http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=45284
Слоўнік Яна Станкевіча
29.11.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі ўдзяляюць ролі культуры ў выхаваньні маладога беларускага пакаленьня на чужыне. Паведамляюць пра разьвіцьцё беларускага школьніцтва ў замежжы, пра кніжныя выданьні, апісваюць працу навуковых цэнтраў, а таксама беларускамоўнае вяшчаньне ў розных краінах сьвету.
Сёньня гутарка пойдзе пра кніжныя выданьні ў замежжы, а гаворачы больш дакладна, пра слоўнік Яна Станкевіча.
У выніку многіх гадоў карпатлівых мовазнаўчых і лексыкаграфічных высілкаў Яна Станкевіча паявілася фундамэнтальная ягоная праца – Беларуска-расійскі слоўнік з падзагалоўкам – Вялікалітоўска-расійскі слоўнік. У слоўніку пададзена агромністая колькасьць словаў, разьмешчаных у альфабэтным парадку на 1305 старонках. Слоўнік выдадзены ў 1990 годзе ў Нью-Ёрку коштам і высілкамі Вялікалітоўскае (беларускае) Фундацыі імя Льва Сапегі.
Я. Станкевіч заснаваў Фундацыю, будучы на эміграцыі ў ЗША. Галоўная мэта яе – памагчы выдаць навуковыя працы Я. Станкевіча ды іншых беларускіх навукоўцаў. Аўтар слоўніка аддаў Фундацыі ўсю сваю ашчаднасьць, а пазьней тэстамэнтам сваю маёмасьць.
Набор слоўніка й канчатковае апрацаваньне слоўнікавага матэрыялу выканаў сябра Фундацыі й аўтараў сын – Юрка Станкевіч.
Выдаўцы гэтай магутнай лексыкаграфічнай працы ва ўступным артыкуле тлумачаць асноўныя яе мэты. Найважнейшай мэтай слоўніка зьяўляецца азнаямленьне саміх беларусаў з багацьцем нацыянальнае мовы. Павінен ён выканаць ролю вычарпальнага тлумачальнага слоўніка беларускае народнае мовы. Адначасовы пераклад гэтага лексычнага багацьця ў расейскую мову быў задуманы таму, што, па-першае: у выніку культурнае русыфікацыі большасьць беларусаў валодае расейскай мовай, часта лепш, чым сваёй роднай; па-другое, дасьледнікі славістыкі, ведаючы расейскую мову, могуць выкарыстаць гэты слоўнік для дасьледаваньня й беларускае мовы ды літаратуры. Выдаўцы ўпэўненыя, што лексычнае багацьце гэтага слоўніка зможа служыць асновай для апрацаваньня беларуска-ангельскага й падобных слоўнікаў у будучыні (Ад выдаўцоў слоўніка, у: Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік, Нью-Ёрк 1990, с. ІІ).
Па словах аўтара Беларуска-расійскага слоўніка, зьяўляецца ён адначасова слоўнікам жывой народнай мовы ды беларускай літаратурнай мовы.
„Нацыянальна ўсьведаміўшыся ў 1909 г., пачаў я усюдых запісваць словы беларускія. Пазьней выпісваў таксама з фольклёру й літаратуры. Такім парадкам, падаваны Слоўнік ё слоўнікам жывое народнае мовы й заразом літаратурнае мовы беларускае. (...) Да Слоўніка я браў ня толькі з найболей захавалае мовы беларускае, але, з прыгоды, троху й з прасьцягаў з ладным або й вялікім уплывам расійскім (Паўночная Пскоўшчына, сярэдняя Цьвершчына, заходняя часьць зямлі старавечных Вяцічаў) і на’т з дальшае ўсходняе часьці Вяцічаў аж да граніцы з Мардвою на ўсходзе. Зьясьняльны Слоўнік Даляў ё ня толькі расійскі, але й беларускі...” (Ад аўтара. Заданьні слоўніка, тамсама, с. ІХ)
Ян Станкевіч падкрэсьлівае, што апрача народнае мовы, карыстаўся таксама старой літаратурнай мовай ды Аль Кітабам.
Пішучы пра заданьні слоўніка, Я. Станкевіч зьвяртае ўвагу на яго практычнае значэньне. Слоўнік прызначаны перш за ўсё да вывучэньня беларускае мовы, а таксама можа дапамагчы ў вывучэньні расейскае мовы. Аўтар адзначае, што з прычыны сваіх гукавых асаблівасьцяў і націску беларускую мову досыць цяжкая вывучыць небеларусам. З гэтае прычыны ў слоўніку падаецца шмат канчаткаў скланеньня й спражэньня, а таксама націск.
