http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=44462

Атрыбуты незалежнасьці

11.11.2006
Запрашаем на чарговую перадачу з цыклю "Блізкая гісторыя" на тэму найноўшай гісторыі Беларусі. Сёньня аўтар перадачы Дзьмітры Гурневіч заняўся гісторыяй паўстаньня дзяржаўнай адміністрацыі незалежнай Беларусі.

У мінулай перадачы мы ўжо закраналі гісторыю стварэньня першага беларускага парлямэнту, якім зьяўляўся Вярхоўны Савет 12-га скліканьня. Безумоўна, парлямэнт у любой краіне зьяўляецца доказам падзелу ўладаў і нармальнага дэмакратычнага існаваньня дзяржавы. Без парлямэнту цяжка было б уявіць функцыянаваньне дзяржавы, як немагчыма гэта ўявіць без ворганаў дзяржаўнага кіраўніцтва - міністэрстваў, войска, дыппрадстаўніцтваў.

Варта ўзгадаць, што Беларусь, будучы яшчэ ў складзе СССР, зьяўлялася чальцом некалькіх міжнародных арганізацыяў, як, напрыклад, Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў альбо Міжнародная арганізацыя працы. Праўда, цяжка сёньня адназначна сьцьвердзіць, што Беларусь самастойна прымала нейкія рашэньні як сябра такіх аб'яднаньяў. Кожны крок прадстаўнікоў БССР пільнавала начальства з Масквы. Падобным чынам выглядала супрацоўніцтва Савецкай Беларусі зь іншымі краінамі.

Пасьля паразы жнівеньскага путчу й наданьня Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі статусу канстытуцыйнай моцы пачаўся працэс фармаваньня ўласных ворганаў кіраваньня, інстытутаў і атрыбутаў незалежнай дзяржавы. Усе арганізацыі, установы й прамысловыя прадпрыемствы, якія месьціліся ў рэспубліцы й знаходзіліся ў саюзным падпарадкаваньні, былі аб'яўлены маёмасьцю Беларусі.

Сілавыя структуры, нягледзячы на тое, што страцілі прыстаўку "БССР" у сваёй назве, яшчэ доўгі час не маглі пазбыцца ўплыву ранейшага маскоўскага кіраўніцтва. У сваіх успамінах Станіслаў Шушкевіч прыгадвае, што, прымаючы справаздачы ад кіраўніцтва КДБ Беларусі, ён рабіў высновы, што служба бясьпекі зьяўляецца філіялам расейскіх спэцслужбаў. Дарэчы, у той час КДБ падпарадкоўваўся парлямэнту.

Павольна, але ў адміністрацыі адбывалася ратацыя кадраў. Прыходзілі маладыя, хаця не заўсёды з прагрэсіўнымі прадэмакратычнымі й прабеларускімі поглядамі.

Тагачасны міністар інфармацыі Беларусі, а пазьней консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску й амбасадар РБ у Румыніі Анатоль Бутэвіч лічыць, што ў тыя гады ўдалося спалучыць імкненьне ўладаў і канкрэтных чыноўнікаў працаваць на карысьць адноўленай дзяржаўнасьці.

А. Бутэвіч: Ня кожны міністар мог бы весьці сваю ўласную палітыку, тым больш, што яна была дзяржаўнай, і дзяржава без жаданьня міністраў таксама не магла б праводзіць сваёй палітыкі. Два крылы былі ўзаемазьвязаныя. У Польшчы кантакты навязваліся праз нашую меншасьць на месцы. Яны хінуліся да нас, а мы, зразумеўшы іх памкненьні, стараліся нечым дапамагчы. Гэта было ўзаемна, справядліва й плённа. Такое зацікаўленьне спрыяла паляпшэньню двухбаковых адносінаў паміж дзяржавамі. Працуючы консулам у Гданьску, мы знаходзілі паразуменьне з арганізацыяй беларусаў "Хатка", пры тым, што ў самой Беларусі былі розныя ацэнкі дзейнасьці гэтага аб'яднаньня. Хто хацеў рабіць справу, той рабіў, бо была дзяржаўная зацікаўленасьць.

Міністэрства замежных справаў, якое ў савецкія часы было хутчэй бутафорыяй, распачало працу па ўстанаўленьні дыпляматычных адносінаў зь іншымі краінамі сьвету. Неўзабаве беларускія дыппрадстаўніцтвы паўсталі ў ЗША, Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, Ізраілі, Польшчы. Былі падпісаныя найважнейшыя міжнародныя дамовы, якія гарантавалі далейшае разьвіцьцё Беларусі як мірнай дэмакратычнай дзяржавы.

Вячка Станкевіч, які на пачатку 90-ых гадоў зьяўляўся дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода, узгадвае, што афіцыйныя ўлады досыць прыхільна йшлі на супрацоўніцтва з дыяспарай і шмат у чым дапамагалі.

В. Станкевіч: У той час я працаваў дырэктарам Радыё Свабода, тады яшчэ ў Мюнхэне. Адным зь першых крокаў была сувязь з карэспандэнтамі, якія маглі перадаваць інфармацыю. Спачатку гэта адбывалася амаль што кансьпіратыўным спосабам. Пазьней была спроба трансьляваць па беларускім радыё перадачы Радыё Свабода. У той час да нас прыехаў міністар інфармацыі Анатоль Бутэвіч і кіраўнік Дзяржтэлерадыё Сталяроў. Мы хацелі перадаваць нашыя праграмы па гэтак званай "кропцы", бо тады б інфармацыя магла даходзіць да ўсіх слухачоў. Аднак умовы, якія нам былі пастаўленыя, не дазволілі нам гэтага рэалізаваць. Улады на той час маглі даць дазвол на трансьляцыю на адной малачутнай радыёстанцыі, але за вельмі вялікія грошы. Умовы былі падобнымі да куплі рэклямы. Сума, якую яны ад нас зажадалі, была большай, чым увесь бюджэт беларускай службы.

Спадар Станкевіч аднак заўважае, што шмат у чым тармазілі сувязі чыноўнікі, прызначаныя на свае пасады ў савецкія часы.

В. Станкевіч: Адчувалася даволі вялікая насьцярожанасьць да эміграцыі, бо пры ўладзе яшчэ быў урад Кебіча. Гэта былі людзі, якія атрымалі пасады ад Кампартыі. Хаця незалежнасьць і была абвешчаная, то ўлада была ў руках ураду, які быў абраны й прызначаны ў часы БССР. У верасьні 1991 г. быў створаны Дзяржаўны мытны камітэт і прынятая пастанова "Аб стварэньні ўзброенных сілаў РБ". Дарэчы, вайсковая дактрына з 1992 г. дэкляравала імкненьне Беларусі стаць бязьядзернай дзяржавай, а 130-тысячнае войска прадугледжвалася скараціць удвая.

15 сакавіка 1994 году была прынятая Канстытуцыя Рэспубліка Беларусь, паводле якой, Беларусь абвяшчалася ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай краінай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Асноўны закон краіны ўводзіў таксама пасаду прэзыдэнта, супраць якой падчас галасаваньня за Канстытуцыю выступала апазыцыя БНФ. Выбары першага прэзыдэнта Беларусі былі прызначаны на 10 чэрвеня 1994 году. Пра тое, як гэтыя выбары адбываліся, вы зможаце пачуць у наступнай перадчы з цыклю "Блізкая гісторыя" роўна праз тыдзень, 19 лістапада.

Дзьмітры Гурневіч