http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=45531
Гарадзенскія каталікі не здаюцца
04.12.2006
Вось ужо чацьверты дзень трывае пост-галадоўка гарадзенскіх каталікоў, якія патрабаюць ад гарадзкіх уладаў дазволіць ім пабудаваць сьвятыню для патрэбаў 8 000 вернікаў парафіі. Гарадзкія ўлады ўжо 10 гадоў адмаўляюць мясцовым каталікам у будове касьцёлу.
На чацьверты дзень галадоўкі ў ёй бяруць удзел 17 чалавек разам з Аляксандрам Шэметам, пробашчам парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасьці. Усе галадоўніцы – гэта жанчыны, большасьць зь якіх даволі сталага веку.
Сёньня ўначы дзьве галадоўніцы спынілі акцыю, паколькі здароўе 68- і 71-гадовай жанчын значна пагоршылася. Дадому іх забралі дочкі.
Распавядае айцец Аляксандар Шэмет.
А. Шэмет: Першую жанчыну забрала дахаты дачка. Лекары сьцьвердзілі ў яе гіпэртанічны крыз. Я папрасіў, каб яна распачала выходзіць з галадоўкі, хаця яна хацела працягваць акцыю. Але я сказаў ёй: вы ахвяраваліся тры дні, рызыкавалі сваім здароўем, у Бога ўсё палічана. Для другой жанчыны сёньня зранку мы выклікалі хуткую дапамогу. Яны
зьмерылі ціск, увялі лекі й ад'ехалі. Я запытаўся, каму я магу напісаць заяву, каб нас забясьпечылі мэдычнай апекай. Мне параілі напісаць у абласное ўпраўленьне на імя старшыні гарадзенскага аблвыканкаму. Адказу я пакуль ня маю, але я папрасіў, каб яны пісьмова пацьвердзілі, што ня хочуць забясьпечыць нам мэдычнай дапамогі. У такім выпадку я зьвярнуся да пракурора вобласьці.
Пробашч парафіі кажа, што стан здароўя ўдзельнікаў галадоўкі на сёньняшні дзень добры. Яны ўвесь час знаходзяцца ў парафіяльнай капліцы й толькі выходзяць на кароткачасовы шпацыр на падворак.
А. Шэмет: Разам нас 17 чалавек. Акрамя мяне ўсе астанія жанчыны. Гэта веруючыя людзі, вельмі моцныя й сьвятыя пры жыцьці. Трэба ім помнікі ставіць замест помнікаў леніным, калініным, энгельсам. Па ўсіх гарадох і вёсках трэба ставіць помнікі людзям, якія змагаюцца за справядлівасьць на Беларусі й ва ўсім сьвеце.
Афіцыйнай рэакцыі з боку гарадзкіх уладаў пакуль не было – кажа айцец Аляксандар. Ён ня вельмі спадзяецца, што чыноўнікі кінуцца дапамагаць каталікам і дапамогуць вырашыць іх праблемы.
А. Шэмет: Як ты не малюй і ня стаў у куток, гэта ж не абраз, на які маліцца трэба. Яны ня зьменяцца. Іхныя бацькі нішчылі ўсё сьвятое, высылалі людзей у Сібір, ставілі да сьцяны й пазбаўлялі жыцьця. Сёньня іх дзеці і ўнукі займаюць гэтыя пасады. Яны сёньня кіруюць нашай дзяржавай і Горадняй. Яны іначай ня могуць рэагаваць на гэтыя справы, бо д'ябал не здаецца так лёгка. Д'ябал ёсьць вельмі хітрым анёлам, які мае шмат людзей у сваім штаце. Яны лёгка не здадуцца, але мы таксама. Назад дарогі мы ня маем. Учора жанчыны мне сказалі: жыцьцё мы ахвяруем за касьцёл.
На працягу выходных да акцыі далучыліся 4 новыя асобы. Сёньня галадоўнікаў падтрымаў біскуп гарадзенскай дыяцэзіі кс. Аляксандар Кашкевіч, а ўчора парафіяльную капліцу наведалі прадстаўнікі Саюзу палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”.
Дзьмітры Гурневіч