http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43915
Падпіска аб нявыезьдзе вяртаецца
28.10.2006
Неўзабаве пачнецца другі тур новага праекту "Беларуская школа радыёжурналістыкі". Гэтым разам арганізатары падрыхатвалі для ўдзельнікаў шэраг заняткаў, які пройдуць, між іншым, у нашай рэдакцыі. Вось толькі не вядома, ці ўсе удзельнікі, якія закваліфікаваліся на другі тур, змогуць прыехаць у Варшаву. Гэта галоўным чынам студэнты журналістыкі БДУ. Калі група журналістаў пасьля завяршэньня першага тура вярталася ў Менск на цягніку, падчас праверкі пашпартоў супрацоўніца Камітэту дзяржаўнай бясьпекі перапісала імёны й прозьвішчы ўсіх, хто браў удзел у праграме. Сярод удзельнікаў было каля дзесяці студэнтаў факультэту журналістыкі.
Як паведамляе партал „Хартыя 97”, яны былі выкліканыя на размову з наместнікам дэкана па ідэалёгіі. Пасля пісалі распіску аб тым, што не пакінуць межы Беларусі без дазволу дэкана факультэту журналістыкі й без адмысловага дазволу міністэрства адукацыі.
Старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі кажа, што гэта няновая сытуацыя для беларускіх студэнтаў.
А. Бяляцкі: Пасля таго, як быў прыняты загад міністра адукацыі, які абавязваў студэнта прасіць дазвол на выязд за мяжу падчас навучальльнага працэсу, мы не раз зьвярталі ўвагу на тое, што гэта абмежаваньне іхняга права на перамяшчэньне. Дарэчы, у сувязі з гэтым загадам летась некалькі чалавек былі выключаныя з ВНУ. Адзін з яскравых прыкладаў- гэта выключаньне студэнткі Тацьцяны Хомы зь Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту менавіта за тое, што яна паехала на міжнародную студэнцкую канфэрэнцыю. І тое, што мы зноў назіраем падобныя рэпрэсыўныя меры адносна студэнтаў журналістыкі БДУ- гэта своеасаблівы працяг правапарушаючай палітыкі ня толькі Міністэрства адукацыі, але і ўраду.
Варта адзначыць, што Міністэрства адукацыі дае дазвол на ўдзел у адукацыйных праграмах толькі ў тых арганізацыях, зь якімі БДУ мае афіцыйныя дамовы. Да таго ж зьвяртацца па дазвол патрэбна не пазьней, чым за 30 дзён да паездкі. А такі загад парушае канстытуцыйная правы студэнтаў, якія зьяўляюцца паўналетнімі асобамі, зьвяртае ўвагу старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна.
Ж. Ліцьвіна : Абсалютна зразумела, што гэтае рашэньне браць падпіскі аб нявыезьдзе абсалютна абсурднае. Журналіст- гэта сама па сабе прафэсія спэцыфічная. І той самы студэнт, будучы журналіст, першае, што павінна ў яго прысутнічаць- гэта азнаямленьне й з жыцьцём свайго грамадзтва, і суседняе краіны. Абмежаваньне такога кшталту, яно проста выклікае абурэньне. Я ўжо не кажу пра канстытуцыйнае права да свабоднага перамяшчэньня кожнага грамадзяніна краіны.
Застаецца толькі спадзявацца, што ўсе ўдзельнікі сёлетняй „Беларускай школы радыёжурналістыкі” прыедуць ў Варшаву й возьмуць удзел ў практычных занятках, якія пачнуцца 20 лістапада й завершацца 10 сьнежня.
Караліна Русіновіч