http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=45071
Супольныя гістарычныя карані
25.11.2006
Асэнсаваньне падзеяў далёкай мінуўшчыны дазваляе больш выразна ўявіць абрысы будучыні. Палякі й беларусы маюць супольныя гістарычныя карані.
Пасьля заключэньня ў 1569 г. Люблінскай уніі Вялікае Княства Літоўскае ўвайшло ў склад Рэчы Паспалітай, але захавала ўласнае заканадаўства, войска, фінансавую й юрыдычную сыстэмы. Агульнымі для ВКЛ і Польшчы былі толькі кароль і Сэйм. Унія дазволіла Рэчы Паспалітай пасьпяхова скончыць доўгую вайну з Расеяй, якая цягнулася з 1563 да 1582 г.
Якія гістарычныя каштоўнасьці былі назапашаныя падчас існаваньня Рэчы Паспалітай?
Меркаваньне гісторыка Генадзя Сагановіча.
Сагановіч: Яны могуць быць вельмі актуальныя, бо паказваюць, што мы маглі ладзіць у адной дзяржаве, хоць былі рознага паходжаньня, рэлігіі. Жыць радзячыся! Дэмакратычна. Гэта вельмі каштоўны гістарычны досьвед супольнай Рэчы Паспалітай. І гэта ня тое, што было ў «краіне Саветаў», бо там не было ніколі парлямэнту. А ў Рэчы Паспалітай быў сапраўдны эўрапейскі парлямэнт. Дэмакратыя ў гэтай дзяржаве на той час нават перасягала дэмакратыю многіх іншых краінаў. У сэнсе правоў чалавека шмат што страчана.
Менавіна «За свабоду вашу й нашу» змагаліся беларусы, прымаючы ўдзел у Лістападаўскім паўстаньні 1831 году. А дата 25 сакавіка адзначалася як сьвята барацьбы за незалежнасьць нават яшчэ ў 19 стагодьдзі. У гісторыі беларускай літаратуры ёсьць асобы, якія пакінулі свой сьлед ня толькі ў прыгожым пісьменстве, але якія са зброяю ў руках выступілі за незалежнасьць свайго краю.
Расказвае доктар філялёгіі Мікалай Хаўстовіч.
Хаўстовіч: Гэты край называлі па-рознаму. Гэта была частка Рэчы Паспалітай, Вялікае Княства Літоўскае... І на мясцовым узроўні, узроўні правінцыі, гэта была Беларусь. Калі казаць пра Рыпінскга, ён гэта добра ўсьведамляў, часта падпісваўся ў паперах, што ён зь Беларусі, што ён беларус. Гэта было закладзена ў школе, у Віцебскай базыльянскай гімназіі. Будучы палякам, ён прытрымліваўся гэтых перакананьняў. Рыпінскі ўдзельнічаў у лістападаўскім паўстаньні 1831 году. На Літве яно выбухнула крышку пазьней. Яно не магло перамагчы аграмадную расейскую армію. Але ўдзельнікі паўстаньня на эміграцыі, хто здолеў уцячы ад перасьледу расейскіх уладаў, прытрымліваліся мясцовых традыцый, адзначалі сьвята пачатку паўстаньня на Літве 25 сакавіка. Арганізавалі Таварыства Літоўскіх і Земляў Рускіх. Вялі дзейнасьць у абарону сваіх суайчыньнікаў. Яшчэ была адна важная задача - пазнаёміць Эўропу з гэтым краям, даказаць, што гэта не маскоўскі край, як гэта лічыла заходнеэўрапейская гістарычная навука. А гэта асобны, адметны край, які ніколі не належаў Расеі. Рыпінскі, як сябра Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы, мусіў выступаць з лекцыяй. Ён падрыхтаваў выступленьне пра свой край: «Беларусь. Некалькі слоў пра яе музыку, песьні, танцы». Беларускія народныя песьні ён прывёў на мове арыгіналу па памяці праз 10 гадоў пасьля таго, як ён пакінуў свой край. Эмігранты высока ацанілі даклад, Рыпінскі пашырыў яго й выдаў у Парыжы ў 1840 годзе кнігу. Упершыню фактычна на ўвесь сьвет было заяўлена пра тое, што ёсьць такі адметны край з багатай фальклёрнай культурай.
Ганна Гарачка