http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=45631

Лексыкаграфічная праца

06.12.2006


Абвяшчэньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі дало новы імпульс да лексыкаграфічнае працы.

На гэтай хвалі апэратыўным водгукам на ўзрослы попыт стаўся Беларуска-ангельскі й Ангельска-беларускі слоўнік (Byelorussian-English English-Byelorussian Dictionary) аўтарства Аляксандра Ушкевіча й Аляксандра Зэзуліна, выдадзены ў Нью-Ёрку ў 1992 годзе. Слоўнік налічвае каля 6500 словаў і падае практычную транскрыпцыю беларускай і ангельскай лексыкі.

„Нягледзячы на некаторыя істотныя хібы й памылкі слоўніка, трэба вітаць ягонае зьяўленьне – упершыню на слоўнікавай паліцы ў сусьветных кнігарнях наша мова заняла даўно належнае ёй мейсца.” (С. К., Да гісторыі англа-беларускае лексыкаграфіі, у: „Беларус”, № 388, Нью-Ёрк, сакавік 1992, с. 6)

Зьміцер Саўка паведамляе на старонках „Запісаў” пра ідэю складаньня Стараславянска-беларускага слоўніка (у: „Запісы”, Нью-Ёрк, № 24, 1999, с. 236-252; № 25, 2001, с. 149-166), якая ўзьнікла з прычынаў ня толькі практычнага й акадэмічнага характару, але таксама й палітычнага.

„«Практычна-акадэмічныя матывы» прадыктаваныя неабходнасьцю такога слоўніка для пэўнага кола карыстальнікаў, найперш для тых, хто знаёміцца са стараславянскімі тэкстамі як носьбітамі хрысьціянскае навукі (праваслаўныя багаслоўцы, сэмінарысты), а таксама для тых, хто вывучае стараславянскую мову зь лінгвістычнымі мэтамі (студэнты-філёлягі ды інш.). (...)

Таксама стараславянска-беларускі слоўнік можа мець практычнае значэньне: яго матэрыял можа быць скарыстаны пры складаньні баўгарска-беларускага, македонска-беларускага й нават расейска-беларускага слоўніка (у дачыненьні да стараславянскіх запазычаньняў у расейскай мове).

«Палітычны аспэкт» гэтай задуме надае той факт, што расейская філялягічная навука да апошняга часу намагалася падтрымваць пачуцьцё шчыльнае лучнасьці расейскай і стараславянскай (у форме царкоўнаславянскай) моваў, што вылівалася ў ігнараваньне неабходнасьці стварэньня стараславянска-расейскіх слоўнікаў (такія слоўнікі зьявіліся толькі ў апошнія гады). У выніку – большасьць нават гуманітарна адукаваных людзей у Беларусі (а пагатоў у Расеі) атаесамліваюць праславянскую мову (прамову, ад якой утварыліся іншыя славянскія мовы) і стараславянскую мову (мову, якая ўтварылася ад праславянскае мовы).

Такім чынам, стараславянскае ў сьвядомасьці шырэйшых колаў зьвязваецца з расейшчынай, што не адпавядае сапраўднаму стану рэчаў.”
(Тамсама, № 24, с. 236-237).

Стараславянская мова зрабіла выключны ўплыў на разьвіцьцё старабеларускае мовы, асабліва на першым этапе яе разьвіцьця. Аж да позьняга сярэднявечча ёю паслугоўваліся як моваю літургіі ў Вялікім Княстве Літоўскім. На Беларусі ўзьнікла многа кніг на стараславянскай мове. Правобразам стараславянска-беларускага слоўніка зьяўляюцца глосы ў скарынаўскіх выданьнях. Значыць, у беларусаў ёсьць працяглая гісторыя карыстаньня стараславянскай мовай без пасярэдніцтва трэцяга боку – заўважае Зьміцер Саўка.

На старонках 24-25 нумароў „Запісаў” апублікаваная частка слоўніка на літары Б (Тамсама, с. 237-252) і В (Тамсама, № 25, с. 149-166).

Ніна Баршчэўская