Распачаўся „суд” над З. Дашкевічам
А 11.00 гадзіне па беларускім часе ў Кастрычніцкім судзе Менску распачаўся суд над лідэрам “Маладога Фронту” Зьмітром Дашкевічам. Моладзеваму актывісту пагражае да 2 гадоў пазбаўленьня волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У знак салідарнасьці з палітзьняволеным ля будынку суду сабраліся сябры Дашкевіча, а таксама вядомыя грамадзкія й палітычныя дзеячы краіны, ды акрэдытаваныя ў Менску амбасадары дзяржаваў Эўразьвязу й ЗША.
Судовы працэс над “маладафронтаўцам” Зьмітром Дашкевічам зьяўляецца зачыненым, таму ніхто з жадаючых, нават бацька падсуднага, не змаглі патрапіць у залю суду.
Падчас сёньняшняга судовага паседжаньня быў дапытаны сам Дашкевіч, а заўтра распачнуць даваць свае паказаньні сьведкі па ягонай крымінальнай справе. Нагадаю, што Зьмітру Дашкевічу інкрымінуецца дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, за што, паводле арт. 193 КК РБ, пагражае турэмнае зьняволеньне да 2 гадоў. Па гэтым самым артыкуле былі асуджаныя чатыры актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”.
А 13.00 гадзіне судовае паседжаньне было спыненае, а разгляд справы будзе працягвацца заўтра. Адвакат Дашкевіча Аляксандар Галіеў заявіў нашаму радыё, што ня можа паведаміць падрабязнасьцяў сёньняшняга працэсу, паколькі, згодна з заканадаўствам, інфармацыя пра судовую справа зачыненага характару ня можа быць апублікаванай.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які прысутнічаў ля будынку Кастрычніцкага суду, гаворыць, што на паседжаньне спрабавалі патрапіць прадстаўнікі менскага офісу АБСЭ, аднак судзьдзя Ала Булаш не дапусьціла дыпляматаў на працэс.
А. Бяляцкі: Судзьдзя патлумачыла, што паколькі суд зачынены, то яна ня можа іх пусьціць у залю паседжаньня. Аднак ніякіх сур’ёзных падставаў для правядзеньня такога суду няма.
На пляцоўцы ля Дому правасудьдзя ўжо а 11.00 пачала зьбірацца моладзь. Моладзевая актывістка Наста Палажанка кажа, што ў акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам узяло ўдзел каля 200 чалавек. Пэўны час нават сам Зьміцер мог назіраць тое, што адбывалася за вакном.
Н. Палажанка: Мы хадзілі ў ланцугу, рукі за галавою, кажучы, што судзілішча адбываецца тут. На шчасьце, Зьміцер нас пабачыў, але міліцыянт, заўважыўшы, што Зьміцер нас бачыць, спэцыяльна зачыніў жалюзі. Не абышлося без правакацыяў. Да нас падляцелі два мужчыны й пачалі лаяцца матам. Але калі ім насустрач выскачыла каля 15 нашых хлапцоў, то яны зьбеглі.
Падтрымаць “маладафронтаўца” прыбылі таксама лідэры дэмакратычнага руху: Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч і Вінцук Вячорка.
А. Мілінкевіч: Пасьля выбараў улада не задаволілася. Яна адчувае сваю слабасьць і рэпрэсіі праводзіць перш за ўсё супраць моладзі, бо яна сёньня галоўная. На плошчы самай актыўнай была менавіта моладзь, і ўлада яе баіцца.
Заўтра а 10.00 раніцы судовая справа Зьмітра Дашкевіча працягнецца. Чальцы “Маладога Фронту” заклікаюць усіх, каму неабыякавы лёс “маладфронтаўца”, заўтра ізноў прыйсьці да будынку суду на вул. Сямашкі, 33, каб выказаць падтрымку Зьмітру Дашкевічу.
Дзьмітры Гурневіч