http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=44528
Захаваем бацькоўскую мову
13.11.2006
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступіла з двума зваротамі ў абарону беларускай мовы.
Першы зварот накіраваны ў бок афіцыйных уладаў, другі - непасрэдна да саміх беларусаў - распавядае старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Алег Трусаў: Па-першае, рыхтуецца перавод ВНУ на 4 гады навучаньня й выкідваецца ўвесь гуманітарны блёк, а ў першую чаргу беларуская мова. Таму хочам захаваць вывучэньне беларускай мовы ва ўсіх ВНУ. Па-другое, наступны год - гэта год Янкі Купалы й Якуба Коласа. І мы заклікаем пашырыць беларускае слова, каб беларусы знайшлі нейкія грошы й падпісаліся на беларускамоўныя выданьні, найперш вясковыя бібліятэкі, дзе не хапае грошай на падпіску й выпісваюць толькі "Савецкую Беларусь ".
На днях мы будзем высылаць нашыя заявы ў адпаведныя месцы. Адну пашлём Канаплёву, другую - Сідорскаму, а трэцюю - ягонаму намесніку Казінцу.
Адносна выцясьненьня беларускай мовы з ВНУ, Міністэрства адукацыі апраўдвае гэтыя меры тым, што акцэнт пераносіцца на вывучэньне беларускай мовы ў школе.
На жаль, узровень навучаньня ў школе таксама пакідае жадаць лепшага, - кажа выкладчыца Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, кандыдат філялягічных навук Ала Сакалоўская.
Ала Сакалоўская : Я ўвогуле не прыхільніца зьменаў, якія адбываюцца ў нашай адукацыі. Працуючы са студэнтамі ўжо шмат гадоў, я бачу, як падае ўзровень іх падрыхтаванасьці, таму што ўвесь час адбываюцца нейкія рэформы. Кожны год мяняюцца пляны, мяняецца колькасьць гадзін. А мяняецца гэта не на лепшае, а ўсё ў бок скарачэньня. Усё перавялі на тэсьціраваньні,а ў выніку што мы атрымліваем? Мы атрымліваем вельмі непадрыхтаваных людзей, можна сказаць, непісьменных. Мы ж гаворым і пішам ня тэстамі, а тэкстамі. Калі яны прыходзяць і я даю ім на першых занятках дыктоўку - дык гэта ж жахліва. Я ўжо не кажу пра творчую працу. У іх вельмі абмежаваны слоўнікавы запас, яны ня ведаюць элемэнтарных слоў і значэньня гэтых слоў і нават гэтага не заўважаюць.
Калі ідзе гаворка пра падпіску й чытаньне беларускамоўнае прэсы беларускім насельніцтвам, таксама існуе шмат розных праблемаў.
Справа таго, што насельніцтва ня хоча яе чытаць, не заключаецца ў тым, што яна выходзіць на беларускай мове - кажа рэдактар газеты "Наша Слова" Станіслаў Суднік. Справа зусім у іншым.
С. Суднік: Сёньня мы можам на пальцах палічыць усё, што выдаецца на беларускай мове. Таксама на пальцах можам палічыць тыя выданьні, якія якасна могуць канкураваць на рынку з усімі гэтымі "Ксюшамі", "Дамашнімі дактарамі", якіх у нас плынь ідзе з Расеі, таннымі, каляровымі, разьлічанымі на адпаведнае кола грамадзтва, часопісамі. Калі беларускія выданьні на ўзроўні дзяржавы спрабуюць што-небудзь зрабіць, то лепшы прадукт робяць па-расейску. Вось у чым уся праблема. Беларускамоўныя выданьні выжываюць, як могуць. А расейскамоўныя пры вялікай фінансавай падтрымцы нас проста душаць. Насельніцтва з такім жа посьпехам будзе чытаць усе гэтыя забаўляльныя часопісы па-беларуску, як яно іх чытае па-расейску. Розьніца тут ня ў мове. Розьніца ў тым, што нашыя выдавецтвы ня хочуць рыхтаваць нашаму насельніцтву гэты прадукт па-беларуску.
Спадар Суднік дадае, што незалежныя ці грамадзкія беларускамоўныя выдавецтвы не заўжды могуць сабе дазволіць друкаваць прэсу на сучасным абсталяваньні.
С. Суднік: Колер і малюнкі - гэта ўжо наш час. Мы не запаўняем беларускага рынку беларускамоўным прадуктам, які хоча набываць і хоча чытаць насельніцтва. Вось дзяржава выдае поўнаколерную газэту "Культура", мы выдаем чорна-белае маленькае "Наша Слова". Пры чым цана практычна адна й тая ж. Мы закрываем свой спэктар рынку, "Культура" - свой, тут у нас канкурэнцыі няма. Але калі мы гаворым пра розныя красворды, забаўляльныя газэты, што насельніцтва купляе: "Сем сотак", усялякія "Дачы" - такога прадукту па-беларуску наогул ня робіцца. А калі б ён рабіўся й быў канкурэнтназдольны, то нашаму чалавеку ўсё роўна, ці тыя "Сем сотак" чытаць па-беларуску, ці па-расейку. Але ў яго проста такога прадукту няма. Ведаеце, добрая паўнаколерная вокладка абыходзіцца даражэй, чым увесь блёк. А эпоха й час патрабуюць якасных прадуктаў. Каб іх хацелі паглядзець, перш чым купіць.
"Толькі дзякуючы нашым агульным намаганням беларуская мова будзе існаваць і пашырацца ў нашай краіне і свеце” — гаворыцца ў заяве Таварыства беларускай мовы.
Можа варта прыслухацца да гэтых словаў.
Караліна Русіновіч