http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43099

МУС зоймецца беспрацоўнымі

10.10.2006
Сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне эканомікі атрымаў славуты амэрыканскі эканаміст Эдмунд Фэльпс. Вялікую частку сваёй навуковай працы Фэльпс прысьвяціў выясьненьню зьявы доўгатэрміновага беспрацоўя й таго, як гэта ўплывае на нацыянальную эканоміку. Эдмунд Фэльпс нэгатыўна ставіўся да магчымасьці стымуляцыі працаўладкаваньня пры дапамозе палітыкі паўінфляцыі.

Ён даказаў, што пры зьніжэньні інфляцыі ўзровень працаўладкаваньня значна ўзрастае.
Да такіх высноваў прыйшоў сёлетні ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне эканомікі.

Тым часам у Беларусі Міністэрства ўнутраных справаў намераваецца правесьці маніторынг працоўнай занятасьці насельніцтва рэспублікі й на падставе вынікаў падрыхтаваць адпаведную прапанову для заканадаўчых ворганаў, каб навесьці гэтак званы парадак у гэтай сфэры. Пра гэта ў панядзелак ў нацыянальным прэс–цэнтры паведаміў першы намесьнік старшыні Дэпартамэнту па справах грамадзянства й міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Ён паведаміў, што, паводле афіцыйных дадзеных , на сёньняшні дзень каля 1 мільёна грамадзянаў Беларусі не займаецца легальнаю працоўнаю дзейнасьцю. Да іх шэрагу належаць тыя, хто займаецца хатняю гаспадаркай, стаіць на ўліку ў працоўнай біржы, тымчасова шукае працы, а таксама тыя, хто працуе нелегальна, у тым ліку й за мяжой.

На сёньняшні дзень у Беларусі назіраюцца дзьве формы беспрацоўя: афіцыйнае й скрытае - кажа эканаміст Барыс Жаліба. Афіцыйнае беспрацоўе складае менш за тры адсоткі, а статысычных дадзеных адносна скрытага яшчэ ніхто не падлічыў - зазначае Б.Жаліба.

Паводле дзяржаўных статыстыкаў, толькі ў Расейскай Фэдэрацыі нелегальнай працай займаецца каля 300 тысяч беларусаў. Афіцыйную рэгістрацыю ў Расеі прайшлі толькі 3-4 тысячы беларусаў, у іншых дзяржавах каля 7 тысяч. Грамадзяне, якія займаюцца нелегальнай дзейнасьцю, не паведамляюць пра крыніцы сваіх даходаў, ня плацяць падаткаў у бюджэт дзяржавы й пэнсійны фонд. Аднак жа карыстаюцца некаторымі ільготамі й сацыяльнымі гарантыямі.

Аляксей Бягун зазначыў, што Міністэрства ўнутраных справаў намераваецца навесьці парадак як у сфэры працоўнай занятасьці, так і ў міграцыйнай палітыцы. Што тычыцца супрацоўніцтва з расейскім бокам, Беларусь намерваецца зрабіць канкрэтныя крокі, каб дапамагчы сваім грамадзянам легалізаваць сваю працоўную дзейнасьць, а таксама стварыць магчымасьць цывілізаванага падаткаабкладаньня.

Караліна Русіновіч