http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=42593

"Урокі беларускай мовы"

28.09.2006
У кастрычніку павінен адбыцца прэм'ерны паказ у Польшчы дакумэнтальнага фільму польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага "Урокі беларускай мовы. Моладзь супраць Лукашэнкі".

Асновай стужкі стаў аповед пра жыцьцё вучняў закрытага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Я.Коласа, між іншым, іх удзел у сакавіцкіх падзеях бягучага году - выбарах прэзыдэнта й пасьлявыбарчых пратэстаў.

Міраслаў Дэмбіньскі кажа, што ён абраў героямі стужкі прадстаўнікоў маладога пакаленьня, паколькі ад іх залежыць лёс краіны.

М.Дэмбіньскі: Моладзь - гэта той фактар, які можа нешта зьмяніць у Беларусі, паколькі старэйшае пакаленьне баіцца зьменаў. Я выбраў групу вучняў лецэю імя Якуба Коласа, які ўжо некалькі гадоў дзейнічае ў падпольлі. Гэта інтэлігентныя людзі, які маюць крытычны погляд на рэчаіснасьць, на беларускае жыцьцё. Я працаваў над фільмам паўтара году, а сёлетнія падзеі - выбары прэзыдэнта й пратэсты зь імі зьвязаныя, сталі кульмінацыйным момантам аповеду. Фільм, зразумела, прадстаўляе мой суб'ектыўны пункт погляду на Беларусь, але я думаю, што гэта важна, каб паказаць беларусам, як іх бачаць звонку. Я думаю, што фільм будзе цікавы як для беларусаў, якія бралі ўдзель у сёлетніх падзеях, так і для людзей з Захаду.

Рэжысэр сканцэнтраваў сваю ўвагу на адным героі - выпускніку ліцэю Франку Вячорку. На ягоную думку, дзякуючы галоўнаму герою, сувязь гледача зь фільмам будзе больш глыбокая.

Сам Франак мяркуе, што ў фільме распавядаецца пра ўнівэрсальныя каштоўнасьці, важныя для ўсіх людзей, ня толькі беларусаў.

Ф. Вячорка: Фільм цікавы ня толькі для беларускага гледача, альбо ўдзельніка сакавіцкіх падзеяў. Ён цікавы для ўсіх людзей, паколькі ўнівэрсальна падае матэрыял. Гаворка ідзе ня проста пра асабістае жыцьцё й канкрэтны выпадак выбараў у Беларусі, а ідзе пра змаганьне за свабоду - паняцьце, якое блізкае любому грамадзяніну любой краіны ў сьвеце. Праз прызму майго жыцьця і ўдзелу ў выбарах фільм паказвае кантрасты паміж нашымі ідэаламі, нашымі каштоўнасьцямі й нашымі мэтамі. «Нашымі» - гэта беларускае моладзі, а «іхнымі» - гэта Лукашэнкі й яго чыноўнікаў. Мы - шчырыя, рамантычныя, прагныя нешта зрабіць і нешта зьмяніць, нашыя ідэалы - свабодная Беларусь. А яны - вельмі жорсткія, часам брутальныя, вельмі цынічныя й самадастатковыя. Гэты фільм раскрывае кантраст паміж пакаленьнямі - пакаленьне старое, савецкае й новае, маладое, эўрапейскае. Тут узьнята не адна тэма, а сотні тэмаў. Гэта змаганьне й сутыкненьне эпохаў.

Фільм зьняты ў некалькіх моўных вэрсіях. Апроч беларускага ды польскага варыянту, стужка мае ангельскі, францускі ды нямецкі адпаведнікі. Франак Вячорка мяркуе, што заходняму гледачу ёсьць чаму павучыцца ў беларусаў.

Ф.Вячорка: Фільм перш за ўсё зроблены замежнікам, таму ён ніяк ня можа быць абсалютна беларускім у сваёй сутнасьці. Гэты фільм прадстаўляе позірк на беларускае жыцьцё, на канфлікт, пра які я казаў, вачыма замежнага рэжысэра. Стужка дасягае дзьвюх мэтаў: першая - беларусам паглядзець на сябе вачыма заходняга чалавека, а другая - паказаць замежніку Беларусь, якая яна знутры. Я думаю, што гэты фільм будзе цікавы перш за ўсё тым краінам, якія перажылі таталітарны, аўтарытарны рэжым - бальшавізм, Савецкі Саюз. Будзе ён таксама карысны для маладых гледачоў заходніх краінаў Эўрапейскага Зьвязу, якія ня ведаюць, што такое прыгнёт, адсутнасьць свабоды слова й свабоды думкі. Няхай яны вучацца баяцца страціць свабоду й вучацца бараніць сваю дэмакратыю.

Рэжысэр Міраслаў Дэмбіньскі сказаў, што ён мае ўжо дамовы на паказ стужкі на тэлеканалах Польшчы, Летувы, Латвіі, Эстоніі й Харватыі. Вядуцца перамовы з дыстрыбутарамі фільмаў, якія працуюць на сусьветных кінафэстывалях.

Натальля Грышкевіч