http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=44982

"Нашай Ніве" - 100!

23.11.2006
Сёньня першая беларуская газэта "Наша Ніва" адзначае роўна соты юбілей свайго існаваньня. І хоць вызначальная дата - 23 лістапада, то ўрачыстасьці з гэтае нагоды пачаліся ўжо даўно. Яны прайшлі ў не адной краіне сьвету. І, што характэрна цяпер для Беларусі, гэтая падзея больш вядомая й шырэй адзначаецца за мяжою, чым у самой краіне - гаворыць галоўны рэдактар Андрэй Дынько.

А.Дынько: Стагодзьдзе найстарэйшай беларускай газэты шырэй адзначаецца за межамі, чым у самой краіне. Былі вялікія ўрачыстасьці ў Бэрліне, дзякуючы Нямецка-беларускаму таварыству, была шыкоўная вечарына ў Вільні ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Была невялікая ўрачыстасьць у Полацку. А сёньня, у дзень юбілею, нам адмовілі ў арэндзе ва ўсіх залях сталіцы, паколькі, як шапнулі ў адной зь іх, нехта пазваніў з загадам зьверху. Мы вымушаныя былі пайсьці на адзіную непадкантрольную залю - у сядзібе БНФ. Мы, праўда, ня любім, каб нас атаесамлівалі з партыямі, хочам застацца незалежнымі, але тут мы вельмі ім удзячныя. Сёньня а 17 і 19 пройдзе ўрачысты сход. А заўтра - дабрачынны фуршэт па збору грошай на "Нашу Ніву".

Сваё 100-годзьдзе выданьне адзначае ў надзвычай цяжкіх умовах. У мінулым годзе ўлады забаранілі распаўсюд газэты празь "Белпошту" й "Белсаюздрук". Газэта выжыла, дзякуючы стварэньню ўласнай сыстэмы распаўсюду. А нядаўна "Наша Ніва" атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі за няправільны юрыдычны адрас. Улады робяць усё магчымае, каб зачыніць газэту, але хочуць гэта зрабіць у белых рукавічках, без скандалу - працягвае Андрэй Дынько.

А.Дынько: Спачатку ўвесну нам далі папярэджаньне за тое, што мы пішам у газэце рэальны адрас, а ня той, які запісаны ў пасьведчаньні аб рэгістрацыі. Мы пачалі пісаць той з пасьведчаньня. А цяпер наадварот, нас папярэдзілі з-за адсутнасьці юрыдычнага адрасу. Тут гісторыя такая, што нас ужо чатыры разы выганялі з месца нашага адрасу за паўгоду. Найперш уладальнік памяшканьня падпісвае з намі дамову, а празь некалькі дзён, вельмі напалоханы, як парывае. Тады нам звоняць зь Міністэрства інфармацыі, што, маўляў, "у вас намя арэнды, таму мы ня можам унесьці вашыя зьмененыя зьвесткі ў пасьведчаньне аб рэгістрацыі". Тут як у прымаўцы - хоць пнём аб саву, хоць савою аб пень. Ідэалягічныя ворганы хацелі б "Нашу Ніву" зачыніць, але ня хочуць зрабіць гэта адкрыта, а такім чынам, каб гэта выглядала як "спрэчка гаспадарчых суб'ектаў". Але мы робім усё магчымае, каб вытрываць.

Нягледзячы на перапынкі й розныя цяжкасьці, традыцыя выданьня "Нашай Нівы" існуе ўжо сто гадоў. Для беларускай прэсы гэта ўнікальная зьява, памножаная тым, што "Наша Ніва" заўжды была выданьнем грамадзкім і ніколі – дзяржаўным, ніколі не трапляла пад кантроль аўтарытарнай ці таталітарнай улады. Ва ўсе пэрыяды існаваньня газэты на яе старонках прапаноўваліся й дыскутаваліся культурныя мадэлі, якія дапамагалі беларусам станавіцца сучаснай нацыяй.

Пастаянным падпісчыкам "Нашай Нівы" зьяўляецца былы старшыня Вярхоўнага Савету, лідэр Сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч.

С.Шушкевіч: Я зьяўляюся сталым падпісчыкам "Нашай Нівы", чытаю яе з задавальненьнем і хацеў бы, каб яны працягвалі сваю работу, каб было што чытаць. Бо па-беларуску ўжо амаль няма што чытаць, ніякай пэрыёдыкі. Я жадаю ім посьпехаў. Добрая рэдакцыя, пераважна маладыя людзі, прыемна мець зь імі справу.

"Наша Ніва", як і кожнае пэрыядычнае выданьне, трымаецца на сваіх чытачах. Толькі дзякуючы ім, іх трываласьці й салідарнасьці, газэта жыве й распаўсюджваецца. Жана Ліцьвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, зычыць "Нашай Ніве" захаваць вернасьць сваіх чытачоў.

Ж.Ліцьвіна: У гэтыя дні абсалютна кожны нармальны, інтэлігентны чалавек жадае, каб "Наша Ніва" яшчэ не адно стагодзьдзе была ў інфармацыйнай прасторы Беларусі. Мяне вельмі радуе яшчэ і той факт, што Андрэй Дынько стаў ляўрэатам прэміі ПЭН-клюбу. Гэта ўзнагарода і для ўсяе рэдакцыі за прынцыповасьць у нашай прафэсіі. Хацелася б пажадаць, каб і надалей яны былі вельмі блізкія свайму чытачу. Пасьля забароны распаўсюду яны здолелі наладзіць уласны распаўсюд. І магчыма гэта было зрабіць толькі абапіраючыся на сваіх сяброў, на чытачоў.

А сам галоўны рэдактар Андрэй Дынько зычыць сабе й "Нашай Ніве" дажыць таго часу, калі ў Беларусі беларуская мова перастане быць мовай дысыдэнтаў і вузкага кола інтэлігенцыі, а стане нармальным інструмэнтам міжчалавечых зносінаў.

А.Дынько: Я хацеў бы дажыць тых часоў, калі ў Менску будзе беларускамоўная радыёстанцыя, калі мае дзеці змогуць глядзець мульфільмы па-беларуску, калі можна будзе ўбачыць і Галівудаўскія фільмы, і стужкі Беларусьфільм на беларускай мове. Хачу дажыць таго дня, калі ў Беларусі ўсе грамадзяне будуць роўныя. Калі мне аднолькава проста будзе выехаць у Варшаву, Кіеў, Бэрлін ці Маскву. Зычу сабе касьмічных посьпехаў той справы, якую робіць "Наша Ніва".

А мы зычым "Нашай Ніве" пратрываць яшчэ чарговыя сотні гадоў на беларускім выдавецкім рынку, але каб яе праца была не выжываньнем, а нармальнай інфармацыйнай дзейнасьцю на карысьць незалежнай Беларусі й яе народу.

Натальля Грышкевіч