http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=45770

15 гадоў пасьля распаду СССР

08.12.2006
Сёньня мінае 15 гадоў з дня падпісаньня Белавескіх пагадненьняў, на моцы якіх фактычна было спыненае існаваньне СССР. Згодна з падпісаным трыма кіраўнікамі тагачасных саюзных рэспублік дакумэнтам, на месцы былога Саюзу ўтварыдася Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў. Як ацэньваюць падзею 1991 году беларускія палітыкі, творцы й шэраговыя беларусы?

8 сьнежня 1991 году ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі у Белавескай пушчы Станіславам Шушкевічам, Барысам Ельцынам ды Леанідам Краўчуком была падпісаная дэклярацыя, у якой канстатавалася спыненьне існаваньня СССР і ўтварэньне на яго мецы Судружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

Афіцыйнай нагодай да сустрэчы трох лідэраў саюзных дзяржаваў было абмеркаваньне пытаньня паставак нафты й газу, але ў гісторыі ХХ ст. гэтая сустрэча назаўжды застанецца як дзень канчатковага распаду найвялікшай, на той час, краіны сьвету.

Станіслаў Шушкевіч, чый подпіс замацаваў Белавескія пагадненьні, упэўнены, што ў момант падпісаньня акту СССР ужо не існаваў, і сталася гэта не дзякуючы кавалку паперы, а гістарычнаму працэсу, які паскорыў развал імпэрыі.

С. Шушкевіч: Распад Савецкага Саюзу адбыўся практычна адразу пасьля ГКЧП, пасьля жнівеньскага путчу. Далейшыя загады Гарбачова ўжо не змаглі захаваць саюз. Бо Гарбачоў і сам хацеў стварыць структуру, дзе быў бы саюз, а ён меў бы пасаду замест усяго Палітбюро ЦК КПСС. Распад адбыўся значна раней, а мы проста мелі мужнасьць гэта канстатаваць, бо практычна ніхто не рашаўся сказаць, што гэта адбылося.

Падпісаньне лёсавызначальнага для СССР дакумэнту камэнтуе старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін.

С. Калякін: Тады, калі гэта адбывалася, то тыя, хто гэта рабіў, не ведалі, што робяць. Яны рабілі адно, а зрабілі другое. Яны хацелі прыбраць з палітычнай сцэны Гарбачова, а ў выніку развалілі краіну, якая мела велізарны патэнцыял. Аднак, у любым выпадку, гэтая падзея некалі б адбылася, толькі магчыма, іншым шляхам.

Ці магчама было выратаваць СССР ад распаду й якім чынам? Адказвае старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ – Зянон Пазьняк.

З. Пазьняк: Савецкі Саюз даўно пакладзены ў труну, пахаваны, і магіла травою зарасла. Сытуацыя, якая на той час утварылася, яна заканамерна вяла да ліквідацыі СССР.

Яшчэ ў 90-ыя гады ў саюзных рэспубліках адбыўся рэфэрэндум, на якім выносілася пытньне існаваньня СССР. У Беларусі большасьць грамадзянаў выказалася за захаваньне Савецкага Саюзу. А як цяперашняя моладзь успрымае гісторыю Савецкага Саюзу й магчымасьць яго аднаўленьня? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да Алега, беларускага студэнта, які навучаецца ў Варшаўскім унівэрсытэце.

Алег: Гэта быў удалы вопыт для грамадзтва, як ня трэба будаваць дзяржаву. Хаця было й шмат плюсаў. Адзін зь іх той, што, дзякуючы ціску ўладаў, людзі разьвіваліся, падымалася іх самасьвядомасьць. Дзякуючы ціску, нашыя людзі самаўдасканальваліся. Зараз нашая ўлада тая ж савецкая, але забабонаў менш, бо людзі мяняюцца.

Ці хацеў бы ты заўтра прачнуцца ў Савецкім Саюзе?

Алег: Не, ні ў якім разе. Я ня ведаю, што б са мною было. Прытомнасьць бы дакладна на тыдзень згубіў.

27 ліпеня 1990 была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, аднак усё яшчэ ў складзе СССР. Наданьне акту канстытуцыйнай моцы Дэклярацыі прайшло 24 жніўня 1991 году.

Дзьмітры Гурневіч