http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43404

Івонка Сурвілла й Вячка Станкевіч у Варшаве

17.10.2006
Гэтымі днямі зь візытам у Варшаву завітала прэзыдэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла, а таксама вядомы дзеяч беларускай эміграцыі, шматгадовы дырэктар Радыё Свабода Вячка Станкевіч. Госьці наведалі таксама й сядзібу Беларускай службы Радыё Палёнія, дзе сустрэліся з журналістамі рэдакцыі. Прапануем вашай увазе інтэрвію спн. Сурвіллы ды сп. Станкевіча пра дзейнасьць беларускага ўраду ў выгнаньні.

Свой пачатак Рада БНР бярэ з 25 сакавіка 1918 году, калі ў Менску было абвешчана пра стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасьля таго, як Беларусь акупавала бальшавіцкая Расея, беларускі ўрад эміграваў сьпярша ў Каўнас, а пазьней у чэскую Прагу. Усе гэтыя гады ўрад БНР дзейнічаў у выгнаньні, прадстаўляючы сувэрэнныя правы беларускага народу. Ад 1997 году прэзыдэнтам БНР зьяўляецца спн. Івонка Сурвілла.

Шмат хто папракае Раду БНР, што гэтая ўстанова зьяўляецца выключна сымбалічным ворганам, які прадстаўляе Беларусь. Аднак вашыя шматлікія візыты да першых асобаў у розных дзяржавах сьвету сьведчаць пра іншае. Раскажыце, калі ласка, якім чынам Рада БНР працуе на карысьць Беларусі?

І. Сурвілла: Я думаю, што сымбалем мы ніколі не былі, бо заўсёды трэба было нешта рабіць дзеля сытуацыі ў Беларусі. А асабліва ў тыя гады, калі беларускі народ ня меў права на слова, яго ніхто ня чуў. У той час мы лічылі сябе голасам беларускага народу й рабілі ўсё магчымае, чаго ён сам ня мог рабць. Мы стараліся, каб Беларусь не была згубленая на мапе сьвету. Першыя гады пасьля незалежнасьці мы думалі пра тое, каб
перадаць мандат БНР новаму беларускаму ўраду. Але ў 1994 годзе мы зразумелі, што гэта так ня ёсьць. З таго моманту мы ізноў сталіся абаронцам беларускай незалежнасьці.

Вы якраз вяртаецеся з паездкі ў балтыйскія краіны, дзе Вы сустракаліся з міністрамі замежных справаў Ліетувы, Латвіі ды Эстоніі. Як вы думаеце, ці яны насамрэч разумеюць беларускую сытуацыю, ці гэта жаданьне дапамагчы, але да канца ня ясна, якім чынам?

І. Сурвілла: Калі яшчэ некалькі год таму гаварылася пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі й пра жаданьне гэтых краінаў супрацьстаяць гэтаму, то зараз яны кажуць, што Беларусь сталася іхным прыярытэтам. Яны разумеюць пагрозу Беларусі з боку суседзяў, пагрозу зьнішчэньня беларускай культуры й людзкіх правоў.

Пытаньне да сп. Станкевіча, які ў Радзе БНР выконвае функцыі сакратара ўнутраных справаў. Сп. Вячка, як выглядае адміністратыўная арганізацыі Рады, у якіх краінах прадстаўлены інтарэсы БНР і якія іх асноўныя функцыі?

В. Станкевіч: Рада складаецца з 80 радных. Гэтыя радныя працуюць у краінах Паўночнай Амэрыкі: ЗША й Канадзе, у Эўропе: у Вялікабрытаніі, Францыі, Бэльгіі, Галяндыі, Нямеччыне, Польшчы, у балтыйскіх краінах, Чэхіі, а таксама ў Аўстраліі. У краінах, дзе беларуская дыяспара досыць вялікая, ствараецца сэктар, і ў супрацоўніцтве зь беларускімі арганізацыямі яны там прадстаўляюць беларускія інтарэсы. У Вашынгтоне мы маем сталыя кантакты зь Дзярждэпартамэнтам, кантакты з арганізацыямі, якія дапамагаюць НДА ў Беларусі, з кангрэсмэнамі й сэнатарамі. Вельмі важна, каб гэтае зацікаўленьне Беларусьсю, якое зараз назіраецца, ня сталася кароткачасовым. Нашая задача й заключаецца ў распаўсюджваньне зьвестак пра Беларусь.

А за якія сродкі існуе вашая структура? Бо для дзейнасьці такога воргану патрэбныя грошы?

В. Станкевіч: Рада дзейнічае цалкам незалежна. Яна ня мае й ня хоча мець магчымасьцяў атрымоўваць нейкія сродкі ад іншых дзяржаваў, бо тым самым ствараецца залежнасьць. Мы працуем вельмі ашчадна, ня маем платных супрацоўнікаў, хаця, магчыма, гэта хутка зьменіцца. Грошы мы здабываем, дзякуючы дабрачыннай акцыі «Дар Сакавіка», якая адбываецца вясною.

Сп. Сурвілла, заключнае пытаньне да Вас. Пры якіх умовах і калі, на Вашую думку, Рада БНР завершыць выкананьне сваіх абавязкаў?

І. Сурвілла: Гэта будзе тады, калі Беларусь станецца сапраўды дэмакратычнай краінай. Для гэтага патрэбны ня толькі дэмакратычна абраны прэзыдэнт, але і ўстановы, якія пільнавалі б сытуацыю. Каб гэта ізноў не абвалілася. Паводле статуту Рады БНР, павінен адбыцца Канстутыцыйны Сойм. Мы хочам мець гарантыю, што Беларусь застанецца незалежнай эўрапейскай дзяржавай. І гэта будзе найвялікшай радасьцю для нас, калі мы перададзім наш мандат дэмакратычнаму беларускаму ўраду.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч