http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43499

У Брусэлі “За дэмакратычную Беларусь”

19.10.2006
На гэтым тыдні ў Брусэлі адбылося адкрыцьцё офісу “За дэмакратычную Беларусь”. Кіраўнік офісу Вольга Стужынская кажа, што офіс мае быць мастом паміж незалежнымі беларускімі арганізацыямі, СМІ ды палітычнымі сіламі й эўрапейскімі структурамі з мэтаю наладзіць больш плённае супрацоўніцтва.

Пакуль што ў офісе новай беларускай структуры ў Бэльгіі адбываюцца апошнія арганізацыяйныя прыгатаваньні. Але ўжо празь некалькі дзён супрацоўнікі цэнтру “За дэмакратычную Беларусь” распачнуць рэалізацыю сваіх праектаў. Сярод іх – праграмы, накіраваныя на інфармаваньне эўраструктураў пра сытуацыю ў Беларусі, каардынацыя беларускіх суполак у Эўропе й супраца зь незалежнымі аб’яднаньнямі ў самой Беларусі.

В. Стужынская: Мець такі цэнтар менавіта ў Брусэлі, дзе знаходзяцца сядзібы Эўразьвязу й NATO, вельмі важна. Гэта будзе інфармацыйна-каардынацыйны цэнтар. Мы хочам наладзіць мост паміж прадэмакратычнай Беларусьсю й Заходняй Эўропай. Мы будзем старацца, каб у Брусэлі пра нас мелі больш інфармацыі. Мы вельмі хочам сабраць маладых, актыўных і адукаваных беларусаў, каб стварыць сетку па ўсёй Эўропе. Мы хочам, каб гэты праект быў максымальна празрыстым, і нашыя дзьверы заўсёды адчыненыя для беларускіх актывістаў і іх ідэяў.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч лічыць, што дзейнасьць такога цэнтру будзе запатрабаванай у Эўропе. Ён прыгадвае, што ў свой час такі ж цэнтар мела польская “Салідарнасьць”, які значна дапамагаў дзейнасьці руху.

Я. Анышкевіч: Я думаю, што такі цэнтар вельмі патрэбны, і што ён можа адыграць вялікую ролю, бо я памятаю наш досьвед. Пасьля таго, як у Польшчы было ўведзенае ваеннае становішча ў 1981 годзе, рух "Салідарнасьць" адкрыў сваё прадстаўніцтва менавіта ў Брусэлі. Тады той цэнтар меў вялікі ўплыў ня толькі як інфармацыйны ворган. Ён дапамагаў "Салідарнасьці" палітычна й фінансава. Я спадзяюся, што гэты цэнтар будзе важным зьвяном паміж дэмакратычнымі ворганамі й арганізацыямі Эўразьвязу ды беларускай апазыцыяй. Аднак нагадаю, што сіла колішняга бюро "Салідарнасьці" вынікала з факту, што польская апазыцыя была аб’яднаная. І думаю, што было б вельмі добра, каб працэс супольных дзеяньняў беларускай апазыцыі, які назіраўся падчас выбараў, утрымаўся.

Дадам, што офіс бюро “За дэмакратычную Беларусь” быў зарэгістраваны ў Бэльгіі ў ліпені гэтага году. Галоўным заданьнем цэнтру будзе прадстаўленьне інтарэсаў беларускай апазыцыі пры міжнародных арганізацыях.

Дзьмітры Гурневіч