http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=44174

KIK для Беларусі

04.11.2006
Клюб каталіцкай інтэлігенцыі (KIK) адзначае 50-годзьдзе сваёй дзейнасьці. Гэтая заслужаная няўрадавая арганізацыя заўсёды падтрымлівала тых, хто ў краіне змагаўся за свабоду й дэмакратыю.

Пасьля 1989 году Клюб каталіцкай інтэлігенцыі дапамагаў грамадзкім дзеячом зь іншых краінаў, у тым ліку, таксама зь Беларусі.

Нашым суразмоўцам зьяўляецца віцэ-старшыня клюбу Якуб Міхалоўскі.

Адкуль у Клюбе каталіцкай інтэлігенцыі зацікаўленасьць справамі Ўсходу, асабліва Ўкраіны й Беларусі?

Я. Міхалоўскі Гэта не зацікаўленасьць, а ў большай ступені высокая грамадзкая актыўнасьць. Нашыя продкі, нашыя бацькі рабілі тое ж самае, але ў іншых умовах.

Чальцы клюбу так выхаваныя, каб быць вельмі актыўнымі ў розных сфэрах грамадзкага жыцьцья. На пачатку мы зацікавіліся Ўкраінай, а калі ўкраінцы маглі ўжо, скажам так, „самастойна галасаваць”, тады мы заняліся больш актыўна Беларусяй. Дарэчы, Клюб каталіцкай інтэлігенцыі – гэта арганізацыя актыўных, добрасумленных, бескарысьлівых людзей.

Скажыце, калі ласка, як выглядае вашая дзейнасьць на Ўсходзе?

Я. Міхалоўскі Нашая дзейнасьць засяроджваецца перш за ўсё на справах Беларусі. На пачатку гэта былі спантанныя маніфэстацыі, вулічныя акцыі, якія праходзілі перад выбарамі й пасьля іх. Мы пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў, супраць няроўнага доступу кандыдатаў да СМІ. Пазьней мы арганізавалі ў Варшаве канцэрт пад назовам „Салідарнасьць зь Беларусяй”, які трансьлявала грамадзкая Польская тэлявізія. Цяпер мы засяроджваемся на нармальнай штодзённай працы – шукаем сродкаў, рэалізуем праграмы, запрашаем беларускую моладзь, праводзім курсы для маладых журналістаў, ладзім польска-беларуска-нямецкі абмен моладзьдзю. Магчыма, што згаданая праца дасьць спадзяваныя вынікі толькі ў будучыні, але палякам у часу Польскай Народнай Рэспублікі такім жа чынам дапамагалі краіны Захаду. Цяпер мы тое ж самае робім для Беларусі.

Група маладых чальцоў Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі заснавала ініцыятыву пад назовам „Свабодная Беларусь”, у склад якой уваходзяць таксама асобы звонку клюбу?

Я. Міхалоўскі Значная частка чальцоў згаданай ініцыятывы – гэта студэнты беларускай філялёгіі, а таксама асобы, зацікаўленыя Беларусяй. У рамках ініцыятывы сустракаюцца людзі, якія захапляюцца беларускасьцю й хочуць нешта зрабіць для згаданай краіны, і гэта ня зводзіцца выключна да зьмены палітычнага ладу.

Вы рыхтуеце чарговыя праекты. Маеце шмат прапановаў!

Я. Міхалоўскі У нас вельмі шмат ідэяў. Цяпер, перш за ўсё, нас абмяжоўвае колькасьць людзей, бо й грошы на рэалізацыю новых праектаў знайшліся б. Таму мы шукаем людзей да супрацы. Зацікаўленыя могуць зазірнуць на інтарнэтную старонку www.wolnabialorus.pl, адкуль па электроннай пошце можна з намі наладзіць кантакт. Мы з прыемнасьцю дамо кожнаму нейкае цікавае заданьне.

Чальцы Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі дзейнічаюць таксама ў многіх галінах грамадзкага жыцьця ў Польшчы. Клюб, які ўзьнік у 1956 годзе на хвалі палітычнай адлігі ў ПНР, зьяўляецца адной зь найстарэйшых польскіх няўрадавых арганізацыяў.

Досьвед прыдаецца таксама ў цяперашняй працы?

Я. Міхалоўскі Можна сказаць, што мы больш карыстаемся духам, чым досьведам. На самой справе, я сам не да канца памятаю, як было ў часы ПНР. Нешта ведаю, частку сабе ўяўляю, але ўсё гэта толькі ўрыўкі. Цяпер мы працуем на іншых мэтадах, але дух застаўся той жа сам – дух свабоды.

Нашым суразмоўцам быў віцэ-старшыня Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі Якуб Міхалоўскі.