http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=44071

Дашкевіча засудзілі. Хто наступны?

02.11.2006
Лідэр “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч прысуджаны да 1,5 гадоў турэмнага зьняволеньня. Пакараньне Дашкевіч будзе адбываць у калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя Ала Булаш скараціла тэрмін на 6 месяцаў, бо дзяржаўны абвінаваўца пракурор Аляксандар Бароўскі патрабаваў для маладафронтаўца пазбаўленьня волі да двух гадоў.

На вынясеньне прысуду ў Кастрычніцкі раённы суд Менску былі дапушчаныя бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч, замежныя дыпляматы, а таксама журналісты.

Зьміцер Дашкевіч быў абвінавачаны за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Падобны артыкул зусім нядаўна быў унесены ў беларускае заканадаўства. Як заўважаюць праваабаронцы, згодна з паўнамоцтвамі дадзенага закону, пасадзіць за краты можна кожнага чалавека, неабавязкова прадстаўніка грамадзкай ці палітычнай арганізацыі.

Тлумачыць праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.

У. Лабковіч: Гэты артыкул ня варты таго, каб ён увогуле існаваў у нармальнай дэмакратычнай краіне. Нават калі б толькі на адзін дзень па гэтым артыкуле кагосьці засудзілі - гэта ўжо дзікунства й ганьба для эўрапейскай краіны. Таму з пункту гледжаньня ўладаў гэты прысуд заканамерны. Яны ўвесь час хочуць панізіць маладзёвую актыўнасьць у Беларусі, а "Малады Фронт" - гэта адна з найстарэйшых арганізацыяў. Яны думаюць, што пасадкай аднаго зь лідэраў спыняць дзейнасьць. Але ведаючы гэтых людзей і саму арганізацыю, я скажу, што яна будзе далей дзейнічаць. Але, як праваабаронцу, мне сорамна за маю краіну, якая асуджае людзей за такія дзеяньні.

Адвакат Дашкевіча Аляксандар Галіеў называе прысуд несуразьмерна жорсткім да пастаўленых абвінавачваньняў.

А. Галіеў: Я лічу гэты прысуд вельмі жорсткім, бо гэта практычна максымальнае пакараньне. Пры чым гэты чалавек ніколі раней ня быў асуджаным. Мы зьбіраемся падаваць касацыйную скаргу на гэты прысуд. Мы - рэалісты, я ведаю, што ў нашай краіне зараз сытуацыя як у 30-я гады, але вельмі хочацца, каб ён як мага хутчэй быў дома. Магчыма, што хутка будзе амністыя, тым больш, што паўтара месяцы ён ужо адсядзеў. Магчыма, палову тэрміну яму скароцяць, таму ён там можа прабыць 4,5 месяцы. Можа яго адпусьцяць і раней. Думаю, што хутка Дзіма будзе разам з намі.

Між тым, беларускія праваабаронцы прынялі рашэньне зьвярнуцца ў Камітэт па правох чалавека пры ААН з просьбай разгледзець прысуд для Дашкевіча.

А. Бяляцкі: Мы прынялі такое рашэньне, і гэта зробім. Мы мусім яшчэ прайсьці ўсе мясцовыя суды, а пасьля ўсё будзе падрыхтавана. Гэта проста сьмешна. Што зрабіла яго арганізацыя, за што б ён атрымаў два гады?

Падчас вынясеньня прысуду ля будынку Дому првасудзьдзя на вул. Сямашкі, 33 сабраліся сябры Зьмітра Дашкевіча, а таксама вядомыя беларускія палітыкі й грамадзкія дзеячы. Прысутныя пратэставалі супраць ганебнага, на іх думку, судовага працэсу. У руках людзі трымалі партрэты асуджанага, сьвечы, а таксама плякаты з надпісамі “Малады Фронт не спыніць!”. Прысуд для Зьмітра Дашкевіча камэнтуе лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка.

В. Вячорка: Сп. Дашкевіч заслугоўваў таго, каб яго з гонарам выпусьціць з будынку суду й заплаціць кампэнсацыю за нанесеную маральную шкоду. Бо так, як Дашкевіча, можна засудзіць дзясяткі тысячаў іншых беларусаў, якія маюць свае перакананьні й іх адстойваюць. Бо людзі ня маюць магчымасьці зарэгістраваць арганізацыю любога характару. Тое, што яму далі жорсткі прысуд за выказваньне сваіх поглядаў - гэта папярэджаньне ўсім астатнім, каб сядзелі ціха. Гэта таксама адказ усім тым, хто спадзяваўся, што Лукашэнка пачаў лібэральнічаць у абліччы небазьбежнага энэргетычнага крызысу. Гэта сур'ёзны званок для тых, хто зараз уваходзіць зь ім у кантакт.

Адразу пасьля заканчэньня судовага працэсу моладзь накіравалася на Кастрычніцкі пляц, дзе на месцы сакавіцкага “намётавага мястэчка” зарганізавала спантанную акцыю салідарнасьці з асуджаным лідэрам “Маладога Фронту”. Акцыя была спыненая байцамі спэцназу. Каля тузіна ўдзельнікаў былі затрыманыя. Падчас дастаўленьня затрыманых ва Ўпраўленьне ўнутраных справаў Цэнтральнага раёну АМАПАўцы зьбівалі хлопцаў і дзяўчат, абражалі іх і рвалі партрэты Зьмітра Дашкевіча.

Адзін зь лідэраў “Маладога Фронту” Артур Фінькевіч, які зараз адбывае двухгадовае пакараньне на “хіміі” ў Магілёве, кажа, што рэжым хоча запалохаць маладых актывістаў. Аднак Фінькевіч паведаміў, што “Малады Фронт” пашыраецца, а чальцы арганізацыі апошнім часам сталіся значна больш загартаванымі, чым раней.

А. Фінькевіч: Рэжым у чарговы раз хацеў запалохаць моладзь і "Малады Фронт". Справа Паўла Севярынца, дзясяткі крымінальных справаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Тым ня менш, што б не адбывалася – «Малады Фронт» быў, ёсьць і будзе. За гэты час МФ не толькі ня страціў колькасны ці якасны склад, ён расьце й разьвіваецца. Людзі гатовыя ісьці на значна большае, чым яны маглі ісьці раней.

Тым часам суд Цэнтральнага раёну Менску ўжо пакараў двух удзельнікаў учорашняй акцыі падтрамкі Дашкевіча. Глеб Сандрас атрымаў штраф у памеры дзьвюх базавых велічыняў. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Другому актывісту «Маладога Фронту» Зьмітру Хведаруку суд прысудзіў трое сутак арышту за лаянку.

Дзьмітры Гурневіч