http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=42749
A.Мілінкевіч зьяўляецца лідэрам дэмсілаў Беларусі?
02.10.2006
Беларускія сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што Аляксандар Мілінкевіч намерваецца адмовіцца ад паўнамоцтваў лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў і кіраваць рухам „За свабоду”.
Прэс-служба экс-кандыдата ў прэзыдэнты абвяргае гэтую інфармацыю.
П. Мажэйка: Гэта няпраўда, мы цалкам абвяргаем гэтую інфармацыю. Мы ня ведаем, хто за ёю стаіць. Аляксанадар Мілінкевіч ёсьць і застаецца лідэрам аб'яднаных дэмакратычных сілаў і старшынём Палітычнай рады. Гэта права надаў яму кангрэс, які абраў яго лідэрам і старшынём Палітычнай рады. Таму Мілінкевіч лічыць сваім маральным абавязкам працягваць працу, узмацняць структуры дэмакратычных сілаў і спрыяць выкананьню пастаўленых Кангрэсам мэтаў.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што справа лідэрства дэмсілаў мае два бакі – юрыдычны й фактычны.
А. Лябедзька: Што датычыць лідэрства, то паслявыбарчая кампанія мне нагадвае велагонку. Мілінкевіч – на перадзе, крыху далей за ім -Казулін, яшчэ далей цярушаць людзі з рознымі амбіцыямі. У іх ёсьць пэўныя прэфэрэнцыі, на іх працавалі тысячы людзей. Яны маюць шанец стаць сапраўднымі лідэрамі. Лідэрства трэба даказваць штодзённымі дзеяньнямі, здольнасьцю аб'ядноўваць вакол сябе розныя палітычныя суб'екты. А лідэрства вырашаецца шэраговымі людзьмі. Калі яны лічаць кагосьці лідэрам, то так і ёсьць. У Мілінкевіча ёсьць шанец, каб быць добрым лідэрам, але час пасьля выбараў сьведчыць, што гэтыя прэфэрэнцыі не пераўтварыліся ў практыцы.
Намесьнік старшыні Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч лічыць, што такі сцэнар мог бы адмоўна паўплываць на вобраз беларускай апазыцыі на Захадзе.
Я. Анышкевіч: Я думаю, што такая сытуацыя вельмі адмоўна паўплывала б на вобраз дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Па-першае, гэта пакажа, што беларуская апазыцыя не такая моцная й задзіночаная, як бы нам хацелася яе бачыць, а гэта неабходна для барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі. Па-другое, Аляксандар Мілінкевіч ужо заваяваў сабе значную пазыцыю ў цэлай Эўропе - ён зьяўляецца найбольш вядомым палітыкам Беларусі. Калі на Захадзе гаворыцца пра беларускую апазыцыю, найперш на думку прыходзіць асоба Мілінкевіча. Яго адыход будзе азначаць, што цэламу Захаду трэба прадставіць новую асобу, што значна цяжэй зрабіць. Таму шкада, калі сапраўды так станецца.
Эўрадэпутат Барбара Кудрыцка лічыць Аляксандра Мілінкевіча годным лідэрам апазыцыі ў Беларусі, якога паважаюць ва ўсёй Эўропе.
Б. Кудрыцка: Гэта найгоршае, што магло б сустрэць беларускую апазыцыю. Таму я цешуся, што гэта толькі чуткі. Найперш таму, што Мілінкевіч здольны задзіночыць многія палітычныя сілы й спалучаць розныя палітычныя праграмы, здольны да барацьбы за сувэрэнітэт і пашану правоў чалавека ў Беларусі. З другога боку, гэта праэўрапейскі палітык. Зьвязаўскія ўстановы яго дасканала ведаюць і шануюць. Нездарма ён зьяўляецца кандыдатам да ўзнагароды імя Сахарава. Такім чынам, адначасова Мілінкевіч аб’ядноўвае апазыцыю й імкнецца ў Эўропу. Я лічу, што гэта паспрыяла б разьвіцьцю Беларусі, у тым ліку й эканамічнаму.
Для Захаду А. Мілінкевіч сапраўды зьяўляецца лідэрам дэмакратычных сілаў, аднак у Беларусі меркаваньні на тэму яго лідэрства падзеленыя.
Алена Пытэль