патэнцыйнага саюзьніка. А ўспомніць хаця б час перад уступленьнем Польшчы ў NATO. Колькі добрага зрабілі амэрыканскія эмігранцкія асяродзьдзі! Гэта ў вялікай ступені дзякуючы ім амэрыканскі Кангрэс вырашыў прыняць Польшчу. На гэтым Польшча выйграла. Яна ўступіла ў арганізацыю дзяржаваў, якія маюць добрую абарону, дзяржаваў бясьпечных. І роля Палёніі ў гэтым працэсе была вялізнай. Сёньня патрэбная падобная роля палякаў з эўрапэйскіх краінаў датычна ўступленьня Польшчы ў Эўрапэйскі Зьвяз. Трэба, каб Польшчу там прынялі годна й з належнай пашанай.
Аліна Грабоўска