У слоўніку падаецца іншы альфабэтны парадак ад агульнапрынятага ў кірылічных тэкстах. Ян Станкевіч прапануе наступны парадак літар: о, а, э, б, г, г’, х, д, е, ё, я, дз, дж, з, ж, і, й, к, л, м, н, ф, п, р, с, ш, т, в, у, ў, ь, ц, ч, ы, ю.
У слоўніку адзначаецца месца запісу кожнага беларускага слова, альбо паведамляецца, зь якой крыніцы яно выпісана. Месца запісу паказана скарачэньнем назову павету, а калі слова запісана ў малой мясцовасьці, тады да яе дадаецца яшчэ назоў павету ў скарачэньні. У лексыцы, выпісанай са Слоўніка Даля, паданыя толькі губэрні.
З пэўным абмежаваньнем, словы ў слоўніку раскладзены ў альфабэтным парадку. Амонімы пададзеныя ў розных слоўнікавых артыкулах толькі тады, калі яны рознага паходжаньня. Калі існуюць два ці болей словаў аднаго паходжаньня, але яны належаць да розных часьцін мовы, дык кожнае зь іх друкуецца асобным артыкулам, напрыклад, край у значэньні расейскага слова ‘страна’ (Паехалі жыць у чужы край; У сваім краю як у раю) і край у значэньні расейскага ‘возле, около’ (Палажылі сына край дарожкі, а нявестачку край даліначкі).
Таксама калі словы таго самага паходжаньня й формы, але адрозьніваюцца значэньнем і націскам, дык друкуюцца асобнымі артыкуламі, напрыклад, сіліць у значэньні расейскага ‘подкреплять пищею силы’ (Сілі, куме, дзеткі свае) і сіліць у значэньні расейскага ‘принуждать’ (Ня сіль яго, калі ня хоча піць). (Тамсама, с. ХІІ.).
На канцы слоўніка выпісаныя крыніцы, зь якіх узятыя словы, а гэта: слоўнікі ды крыніцы этнаграфічныя й гістарычныя, а таксама літаратура ды сьпіс мясцовасьцяў.
Юрась Бушлякоў у публікацыі Ян Станкевіч як ідэоляг беларускага моўнага пурызму (у: Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах, т. 2, Менск 2002, с. 534-578) піша, што аўтар слоўніка, выходзячы з практычных меркаваньняў – беспасярэдняга карыстаньня чытачамі зь лексычнага багацьця слоўніка, ня ставіў сабе задачы стварыць нарматыўны слоўнік. Яго мэтаю стала творчае апрацаваньне лексычнага патэнцыялу беларускае мовы. Гэта хутчэй за ўсё „творчы збор моўных фактаў шырокага прасторавага й часавага аб’ёму, які працягвае шэраг, распачаты аўтарскімі слоўнікамі І. Насовіча і В. Ластоўскага” (Тамсама, с. 554) – уважаюць Вінцук Вячорка й Сяргей Шупа.
Ю. Бушлякоў паведамляе, што выданьне, зьмяшчаючы больш за 60 тысяч артыкулаў, спалучае рысы перакладнога, тлумачальнага й дыялектнага слоўнікаў.
„Аўтар увёў у слоўнік матэрыялы з шэрагу лексыкаграфічных працаў сваіх папярэднікаў і сучасьнікаў. І. Насовіча («Слоўнік беларускай мовы»), Ул. Даля («Толковый словарь живаго великарусскаго языка»), М. Гарэцкага («Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік», «Маскоўска-беларускі слоўнік» (разам з братам Гаўрылам), В. Ластоўскага («Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік»), С. Некрашэвіча і М. Байкова («Беларуска-расійскі слоўнік»), Ул. Дабравольскага («Смоленский областной словарь»), П. Растаргуева («Северско-белорусский говор»), М. Касьпяровіча («Віцебскі краёвы слоўнік»), М. Шатэрніка («Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны»), З. Верас («Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік»), Ф. Янкоўскага («Дыялектны слоўнік»), Г. Юрчанкі («Дыялектны слоўнік (з гаворак Мсціслаўшчыны)»), А. Варлыгі («Краёвы слоўнік Лагойшчыны») і інш., а таксама лексыку з старабеларускіх крыніц (Баркалабаўскага летапісу, «Аль-Кітаба», Скарынавай Бібліі, Статуту Вялікага Княства Літоўскага й інш.), з мастацкай літаратуры (творы В. Адамчыка, К. Акулы, Я. Брыля, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, А. Гаруна, Ул. Дубоўкі, Я. Коласа, Л. Калюгі, М. Кавыля, М. Крушыны, Я. Купалы, М. Лынькова, А. Макаёнка, Я. Пушчы, А. Салаўя й інш.) ды словы, сабраныя ў дыялекталягічных экспэдыцыях і ўзьніклыя ў выніку індывідуальнай словатворчасьці.” (Тамсама, с. 553).
Ніна Баршчэўская