http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=45221

Рада БНР выступіла ў абарону Казуліна

28.11.2006
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зьвярнулася ў Дзярждэпартамэнт ЗША з просьбай прадухіліць сьмерць беларускага апазыцыянэра Аляксандра Казуліна. Адмысловы ліст быў дасланы сакратару Дзярждэпартамэнту Кандалізе Райс.

Прэзыдэнт Рады БНР Івонка Сурвілла зьвяртаецца да ўраду ЗША з просьбай прадпрыняць крокі па прадухіленьню трагічнай сьмерці Аляксандра Казуліна.

У звароце, між іншым, гаворыцца, што стан здароўя Аляксандра Казуліна, які галадае 40 дзён, вельмі крытычны.

Дакумэнт зьмяшчае таксама словы самога Аляксандра Казуліна пра тое, што ён мае намер працягваць галадоўку да тае пары, пакуль беларускае пытаньне ня будзе разгледжанае ў Дзярждэпартамэнце, Міністэрстве замежных справаў Францыі альбо амбасадарамі Эўразьвязу. Толькі афіцыйны адказ гэтых установаў можа прымусіць Казуліна спыніць галадоўку.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні просіць беларускія арганізацыі ва ўсім сьвеце, незалежна ад іх палітычных поглядаў, зьвяртацца ў зьнешнедыпляматычныя ведамствы сваіх краінаў з просьбаю прадпрыняць адпаведныя крокі па выратаваньні жыцьця Аляксандра Казуліна.

І. Сурвілла: Я гаварыла пра гэта кожны раз, калі спатыкалася з палітыкамі, таксама тут, у Канадзе. Я лічу, што гэта абсалютна недапушчальна, каб чалавека засудзілі на такі доўгі тэрмін з-за сваіх палітычных перакананьняў. Гэта была помста з боку Лукашэнкі. Я заўжды казала, што гэта прыклад таго рэжыму, які пануе ў Беларусі. Я пісала ў МЗС і гаварыла пра А. Казуліна, што справа ня ў тым, ці вы падтрымліваеце ягоныя погляды, а справа ў тым, што чалавек зусім несправядліва трапіў за краты й толькі для таго, каб баяліся іншыя. Чалавек ужо 40 дзён галадае, існуе вялікая небясьпека для яго жыцьця. Думаю, што гэта будзе ўзята пад увагу. Я думаю, што ўрады, да якіх мы зьвярнуліся, зарэагуюць на нашыя звароты. Іншае пытаньне, ці паўплывае гэта на сытуацыю ўнутры Беларусі.

Тым часам сам Аляксандар Казулін ізноў зьвярнуўся да прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага з заклікам пераняць уладу ад нелігітымнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Дзьмітры Гурневіч