http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43243

Журналіст жыве па-рознаму

13.10.2006
Палата ангельскіх лёрдаў забараніла перасьлед журналістаў за выказваньне сваіх меркаваньняў. Публікацыі, якія прадстаўляюць грамадзкі інтарэс, не павінны падлягаць нават пад рубрыку аб паклёпе ў заканадаўстве. Да такой высновы прыйшла Палата лёрдаў, якая ў Вялікабрытаніі зьяўляецца вышэйшаю судоваю інстанцыяй.

СМІ ня могуць быць пакараныя нават у тым выпадку, калі ісьцец давядзе, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці.

Пра такі падыход беларускія журналісты могуць толькі памарыць.Тым больш, што ў дачыненьні да некаторых прымянялася фізычная сіла з боку праваахоўных ворганаў.

Напрыклад, у Бабруйску 31 жніўня падчас акцыі пратэсту дэпутата мясцовага гарсавету Аляксандра Чыгіра, якую ён ладзіў на цэнтральнай плошчы горада, было затрымана больш за 10 журналістаў, сярод іх прадстаўнікі замежных СМІ. Пра гэта паведамляе газэта „Наша Ніва”. Журналісты мелі пры сабе журналісцкія пасьведчаньні, іншыя дакумэнты, пацьвярджаючыя асобу, не прымалі ўдзелу ў акцыі, а выконвалі свае прафэсійныя абавязкі. Тым ня менш, яны былі затрыманыя на падставе высвятленьня асобы, да некаторых з журналістаў прымянялася фізычная сіла. У міліцыі журналістаў пратрымалі каля трох гадзін.

У чацьвер 12 кастрычніка «Беларуская асацыяцыя журналістаў» зьвярнулася да пракурора Ленінскага раёну Бабруйска Віктара Гаўрыкава з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі, якія парушылі правы журналістаў і беларускае заканадаўства аб СМІ.

Пачалося рассьледаваньне, але, што цікава, яго праводзіць той жа сам аддзел міліцыі, працаўнікі якога займаліся затрыманьнем журналістаў.

Паводле юрыста Гары Паганяйлы, гэтая справа не павінна выглядаць такім чынам.

Г.Паганяйла: Маючы на ўвазе тое, што ў парушэньні заканадаўства абвінавачваюцца працаўнікі міліцыі, пракуратура сама павінна разглядаць гэтую справу, а не перадаваць міліцыі. Гэта справа для сьледчых з пракуратуры, тым больш, што
міліцыянеры ня могуць займацца справай адносна саміх сябе. Мне здаецца, што ў дадзеным выпадку пракуратура павінна асабіста высьвятляць справу адносна працаўнікоў міліцыі.

Г.Паганяйла кажа, што дапамогі можна шукаць у абласной пракуратуры.

Г.Паганяйла:Пакрыўджаныя журналісты маюць права зьвярнуцца ў Магілёўскую абласную пракуратуру й апісаць дадзеныя парушэньні. Яны могуць зьвярнуцца з просьбай, каб гэтую справу ўзяла пад разгляд абласная пракуратура, калі гэта можа паўплываць на аб`ектыўнасьць вынікаў сьледзтва. Дарэчы, існуе такая забарона, што канкрэтныя справы й
скаргі ня можа разглядаць асоба ці ўстанова, у дачыненьне якой існуе падазрэньне, што менавіта яна зьяўляецца віноўнікам. Ніякі абвінавачаны ня будзе весьці супраць сябе нармальнага сьледзтва згодна з заканадаўствам. У дадзеным выпадку пракурор не павінен кіраваць справы супраць міліцыянераў на разгляд у той аддзел, дзе
гэтыя міліцыянеры працуюць.

Нагадаем, сёлета 31 жніўня журналісты беларускіх і замежных СМІ былі затрыманыя міліцыяй пры выкананьні сваіх прафэсійных абавязкаў – асьвятленьні акцыі пратэсту на плошчы Леніна горада Бабруйска. У той дзень дэпутат гарадзкога савету, настаўнік гісторыі Аляксандар Чыгір прыкаваў сябе ланцугом да апоры ліхтара ў знак пратэсту супраць звальненьня яго з працы за грамадзкую дзейнасць.