http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=43959

У аўтамабілі А. Борыс знайшлі парашок

30.10.2006
Учора на летувіска-беларускім памежным пераходзе ў Прывалках быў затрыманы аўтамабіль старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс. У часе мытнай праверкі ў Аўдзі Анжалікі Борыс быў знойдзены невядомы парашок. Старшыню СПБ разам зь некалькімі чальцамі арганізацыі затрымалі й перавезьлі ў Горадню для выясьненьня сытуацыі.

Анжаліка Борыс разам з кіроўцам Анджэем Лісоўскім ды старшынёй Баранавіцкага аддзелу Саюзу палякаў Тэрэсай Селівончык вярталіся зь Вільні, дзе бралі ўдзел у Эўрапейскім паседжаньні палянійных арганізацыяў.

Мытны агляд аўтамабіля Борыс працягваўся больш за чатыры гадзіны. Раскруціўшы люстэрка, памежнікі знайшлі тры мяшочкі зь невядомым парашком. Падчас чарговых праверак мытнікі рабілі агляд з дапамогай сабак. Позна ўвечары Анжаліку Борыс разам з калегамі пад аховай даставілі ў Горадню.

Старшыня Саюзу палякаў па тэлефоне зьвязалася з адным са сваіх намесьнікаў Анджэем Пачобутам і распавяла падрабязнасьці затрыманьня. У інтэрвію нашаму радыё Пачобут паведаміў, што ўначы Анжаліка Борыс разам зь іншымі затрыманымі была адпушчаная, аднак на гэтым справа ня скончылася.

А. Пачобут: Іх адпусьцілі каля 2.00 уначы. Былі дапытаныя ўсе тыя людзі, якія ехалі ў машыне разам з Анжалікай Борыс. Машыну забралі, яна зараз знаходзіцца ў мытнікаў. Усім звольненым паведамілі, што неўзабаве будуць іх ізноў выклікаць. Пакуль ад іх былі ўзятыя толькі тлумачэньні. Іх завезьлі ў псыхіятрычны шпіталь, у якім знаходзіцца наркалягічны дыспансэр, дзе затрыманым зрабілі тэст на наяўнасьць наркотыкаў у крыві, але вынікі дагэтуль невядомыя. Адзін з мытнікаў на пачатку сказаў, што гэта белы парашок падобны да гашышу.

Сама Анжаліка Борыс называе ўсю гісторыю зь невядомым парашком правакацыяй.

А. Борыс: Гэта чарговая правакацыя й псыхічнае зьнішчэньне. Я была ўжо злачынцай, крыміналісткай, засталіся толькі наркотыкі. Гэта ўжо вядомыя мэтады. У мяне забралі аўтамабіль, дакумэнты, а гэта азначае, што працяг неўзабаве будзе. Толькі які? Іх немагчыма прадбачыць.

Нагадаю, што старшыня непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс даволі часта зьяўляецца аб’ектам увагі беларускіх праваахоўных ворганаў. Варта прыгадаць, што за апошнія два гады А. Борыс больш за 75 разоў выклікалася на праслухоўваньні ў пракуратуру й міліцыю.

Дзьмітры Гурневіч