http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43916
Міграцыйная карта адзінага ўзору
28.10.2006
Зь 1 лістапада ўводзіцца супольная міграцыйная карта адзінага ўзору. Яе будуць запаўняць іншаземцы, а таксама асобы без грамадзянства пры ўезьдзе на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы зь іншых краін.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіў Дэпартамант па справах грамадзянства й міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Дакумэнт адзінага ўзору ўводзіцца ў моманце, калі паміж дзвюма краінамі існуюць даволі напружаныя адносіны. Менск пайшоў на гэты крок у адказ на скаргі з расейскага боку, што Беларусь, хоча яна гэтага ці не, але прадастаўляе іншаземцам свабодны транзытны калідор. Такім шляхам у Расею трапляюць нелегальныя эмігранты.
Паводле меркаваньняў палітоляга Валерыя Карбалевіча, увядзеньне карты – гэта элемэнт інтэграцыйнае палітыкі.
В. Карбалевіч: Гэта характэрная рыса беларуска-расейскае інтэграцыі, калі інтэграцыя ідзе побач з канфліктамі. Зь ніводнаю іншаю краінай Расея ня мае столькі канфліктаў, столькі спрэчак, як зь Беларусьсю. І гэта вось такая цікавая заканамернасьць, якая будзе яшчэ цягнуцца даволі доўга.
Аглядальнік газэты „Беларусы й рынак” Паўлюк Быкоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што міграцыйная карта мае як дадатныя, так і адмоўныя бакі.
П. Быкоўскі : Міграцыйная карта дазваляе вырашыць пытаньне з тым, што ў Беларусі з Расеяй няма мяжы. І таму асоба, якая не зьяўляецца грамадзянінам адной з гэтых дзяржаваў, адразу запаўняе гэтую карту. Нейкім чынам гэты дакумэнт спрашчае
рэжым знаходжаньня замежнікаў на тэрыторыі гэтых дзьвюх дзяржаваў.
Трэба зазначыць, што міграцыйная карта адзінага ўзору будзе выдавацца супрацоўнікамі Памежных войск бяспалатна. Звольненыя ад неабходнасьці запаўненьня гэтага дакумэнту будуць прадстаўнікі дыпляматычных установаў, а таксама чальцы ўрадавых дэлегацыяў.
Караліна Русіновіч