http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=44280
У Бабруйску 35 дзень галадае Алена Захожая
07.11.2006
35 дзень галадае працаўніца прадпрыемства „Белшына” ў Бабруйску й актывістка першаснай арганізацыі „Беларускі незалежны прафсаюз” Алена Захожая. Некалькі дзён таму яна трапіла ў шпіталь у крытычным стане, сёньня лекары выпісалі галадоўніцу. Алена Захожая ня спыніць акцыю пратэсту, яна намерана ісьці да канца.
Галадоўніца патрабуе прадставіць юрыдычны адрас першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу, неабходны для яго рэгістрацыі. Акрамя гэтага, Алена Захожая патрабуе выплаціць чальцам прафсаюзу прэмію й даплату на аздараўленьне.
Старшыня Канкрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кажа, што чалавечае жыцьцё ня мае ніякай вартасьці для дзяржавы. Ён лічыць, што ня варта дзеля яе ахвяроўваць сваё жыцьцё, таму заклікаў Алену Захожую спыніць галадоўку. Бяз посьпеху.
А. Ярашук: Можна казаць пра жах, калі мець на ўвазе рэакцыю віноўных у гэтым людзей. З другога боку, можна казаць пра занепакоенасьць, бо гаворка пра жыцьцё чалавека. Жанчына галадае з 3 кастрычніка й не намерваецца спыняць акцыю. Усе нашыя захады – і зварот, які прыняў Кангрэс, і ліст да прэзыдэнта рэспублікі, не прынесьлі чаканых вынікаў. Мы ведаем характар гэтай жанчыны. Яна здольная ісьці да канца, а што такое канец у даным выпадку, ня трэба расшыфроўваць.
Нам хочацца спадзявацца, што ня толькі пачуцьцё адказнасьці, але й нармальныя чалавечыя якасьці, уяўленьне пра каштоўнасьць чалавечага жыцьця, будуць браць верх у нашай улады, і яна прыме тэрміновыя захады. Захады сапраўды павінны быць тэрміновыя, бо непазьбежнае можа здарыцца ў любы момант.
У сваім звароце да Алены мы пісалі, што спыненьне галадоўкі ня будзе паразаю. Што, паказваючы сваю волю, нязломны дух, яна даўно перамагла. Але яна з самага пачатку сказала, што гэта яе асабістае рашэньне, што ніхто яе не падштурхоўваў, і яна намерана
ісьці да канца. Працаўнікі на "Белшыне" адназначна падтрымліваюць Алену Захожую.
Аляксандар Ярашук кажа, што перамовы зь кіраўніцтвам „Белшыны” вядуцца, але іх вынікі Алена Захожая лічыць недастатковымі. Разам з Аленай Захожай галадоўку пачыналі 10 іншых працаўнікоў прадпрыемства „Белшына”.
Алена Пытэль