http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=44566
Ці страціць Беларусь "Белтрансгаз"?
14.11.2006
20 лістапада галяндзкі банк АБН Амро павінен назваць цану беларускай газатранспартнай сыстэмы “Белтрансгаз”. Але ўжо ўчора беларускі лідэр назваў свой пункт адліку – ад 10 да 17 мільярдаў даляраў ЗША. Крыніцы ў Крамлі называюць такія лічбы “абсурдам”.
Першапачаткова Аляксандар Лукашэнка прасіў за “Белтрансгаз” 5 млрд. даляраў, у той час калі Расея была згодная на 500 млн. даляраў. Калі Расея задэкляравала большую плату, то кошт жадае падняць і Беларусь. У пацьвярджэньне сваёй цаны Аляксандар Лукашэнка прыводзіць прыклад чэскай кампаніі Transgas, якую нямецкая фірма купіла за 4 млрд. 100 млн. даляраў. Аднак беларуская сыстэма газаправоду ў два разы большая.
Пра важнасьць кампаніі “Белтрансгаз” для беларускай эканомікі й цэнаўтварэньня на расейскія энэрганосьбіты распавядае эканамічны аглядальнік газэты “Беларусы й рынак” Тацяна Манёнак.
Т. Манёнак: "Белтрансгаз" забясьпечвае ня толькі транзыт расейскага прыроднага газу ў краіны Эўропы, але й пастаўкі газу для беларускага насельніцтва. Каля 21 млрд. кубічных мэтраў прыроднага газу - гэта патрэбы Беларусі. Праз тэрытотыю Беларусі праходзіць яшчэ газапровад «Ямал-Эўропа», які таксама перапампоўвае прыродны газ у краіны Эўропы. Такім чынам, гэта канкурэнт беларускай газатранспартнай сыстэмы, бо з кожным годам праз гэтую сыстэму йдзе ўсё больш прыроднага газу. У спэцыялістаў гэта выклікае занепакоенасьць. У мінулым годзе транзыт праз «Белтрансгаз» зьнізіўся на 16%, а празь «Ямал-Эўропу» павялічыўся на 56%. Вядома, што расейскаму манапалісту выгадней перакачваць газ праз сваю сыстэму. І калі б гэтай ніткі не было, тады б і козыраў у Беларусі было б больш.
Страту «Белтрансгазу» шмат хто параўноўвае са стратай Беларусьсю незалежнасьці. Ці гэта адпаведная мэтафара ў дадзеным выпадку?
Т. Манёнак: Я лічу, што гэта перабольшваньне. Сёньня вельмі цяжка аддзяліць эканамічныя пытаньні ад палітычных. Калі б Беларусь ня мела статусу саюзнай дзяржавы, а была б незалежнай, то, магчыма было б вызначыць рынкавы кошт і гандляваць на спрыяльных умовах. Але вакол газавай тэматыкі існуе шмат іншых аспэктаў: праблема нафты, вайскова-палітычныя праблемы. Цяжка сказаць, на якіх умовах гэта магчыма. Беларускі бок можа ўлічыць кошты ваенных аб'ектаў, транзыт. Сёньня расейскія грузы маюць даволі сур'ёзныя прэфэрэнцыі. Яны выкарыстоўваюць гэтую сытуацыю, каб выгандляваць для сябе больш спрыяльныя ўмовы стварэньня сумеснага прадпрыемства. Зь іншга боку, ёсьць палітычны ціск, каб Беларусь выканала ўмовы адносна будаўніцтва саюзнай дзяржавы.
Чаму, на Вашую думку, расейскія палітыкі так доўга чакалі, каб заявіць, што Беларусь пасьля пераапрацоўкі сыравіны на месцы перапрадае яе на Захад па завышаных коштах?
Т. Манёнак: У Расеі існуе вельмі сур'ёзнае нафтавае лёбі. Расейскія кампаніі зацікаўленыя ў пастаўцы нафты на беларускія заводы, бо яны сапраўды больш сучасныя ў тэхнічным пляне, чым расейскія. Тым больш, што Беларусь стварыла адпаведны клімат для расейскіх пастаўшчыкоў, скасаваўшы мыта. Па падліках спэцыялістаў, на такіх ільготных умовах пастаўкі нафты ў Беларусь расейскі бюджэт страчвае каля 4 млрд. даляраў штогод.
20 лістапада галяндзкі банк назаве цану за «Белтрансгаз» і літаральна
тыдзень да гэтага Лукашэнка называе свой кошт. З чым гэта зьвязана? І ці можна лічыць незалежнай ацэнку банку АБН АМРО, бо ёсьць галасы, што гэта лёбі «Газпраму»?
Т. Манёнак: Гэта ацэнка будзе пэўным арыентырам. Гэта толькі стартавая пазыцыя. Сапраўдны кошт будзе вызначацца ў ходзе перамоваў, а заявы Лукашэнкі вельмі эмацыйныя. Яшчэ год таму ён казаў, што гэтая сыстэма каштуе 5 млрд. даляраў. Беларуская газатранспартная сыстэма сапраўды даволі надзейная й не было за час яе працы прэтэнзіяў з боку «Газпраму», але гэта ня значыць, што рынкавы кошт яе ўзрастае. На жаль, празь «Белтрансгаз» падае транзыт, і гэта не павялічвае яго кошту. Гэта «Газпрам» дамаўляеўцца з пакупнікамі ў Эўропе й ён транспартуе газ, як яму выгадна.
Лічыць эканамічны аглядальнік газэты “Беларусы й рынак” Тацяна Манёнак.
Інтэрвію запісаў Дзьмітры Гурневіч