http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=42394
Чаму інвэстары абходзяць Беларусь?
23.09.2006
Беларускія ўлады неднаразова заяўлялі пра тое, што рэспубліка зьяўляецца вельмі прыхільнай для замежных інвэстараў. Беларусь - адзіная краіна на прасторы СНД, якая прыняла адмысловы Інвэстыцыйны кодэкс. Акрамя гэтага, у краіне дзейнічае Кансультацыйная рада па замежных інвэстыцыях, якую ўзначальвае прэм’ер-міністар. Падобныя факты сьведчаць аб тым, што фармальна Беларусь зьяўляецца ледзь не найлепшай краінай для інвэстараў. Але ці так выглядае справа насамрэч?
На працягу ўсяго часу рэфармаваньня эканомікі Беларусь атрымала 3,8 млрд. даляраў замежных інвэстыцыяў, зь якіх 2,3 млрд. складаюць крэдыты. Сума на першы погляд выглядае ўнушальна, аднак у практыцы гэта значае, што інвэстыцыі на душу насельніцтва склалі ўсяго каля 15 даляраў. Замежныя фірмы ня вельмі ахвотна інвэстуюць у Беларусь, паколькі лічаць эканоміку Беларусі непрадказальнай. Да таго ж, у рэспубліцы не адбыліся належныя лібэральныя рэформы, адным з галоўных пунктаў якіх зьяўляецца прыватызацыя.
Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што Беларусь не выкарыстоўвае таго магутнага патэнцыялу, які ёсьць у краіне, а гэта і геаграфічнае становішча, і высокая адукаванасьць насельніцтва. На гэтым тыдні група дацкіх прадпрымальнікаў заявіла аб тым, што жадае пабудаваць у Беларусі сучасны сьвінакомплекс згодна са стандартамі Эўразьвязу. Да канца гэтага году бізнэсоўцы разам зь мясцовымі ўладамі павінны вызначыць месца для будаўніцтва. Злотнікаў непакоіцца, што бюракратычны апарат у Беларусі працуе не на карысьць замежных бізнэсоўцаў. Ён кажа, што для таго, каб прыцягнуць увагу інвэстараў, беларуская ўлада мусіць зьмяніць інвэстыцыйны клімат у краіне, праводзячы сур'ёзныя рэформы ў эканоміцы.
Л. Злотнікаў: Інвэстыцыйны клімат у Беларусі невысокі. У індэксе эканамічнай свабоды наша краіна знаходзіцца на 145 месцы са 165 краінаў сьвету. Зусім нядаўна былі адмененыя ўсе ільготы для замежных інвэстараў. Зараз яны маюць такія ж самыя ўмовы, як і айчынныя прадпрымальнікі. Кіраваньне нашай гаспадаркай вельмі бюракратызаванае. Патрэбная лібэралізацыя эканомікі, неабходная дэбюракратызацыя чыноўнікаў.
На дадзены момант найбольш магутнымі інвэстарамі ў Беларусі зьяўляюцца фірмы „Coca Cola”, „Doubler Star International”, якая працуе супольна з гомельскай кандытарскай фабрыкай „Спартак”, а таксама McDonalds. Ёсьць прыклады, калі пасьпяховыя замежныя фірмы пакідалі Беларусь з-за неспрыяльнай эканамічнай палітыкі ўладаў, або нават пэўных абмежаваньняў з боку ўладаў. Так адбылося, напрыклад, з сусьветнавядомай швэдзкай фірмай мэблі IKEA.
Былы прадпрымальнік Леанід Малахаў гаворыць, што замежныя фірмы баяцца інвэставаць у Беларусь, паколькі ў краіне існуе нестабільнае заканадаўства, якое датычыць замежных інвэстараў.
Л. Малахаў: Замежныя інвэстары маюць ужо вопыт у нашай краіне. На пачатку ўлады не перашкаджалі фірмам працаваць, але калі тыя больш-менш станавіліся на ногі, то штучна ствараліся перашкоды. Вельмі часта інвэстары проста сыходзілі з краіны, паколькі перашкоды маглі ўзьнікнуць у любы час. Асноўнай перашкодай зьяўляецца нестабільнае заканадаўства.
Нагадаем, што ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне Беларусь пакуль мае адзін з найменшых паказчыкаў узроўню інвэстыцыяў. Відавочна, што аднымі дэклярацыямі ўлады ня змогуць заахвоціць укладаць у краіну грошы. Беларусі неабходныя эканамічныя рэформы, і пакуль улады ня прымуць адпаведнага рашэньня, ня варта чакаць, што сусьветныя эканамічныя гіганты пачнуць мадэрнізаваць краіну.
Дзьмітры Гурневіч