http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43195
Неўзабаве выбары
12.10.2006
Сёньня цэнтральная выбарчая камісія зацьвердзіла шэраг пастановаў адносна правядзеньня выбараў у мясцовыя саветы.
Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына прыгадала, што, згодна з апошнім загадам прэзыдэнта № 607 з 10 кастрычніка бягучага году, мясцовыя выбары назначаныя на 14 студзеня 2007 году. Сярод першачарговых дакумэнтаў, зацьверджаных вабарчай камісіяй, ёсьць каляндарны плян выбарчай кампаніі, а таксама пастанова адносна акрэдытацыі й дзейнасьці назіральнікаў ды працы СМІ.
Тым часам лідэры буйнейшых апазыцыйных партыяў і незарэгістраваных дэмакратычных структураў дамовіліся ў справе каардынацыі дзейнасьці падчас агітацыйнай кампаніі ды падчас выбараў у мясцовыя саветы. Гэта вынік палітычных кансультацыяў, якія адбыліся ў аўторак у Менску. Удзельнічалі ў іх прадстаўнікі дзесяці палітычных суб`ектаў, між іншым, БНФ, АГП, сацыял-дэмакратычнай групоўкі ” Грамада” ды шэрагу іншых структураў.
Лідэры апазыцыі прыйшлі да высновы, што мясцовыя выбары не зьяўляюцца выбарчай кампаніяй у яе традыцыйным разуменьні.
Для дэмакратычных сілаў фармаваньне мясцовых дэпутацкіх саветаў будзе магчымасьцю правядзеньня асабістай палітычнай кампаніі, галоўнай мэтай якой будзе ўтрыманьне моцнай камунікацыі з насельніцтвам, – інфармуе страшыня АГП Анатоль Лябедзька.
А. Лябедзька: Трэба выбіраць тыя мэханізмы й тыя інструмэнту, якія пакідаюць хоць нейкую мажлівасьць працы з насельніцтвам. Мы галасуем за тое, каб падчас гэтай палітычнай кампаніі ў мясцовыя саветы выставіць да тысячы кандыдатаў, якія зьбяруць за сваё вылучэньне ня менш, чым 300 тысяч подпісаў. Для таго, каб сабраць гэтыя подпісы, трэба ісьці ў мільёны кватэр і перадаць людзям тое палітычнае пасланьне, якое будзе падрыхтавана аб`яднанымі дэмакратычнымі сіламі.
Акрамя таго, падчас палітычных кансультацыяў прадстаўнікі дэмапазыцыі вырашылі каардынаваць дзеяньні пры арганізацыі агітацыйнай кампаніі па пытаньнях назіраньня за выбарамі, стварэньня юрыдычнай дапамогі кандыдатам у дэпутаты, а таксама дапамогу рэпрэсаваным.
Адсочваць сытуацыю правапарушэньня падчас выбараў будзе запрапанавана праваабарончым аб`яднаньням, якія займаліся гэтым падчас сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў. Акрамя таго, лідэры партыяў рэкамэндавалі сваім рэгіянальным аб`яднаньням прыняць актыўны ўдзел у фармаваньні выбарчых камісіяў. Аднак колькі канкрэтна прадстаўнікоў будзе высунута ў іх склад, будзе вырашацца на ўзроўні рэгіянальных перадвыбарчых кааліцыяў.
Караліна Русіновіч