http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=42483

Выклікі дзеячаў СПБ у міліцыю

26.09.2006
Праблемы дзеячаў Саюзу палякаў Беларусі працягваюцца. Галоўныя актывісты СПБ выкліканыя ў міліцыю. У панядзелак да дому старшыні непрызнаванага СПБ Анжалікі Борыс прыехала міліцыя, каб завезьці яе на допыт. Аднак спадарыня Борыс цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Выклік у міліцыю таксама атрымаў заснавальнік саюзу Тадэвуш Гавін. Праблемы вярнуліся й да Мечыслава Яськевіча, які паўторна ў аўторак стане перад судом.

Усе выклікі, паводле дзеяча СПБ Анджэя Пачобута, зьвязаныя з напружанай сытуацыяй у польскай школе ў Ваўкавыску. Нагадаю, што дзеці й настаўнікі пратэстуюць супраць рашэньня ўлады, якая не дала ліцэнзіі на працу польскім настаўнікам.

А. Пачобут: Усе дзеяньні ўлады выкліканыя найперш сытуацыяй у Ваўкавыску. Саюз палякаў зьяўляецца ўладальнікам гэтай школы. Але ў сытуацыі, калі ўлада нас не прызнае, ніякіх афіцыйных крокаў мы прыняць ня можам. А ад афіцыйнага саюзу нельга чакаць, што яны пачнуць бараніць правы дзяцей і бацькоў. Улады баяцца, што мы можам наладзіць нейкія несанкцыянаваныя акцыі, будзем падтрымліваць бацькоў. Таму яны імкнуцца, каб кожнага з нас неяк узяць пад кантроль. Усе выклікі пачаліся ад 19 верасьня, калі сытуацыя ў Ваўкавыску выйшла з-пад кантролю. На дадзены момант мы маем сыгналы, што бацькоў запалохваюць. Дзецям кажуць, што ім яшчэ здаваць экзамены. Цяжка сказаць, як сытуацыя будзе разьвівацца, бо гэта дзеці. А яны хочуць, каб у іх была настаўніца з Польшчы.

Мечыслава Яськевіча абвінавацілі ў тым, што падчас урачыстасьцяў, зьвязаных са сьвятам Польскага войска, ён разам з Анджэем Пачобутам перашкаджалі працаваць апэратару. Суд прызнаў яго невіноўным, але месяц пазьней памяняў сваё рашэньне. Дзеячы СПБ лічаць, што гэта адзіная прычына, каб зьняволіць Яськевіча за яго актыўны ўдзел у канфлікце ў Ваўкавыску.

А. Пачобут: Мечыслаў Яськевіч езьдзіў у Ваўкавыск і сустракаўся з бацькамі. Справа ў тым, што ён доўгі час быў кіраўніком бацькоўскага камітэту ў польскай школе ў Горадні. Ён добра арыентуецца ў пытаньнях сувязі зь дзяржаўнымі аддзеламі па адукацыі, таму менавіта ён быў накіраваны, каб наладзіць сувязь зь дзяцьмі й з бацькамі. Калі пачалася актыўнасьць у накірунку ўсталяваньня кантактаў з бацькамі, было адменена рашэньне папярэдняга суду.

Заснавальнік Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін падчас тэлефоннай размовы рабіў уражаньне вельмі стомленага.

Т. Гавін: Я ня ведаю, чаму мяне выклікаюць у міліцыю, у пятніцу пайду й тады пабачым. Але гэта справа, да якой я ўжо прызвычаіўся.

Анджэй Пачобут кажа, што выклік Анжалікі Борыс хутчэй за ўсё таксама зьвязаны з праблемамі ў Ваўкавыску, а ня з выяздам Борыс у Польшчу. Паводле Пачобута, апошнія разы непрызнаваная ўладамі РБ старшыня СПБ ня мела ніякіх клопатаў у перасячэньні беларуска-польскай мяжы.

Беларускія праваабаронцы сытуацыю, у якой апынуўся Саюз палякаў Беларусі, ацэньваюць як чарговую хвалю перасьледу ня толькі канкрэтных дзеячаў, але й цэлай польскай нацыянальнай меншасьці.

В. Стэфановіч: Мы гэта ацэньваем як чарговае абвастрэньне сытуацыі вакол Саюзу палякаў і ў прынцыпе ўвогуле польскай меншасьці. Бо тое, што ў школу не дапусьцілі польскіх настаўнікаў, што дзеці абвесьцілі пратэст і ня хочуць хадзіць на заняткі, што ў Горадні выклікаюць дзеячаў СПБ у міліцыю, аказваюць ціск - гэта сьведчыць пра чарговыя акты перасьледу прадстаўнікоў польскай меншасьці ў Беларусі.

Анджэй Пачобут дадаў, што дзеячы СПБ ужо згубілі лік усім выклікам у міліцыю.

Алена Пытэль