http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43459

Беларусы ў Вялікабрытаніі

18.10.2006
Сёлета сваё 60-годзьдзе сьвяткуе адна са старэйшых арганізацыяў беларускага замежжа - “Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі”. А госьцем Беларускай службы Радыё Палёнія зьяўляецца старшыня Згуртаваньня сп. Лёля Міхалюк, якая распавядае пра гісторыю ды сучаснасьць беларускай прысутнасьці на Брытанскіх выспах.

Сп. Міхалюк! Распавядзіце, калі ласка, як Вы трапілі ў Вялікабрытанію й як паўстала вашая Згуртаваньне?

Л. Міхалюк: Арганізацыя заснаваная ў 1946 годзе, калі беларусы, якія трапілі ў Англію, пачалі адшукоўваць адзін аднаго. Пераважна гэта былі маладыя вайскоўцы арміі генэрала Андэрса, якія пасьля вайны звальняліся на цывільныя работы. Тады ўсе сказалі, што беларусы, таксама як і латышы, украінцы, летувісы, павінны ствараць свае асяродкі. На першым зьездзе было 150 дэлегатаў, там мы апрацавалі статут і залажылі Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі.

Як першапачаткова выгляда Вашая дзейнасьць? Чым Вы займаліся, на якія сродкі Вы ўтваралі беларускае жыцьцё ў Англіі?

Л. Міхалюк: Мэтай ЗБВБ на самым пачатку было вышукоўваць сваіх людзей, дапамагаць у працы альбо нешта падобнае. Ангельскі ўрад аніякіх фондаў нам не даваў. Усе мусілі складацца з вайсковых пайкоў, дапамагалі са сваіх кішэняў. Каму дапамагалі ў працы, каму - з памяшканьнем. Спачатку арганізацыя здымала памяшканьне ва ўкраінцаў. І адразу ж пачалі выдаваць рататарам часапіс "Беларус на чужыне", пазьней ён называўся "На шляху". І калі ў Лёндане сабралася прыстойная грамада беларусаў, мы пастанавілі набыць маёмасьць. Агаласілі збор грошай на Беларускі дом. Я тады зарабляла 2 фунты на тыдзень, і 1 фунт я даслала на Беларускі дом. Гэта быў мой першы заробак. Яшчэ 30 шылінгаў трэба было даслаць на сяброўскія складкі, дык мне заставалася 1 фунт 70 шылінгаў на пражыцьцё. Але гэта не я адна, гэта ўсе так рабілі.

А ці адбываецца зьмена пакаленьняў беларускай эміграцыі на Брытанскіх выспах? Бо ўсё ж нехта мусіць утрымаць і бібліятэку, і царкву.

Л. Міхалюк: Старэйшага пакаленьня засталося вельмі мала. У 50-я гады наша колькасьць значна паменшылася, бо той, хто служыў у Польскім войску меў права ехаць дарма куды заўгодна за выняткам СССР. Людзі ехалі ў Амэрыку, Канаду і ў іншыя краіны, дзе шукалі лепшай працы. Бо ў Англіі тады ўсе прыежджыя працавалі на фабрыках, незалежна ад таго, ці ён быў прафэсарам, ці кім, але па сваім фаху немагчыма было працаваць. Яны мелі лепшую працу ў Амэрыцы. Але ў нас засталіся энэргічныя маладыя хлапцы, якія з запалам працавалі. 5 дзён яны працавалі сабе на хлеб, а 6-7 дзень - на грамадзкія справы. Вечарамі яны рабілі ўсё, што маглі для беларускай справы. Купілі 3 Беларускія дамы ў Лёндане, Брадфордзе, Манчэстэры, бо там былі найбольшыя гурткі беларусоў. З цягам часу купілі беларускую бібліятэку й музэй з помаччу ўладыкі Часлава Сіповіча.

А якія яшчэ беларускія суполкі існуюць у Вялікабрытаніі?

Л. Міхалюк: У 1954 годзе было заснаванае Ангельска-Беларускае таварыства. Мы мелі шмат вельмі дастойных ангельцаў высокай рангі, якія былі зьвязаныя зь беларускай справай. Напрыклад, Катрын Макмілін, якая была нявесткай Гаральда Макміліна, а ён быў прэм’ер-міністрам. Яны рабілі нам прыняцьці ў House of Parlament, House of Lords, у сваіх прыватных рэзыдэнцыях. Шмат спрычыніліся да нашай справы лорд Экэрман, лорд Гарлёк. Было шмат запрыязьненых навукоўцаў зь Лёнданскага ўнівэрсытэту, з Оксфарду, з Кэмбрыджу.

Скажыце, а ці Вы былі ўжо ў незалежнай Беларусі? Якія ў Вас былі ўражаньні ад наведваньня радзімы?

Л. Міхалюк: Калі я была ў Менску ў 1992 годзе, то я сапраўды спатыкалася са сьвядомымі беларусамі, якія гаварылі па-беларуску. Я тады чулася вельмі ўтульна. Хаця, назіраючы з боку, я гэтага ня чула, і было гэта досыць цікава. Аднаго разу я ехала з Масквы ў Віцебск. Я прыйшла на Беларускі вакзал і ўбачыла цягнік, які йшоў на Вільню. На ім была
Пагоня й два бел-чырвона-белыя-сьцягі. Як на гэта глянула, то ледзь не самлела. Я ня ведала, ці я пырхаю ў паветра, што са мной ёсьць! Калі я, кажу, сьніла, што паеду па бел-чырвона-белым сьцягам. Праз усе гады марылася, але ніколі не спадзяваліся. Заходжу ў цягнік, а там усе па-руску гавораць, ані слова па-беларуску. Мне гэта так задрыжэла,
што я ледзь не заплакала. Я пачала гаварыць з жанчынай адной. Я да яе па-беларуску, а яна да мяне па-расейску. Пагаварылі-пагаварылі, перасталі. А яна тады, пасядзеўшы, кажа: «І я польскую мову разумею».

А як Вас сустрэла малая бацькаўшычына? Ці пазналі Вы сваю вёску?

Л. Міхалюк: Я паехала ў сваю вёску. Там я нічога не пазнала, усё вельмі зьмянілася. Я хацела пачуцца там дома, прыпомніць сваю маладосьць. Людзі зьмянілі вёску, так брыдка зрабілі. Гаварылі на такой ужо трасянцы! Найбольш было сумна ў Віцебску, я там ні чула ніводнага слова па-беларуску. Яшчэ ў хаце будуць гаварыць па-беларуску, а як толькі выйдуць на двор, то як бы яны чаго баяліся. Адчуваецца гэты рэжым, здаецца, горшы, чым быў за саветаў. Вельмі сумна, што не карыстаюцца сваёй мовай. Праз усе гады, як толькі мы пакінулі Беларусь, мы не пакінулі сваёй мовы, ані на трошку. Праз усе гады мы на ёй гаварылі і ўтрымалі. Гэта было наша жыцьцё.

Са старшынёй Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі гутарыў Дзьмітры Гурневіч

На здымку: Беларускі сьцяг у Брадфардзе, 25 Сакавіка 1969 г.