http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43101

Адвакатам А. Казуліна цікавяцца мытныя службы

10.10.2006
Праваабаронца Алег Воўчак, які зьяўляецца кірўніком юрыдычнай службы Аляксандра Казуліна, адмовіўся ехаць на допыт у Гарадзенскую рэгіянальную мытню. На днях ён атрымаў павестку, у якой зазначалася, што ён павінен прыбыць на допыт у мытную службу, інакш будзе дастаўлены пад прымусам.

Справа пачалася 2 верасьня, калі ён ехаў па запрашэньню беларускай дыяспары Нямеччыны й Галяндыі распавесьці пра сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і пазнаёміць са справай Аляксандра Казуліна.

А. Воўчак : Пры перасячэньні беларуска-польскай мяжы працаўнікі памежнай службы адсунулі мяне на бок. Прыбеглі кіраўнік зьмены мытнай службы й кіраўнік памежнай аховы з аўчаркаю ды ўзялі на прагляд мае рэчы. Падчас вобыску іх зацікавілі кнігі "Хроніка дзяржаўнай подласьці" пра зьнікненьне Юрыя Захаранкі й "Прэзыдэнцкія выбары". Гэтыя кніжкі ў мяне канфіскавалі, але не патлумачылі, на якой падставе. Сказалі, што атрымалі загад зьверху забраць усю літаратуру. Да мінулай пятніцы мяне ніхто не турбаваў. У пятніцу атрымаў павестку з аддзелу па барацьбе з кантрабандай Гарадзенскай мытні. Мяне выклікалі ў Горадню даць нейкія паказаньні. Якія паказаньні, наконт чаго і ў якасьці каго мяне выклікаюць - там не напісана. Я туды не паехаў. Бо калі мяне запрашаюць ці выклікаюць, то павінны выразна напісаць навошта, і якое маё становішча ў дадзеным выпадку: ці я зьяўлюся абвінавачаным, падазроным ці сьведкам па нейкай справе. Калі мяне выклікаюць у якасьці сьведкі, то трэба было ў Менскую рэгіянальную мытню даслаць адмысловы дакумэнт. Мяне б туды выклікалі й ня трэба было б рабіць краяведчых падарожжаў зь Менску ў Горадню й марнаваць асабістыя грошы на праезд ды харчавньне. Вось я й не паехаў, бо павестка не была аформлена так, як трэба.

Яшчэ пакуль не было водгуку з боку Гарадзенскай мытні?

А. Воўчак : Пакуль яшчэ не. Яны ж напэўна спадзяваліся майго візыту на дзясятую гадзіну раніцай. Несумненна, яшчэ скантактуюцца. Іх нешта ж цікавіць. Магчыма, мяркуюць, што калі я часта выяжджаю за мяжу, то займаюся нейкім бізнэсам, а можа нейкія каштоўныя рэчы перавожу. Але мне здаеца, што справа датычыць канфіскаваных кніжак.

У сувязі з тым , што Вы там не паявіліся, адносна Вас могуць прымяніць нейкія санкцыі?

А. Воўчак : Яны мне напісалі, што ў выніку парушэньне я буду дастаўлены пад прымусам. Я лічу, што гэта надта моцка сказана. Таму што даставіць пад прымусам могуць толькі сьведкаў у крымінальнай справе. Такая норма існуе. Але калі гаворка ідзе пра канфіскацыю друкаваных матэрыялаў, то яны ня маюць права пісаць такую матывацыю. У найгоршым выпадку па мяне прыедзе міліцыя, завязуць мяне ў Горадню, спадзяюся, што й пакормяць. А пасьля я выстаўлю зыск асобе, якая парушыла мае асабістыя правы, і ён палову жыцьця будзе мне плаціць. А гэта юрыст, прычым былы сьледчы, і павінен ведаць законы. Так што няхай шукае адпаведныя формы, як трэба зьвяртацца да людзей. Тым больш, нумар майго тэлефону пададзены ў пратаколе канфіскацыі. Можна было па-чалавечы патэлефанаваць і паведаміць. А не дасылаць павесткі, запоўненыя неадпаведным спосабам, ды яшчэ пагражаць прымусам.

Спадар Воўчак паведаміў, што калі яшчэ раз атрымае такую павестку, то зьвернецца ў пракуратуру.

Караліна Русіновіч