http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=45751
"Трэці Шлях" - новае бачаньне Беларусі
08.12.2006
Улетку 2004 году ў беларускай інтэрнэт-прасторы зьявіўся сайт ініцыятывы «Трэці Шлях», якая задэкляравала сябе незалежным ад апазыцыйных колаў аб'яднаньнем моладзі, мэтай якога будзе стварэньне новай стратэгіі разьвіцьця Беларусі. Цягам двух гадоў удзельнікі супольнасьці здолелі зладзіць шэраг розных інтэрнэт-акцыяў, ад аналітычных да гумарыстычных. Найбольш папулярнай зь якіх сталася стварэньне «Мультклюбу», сэріі анімаваных фільмаў, у якіх галоўным пэрсанажам зьяўляецца кіраўнік краіны. У 2006 годзе супраць аўтараў мультфільмаў была ўзбуджаная крымінальная справа па факце паклёпу на прэзыдэнта РБ паводле арт. 367 КК РБ. Гэты артыкул прадугледжвае турэмнае зьняволеньне да чатырох гадоў. На мінулым месяцы адзін з суаўтараў сэрыі Павал Марозаў зьехаў у Эстонію, каб там працягнуць сваю дзейнасьць.
Сп. Павал, ці доўга вы прыймалі рашэньне пра выезд зь Беларусі?
П. Марозаў: Параіўшыся з праўнікамі й сябрамі, я вырашыў, што пакуль што варта паехаць працаваць у іншую краіну. У Эстоніі я маю знаёмых, таму я ведаў, што знайду тут сховішча й працу. З другога боку, гэта недалёка ад Беларусі. Грамадзкая дзейнасьць на карысьць Беларусі тут разьвіваецца даволі добра. У Эстоніі даволі актыўна дзейнічае беларуская дыяспара, шмат студэнтаў зь Беларусі. Ды й самі эстонцы на ўзроўні ўраду, парлямэнту,грамадзкіх аб'яднаньняў зацікаўліэныя ў дапамозе Беларусі.
Паколькі зьехаць Вас прымусіла пагроза крымінальнай адказнасьці, то ці будзіце Вы ў сувязі з гэтым зьвяртацца да ўраду па палітычны прытулак?
П. Марозаў: Я не хацеў бы зьвязваць сябе з палітычным статусам. Я б хацеў проста атрымаць магчымасьць працягваць тую справу, якой мы займаемся. Зараз я раюся ў адпаведных установах пра магчымасьць легалізацыі майго побыту ў Эстоніі, штосьці накшталт віду на жыхарства.
А ці будзеце працягваць стварэньне мультыплікацыйных фільмаў?
П. Марозаў: На дадзены момант мультыплікацыя не зьяўляецца ключавым аспэктам нашай дзейнасьці. Хаця мноства нашых сяброў і партнэраў заўсёды займаюцца рознымі крэатыўнымі гумарыстычнымі праектамі ў Інтэрнэце. Зараз мы важнейшы націск ставім на малюнкі альбо відэа. Цалкам верагодна, што на пачатку наступнага году, бліжэй да вясны, зьявіцца штосьці новае і з мультыплікацыі.
А ці можна спадзявацца нейкіх новых праектаў Вашай інтэрнэт-супольнасьці „Трэці Шлях”?
П. Марозаў: Зараз пачаліся істотныя абнаўленьні на сайце. Неўзабаве зьявяцца нямецка й - ангельскамоўныя сайты "Трэцягу Шляху", якія скіраваныя на нашую аўдыторыю. Цяпер на базе нашых сайтаў мы хочам стварыць моладзевую супольнасьць маладых асьпірантаў, студэнтаў, практыкантаў зь Беларусі й беларускай дыяспары з мэтаю каардынацыі іх дзеяньняў. Каб яны маглі праводзіць пэўную аналітычную працу, дасьледаваньні, кантактаваліся з выбітнымі аналітыкамі ўсяго сьвету. У выніку мы хочам мець даволі прадстаўнічую групу маладых беларусаў, якія б маглі стварыць стратэгію разьвіцьця Беларусі вачыма маладых людзей. Мы хочам рабіць рэсурсы, скіраваныя да маладых людзей, якія хочуць нешта рабіць у пляне распрацоўкі магчымых сцэнароў разьвіцьця нашай краіны.
Дзьмітры Гурневіч