http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43815
Беларуска-расейскі крызыс
26.10.2006
З кожным днём паглыбляецца беларуска-расейскі крызыс. Калі яшчэ тыдзень таму непаразуменьні паміж двума бакамі датычылі выключна паліўнай праблематыкі, то зараз крызыс набывае рысы палітычнага канфлікту. Абодва бакі не шкадуюць узаемных абвінавачваньяў, а таксама заяўляюць пра магчымасьць увядзеньня санкцыяў і абмежаваньняў.
Беларусь, якая да гэтага часу зьяўлялася ледзь не найбуйнейшым экспартэрам нафты ў Заходнюю Эўропу, можа неўзабаве страціць прыбытковую пазыцыю. Магчымае разьвіцьцё падзеяў ніяк не зьвязанае з унутраннай сытуацыяй у краіне, бо Беларусь ня мае ўласных істотных радовішчаў нафты. За апошняе паўгодьдзе “Беларусьнафта” здабыла каля 600 тыс. тон “чорнага золата” ў той час, калі рэальныя патрэбы краіны ў гэтай сыравіне складаюць каля 6 мільёнаў тонаў на год. У 5-7 разоў больш патрабуцецца нафты для працы беларускіх нафтапераапрацоўчых гігантаў. Да гэтага часу рэнтабэльнасьць беларускіх канцэрнаў забясьпечвала Расея, чые пастаўкі сыравіны ў Беларусь складалі да 98% экспартаваных рэсурсаў. Сытуацыя, якая склалася паміж абедзьвюма краінамі ў апошні час, прымушае рабіць высновы, што “залаты час” для Беларусі можа неўзабаве скончыцца. Алею ў полымя дадаюць апошнія заявы расейскага кіраўніцтва абмежаваць пастаўкі энэрганосьбітаў і нафты ў Беларусь. Падчас учорашняй прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве Ўладзімір Пуцін зазначыў, што Расею хвалюе, што пастаўкі сыравіны для суседкі па вышэйшых коштах прадаюцца ў заходнія краіны. Пуцін заявіў: “Калі нам ня ўдасца дасягнуць паразуменьня, дык нам прыйдзецца ўводзіць нейкія абмежаваньні”. Як для бліжэйшага саюзьніка Беларусі, заявы расейскага лідэра выглядаюць неадпаведнымі.
Беларускія ўлады таксама не пакідаюць без увагі заявы кіраўніцтва Расеі. Учора старшыня Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету рэспублікі Нацыянальнаха сходу Беларусі Мікалай Чаргінец заявіў, што “калі нам прытрымлівацца такой жа пазіцыі, якую дэманструе сёньня Расея, то, магчыма, Беларусі трэба б было разглядаць пытаньне аб далейшым знаходжаньні расейскіх вайсковых аб`ектаў на сваёй тэрыторыі".
У інтэрвію Радыё Палёнія Мікалай Чаргінец заявіў, што яго зьдзіўляюць падобныя заявы кіраўніцтва саюзнай дзяржавы.
М. Чаргінец: Былі, на жаль, некаторыя захады з боку расейскіх вядомых фігураў, як палітыкаў, гэтак і кіраўніцтва краіны, якія выходзяць за рамкі нармальных, а нават сяброўскіх адносінаў. Варта прыгадаць гісторыю з адключэньнем газу альбо прапанову, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі. Такія ультыматыўныя заявы расейскага кіраўніцтва ня могуць не зьдзіўляць. Камусьці, відаць, выгадна давесьці нашыя адносіны да таго ўзроўню, каб мы ізноў пачалі нешта дзяліць і вырашаць, хто й што каму зрабіў. Трэба найперш думаць перад тым, як рабіць такія заявы.
У сваю чаргу палітоляг Аляксандар Лагвінец лічыць, што гандлёвыя непаразуменьні не стануць сур’ёзным чыньнікам пагаршэньня сытуацыі паміж абедзьвюма краінамі, бо ў гэтай сытуацыі як Беларусі, так і Расеі ёсьць што страціць.
А. Лагвінец: Я б не перабольшваў значнасьць гэтага канфлікту, паколькі гаворка йдзе пра ўзаемадачыненьні двух уладных груповак, якія штосьці не падзялілі паміж сабой, але ідэалягічна яны вельмі блізкія.
Пасьля неадназначных заяваў расейскага кіраўніцтва беларускія ўлады пачалі шукаць альтэрнаыўныя шляхі пастаўкі сыравіны ў Беларусь. Як адзін з варыянтаў называлася Ўкраіна, якая мела быць пасярэднікам паміж Беларусьсю ды Туркмэністанам у пастаўцы газу, аднак “Укрнафтагаз” паведаміў на днях, што ніякіх пагадненьняў на гэты конт зь беларускім бокам ён ня мае.
Дзьмітры Гурневіч