http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=42745
Далейшая дзейнасьць СПБ
02.10.2006
На мінулым тыдні дзеячаў непрызнаванага Саюзу палякаў Беларусі выклікалі ў міліцыю, а судовая справа Мечыслава Яськевіча была адноўлена. Нагадаем, што Мечыслава Яськевіча абвінавацілі ў тым, што ён перашкаджаў працаваць апэратарам Гарадзенскай тэлевізіі. Суд прызнаў Яськевіча невінаватым, але месяц пазьней памяняў сваё рашэньне. Паўторны суд быў вызначаны на 26 верасьня, аднак паседжаньне перанесена на 4 лістапада. Мечыслаў Яськевіч склаў просьбу, каб на судзе яшчэ раз выступілі сьведкі абароны.
Анджэй Пачобут кажа, што ўтрымоўваньне Яськевіча цягам 4 дзён у сьледчым ізаляты было незаконным. Аднак каб ня ўскласьці адказнасьці на прадстаўнікоў улады, было вырашана адмяніць рашэньне суду й яшчэ раз пачаць судовы працэс.
А. Пачобут: Мечыслаў Яськевіч зьвярнуўся ў суд з патрабаваньнем, каб былі дапытаны сьведкі, дзякуючы якім яго прызналі невінаватым. Суд быў вымушаны перанесьці разгляд справы на 4 лістапада. Акрамя двух сьведкаў абвінавачаньня - журналістаў Гарадзенскай тэлевізіі - сьведкамі будуць міліцыянт і студэнт юрыдычнага факультэту, якіх знайшла міліцыя. Міліцыянт, нібыта, назіраў за цэлай сытуацыяй зь інтэрнату, які знаходзіцца ў адлегласьці 40-50 мэтраў ад месца здарэньня, а студэнт, нібыта, недалёка праходзіў. Журналісты тэлевізіі напісалі ў пракуратуру, што на іх аказваўся псыхалягічны ціск, таму іх паказаньні адрозьніваюцца. Нагадаю, што першы раз яны казалі, што Яськевіч перашкаджаў ім працаваць, але на судзе яны адмовіліся ад сваіх словаў. Аказалася, што на іх ціснулі, і цяпер яны гатовыя даць аб'ектыўныя паказаньні.
У міліцыю была выклікана непрызнаваная беларускімі ўладамі старшыня СПБ Анжаліка Борыс, якая адмовілася даваць паказаньні. 29 верасьня на допыце ў міліцыі быў таксама заснавальнік Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін.
А. Пачобут: Тадэвуш Гавін быў у міліцыі, але адмовіўся даваць паказаньні, каб яны не былі выкарыстаныя супраць яго ж. Гавіну задавалі пытаньні, зьвязаныя зь лістом Камітэту па справах рэлігій і нацыянальных меншасьцяў, які не задавальняе існаваньне нашага Саюзу, выданьне часопіса "Magazyn Polski" й газэты "Głos z-nad Niemna". Таму Камітэт зьвярнуўся ў міліцыю з просьбаю правесьці праверку. Па сутнасьці, нашая пазыцыя салідарная, а мы ўсе адмаўляемся даваць паказаньні.
На мінулым тыдні абмяркоўваліся справы ня толькі дзеячаў СПБ, але й сытуацыя ў польскай школе ў Ваўкавыску, у якую не дазволілі прыехаць польскім настаўнікам. Дзеці й іх бацькі пачалі пратэст супраць такога рашэньня. Анджэй Пачобут лічыць, што гэта вынік антыпольскай палітыкі Гарадзенскіх уладаў, якая датычыць ня толькі дзеячаў Саюзу палякаў Беларусі.
А. Пачобут: Школа застанецца без польскіх настаўнікаў. Уладам удалося запужаць бацькоў. Але, здаецца, тут ёсьць больш шырокі кантэкст. Гарадзенскія ўлады пачалі антыпольскую кампанію, бо выдаляюцца польскія ксяндзы й сёстры.
Анджэй Пачобут лічыць, што выклікі дзеячаў СПБ былі зьвязаныя з праблемамі ў школе ў Ваўкавыску. Такім чынам улады спрабавалі ліквідаваць спробы падтрымкі дзяцей і бацькоў польскімі актывістамі.
Алена Пытэль