http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=42553
А. Мілінкевіч сустракаецца з жыхарамі Менску
27.09.2006
Аляксандр Мілінкевіч правёў у Менску першую зь дзесяці заплянаваных сустрэч з актывістамі кампаніі “За свабоду”. 26 верасьня адбылася працоўная нарада з жыхарамі Савецкага раёну Менска.
Цягам сустрэчы былі вызначаныя накірункі супрацоўніцтва ў межах кампаніі “За свабоду” падчас мясцовых выбараў і абмеркаваныя супольныя дзеяньні актывістаў кампаніі ў Савецкім раёне сталіцы.
Як сказаў нашай радыёстанцыі сакратар А.Мілінкевіча Павал Мажэйка, дэмакратычныя сілы павінны прыцягнуць да працы маладых людзей, каб яны ня страцілі даверу да апазыцыі.
П.Мажэйка: Аб пачатку кампаніі "За свабоду" А.Мілінкевіч заявіў яшчэ пасьля сакавіцкіх ды красавіцкіх падзеяў. І тады ж праводзіліся запісы жадаючых удзельнічаць у гэтым руху. Цяпер, на наш погляд, ужо такі час, калі недастаткова з моладзьдзю размаўляць толькі лёзунгамі ці заклікамі да пераменаў у краіне. У выніку кааліцыйных разборак, якія сталі рэзультатам амбіцыяў некаторых палітыкаў, мы апынуліся на той мяжы, калі маглі страціць давер моладзі. Маладыя людзі павінны адчуваць плячо сваіх старэйшых калег, якія здаўна ўжо ў апазыцыі, але ім патрэбныя рэальныя дзеяньні.
Далейшая бязьдзейнасьць аб'яднаных дэмакратычных сілаў магла прывесьці да канчатковай страты імпэту моладзі. А канкрэтныя дзеяньні магчымыя падчас палітычнай кампаніі перад мясцовымі выбарамі. Гэта распаўсюджваньне інфармацыі, правядзеньне сустрэч-мітынгаў, данясеньне да людзей у Беларусі агульнанацыянальнага мэсіджу. Гэтая актыўнасьць павінна згуртаваць моладзь.
РЭД. Вы пачалі сустрэчы ў Менску, дзе жыхары й так маюць большыя магчымасьці атрымаць інфармацыю, чым у правінцыі. Ці ёсьць у вас пляны на рэгіянальныя спатканьні з выбаршчыкамі?
П.Мажэйка: Так, гэта ёсьць у плянах. Натуральна, што быць апазыцыянэрам у сталіцы крыху лягчэй, чым на правінцыі, дзе чалавек застаецца сам-насам зь мясцовай уладай. Дарэчы, практычна ўсюды ў Менскай вобласьці нам адмоўлена ў гэтых сустрэчах, але мы й так іх будзем праводзіць. Зразумела, ня ў выглядзе афіцыйных сустрэчаў, а ў іншым фармаце. Першая зь іх адбылася ўжо ў пятніцу - з актывістамі ў Маладэчне.
Толькі цягам апошніх некалькіх месяцаў у Менску валянтэрамі кампаніі “За свабоду” сталі больш за 500 чалавек.
Нарады з актывістамі кампаніі “За свабоду” - прадстаўнікамі ўсіх раёнаў сталіцы будуць адбывацца штодня цягам бліжэйшага часу.
Натальля Грышкевіч