http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=45894
Віншуйце на беларускай мове!
11.12.2006
„Віншаваньні на беларускай мове – гэта яскравы доказ любові й павагі да роднага беларускага слова.” Гэтыя словы зьмешчаныя ў закліку Таварыства беларускай мовы, каб віншаваць на роднай мове.
ТБМ чарговы раз падкрэсьліла, што апошнімі гадамі ў Беларусі моцна абмежавалася сфэра выкарыстоўваньня беларускай мовы, а надыходзячыя сьвяты Божага Нараджэньня й Новага году могуць быць чарговаю нагодаю, каб выкарыстаць родную мову ў сваіх віншаваньнях.
Пра заклік віншаваць на беларускай мове расказвае старшыня Таварыства беларускай мовы ў Лідзе Станіслаў Суднік.
С. Суднік: У заяве на пачатку напісана: "Сёлета спаўняецца 15 гадоў, як нашая краіна пасьля падзеяў у Віскулях набыла сваю незалежнасьць..." Была прынята Канстытуцыя, была адзіная дзяржаўная мова – беларуская. Потым сфэра ўжытку беларускай мовы пачала звужацца і г.д. "ТБМ зьвяртаецца да кожнага патрыёта Беларусі, незалежна ад нацыянальнасьці, адносін да канфэсійнай і палітычнай дзейнасьці, шырока ўжываць беларускую мову ў штодзённым жыцьці. Зараз надыходзяць зімовыя сьвяты – Божае Нараджэньне, Новы год. Мы заклікаем грамадзянаў Беларусі набываць беларускамоўныя паштоўкі й канвэрты, віншаваць сваіх сяброў і блізкіх з гэтымі сьвятамі па-беларуску. Гэта будзе яскравым доказам любові й павагі да роднага беларускага слова."
Станіслаў Суднік кажа, што купіць паштоўку зь беларускім тэкстам можа кожны, трэба толькі хацець.
С. Суднік: На пошце хапае паштовак і канвэртаў на беларускай мове на любы густ. І правільна напісаных, дзе напісана "З Божым Нараджэньнем", ёсьць і такія як "З Ражджаством". У прынцыпе, паштовак на беларускай мове з розных нагодаў выпускаецца дастаткова. Хто хоча, той можа купіць. Але шмат прывозіцца з Расеі. Тыя, для каго гэта важна, безумоўна, выбіраюць на беларускай мове. Просты абывацель, мабыць, хутчэй глядзіць на прыгажосьць, бо цэны падобныя. І калі беларускія паштоўкі канкурэнтназдольныя па прыгажосьці й якасьці, то без усякіх праблем купляюць беларускія.
Станіслаў Суднік кажа, што посьпехам будзе ня колькасьць людзей, якія пачуюць заклік Таварыства беларускай мовы, але колькасьць асобаў, якія да яго прыслухаюцца.
Мы запыталі розных людзей, на якой мове яны будуць купляць паштоўкі, і на якой мове будуць віншаваць.
Рада Міровіч лічыць, што беларускамоўныя паштоўкі зазвычай маюць слабую якасьць і эстэтычна выглядаюць значна горш, чым прывезеныя з Расеі.
Р. Міровіч: Паштоўкі я стараюся набываць на беларускай мове. Іншае пытаньне, што іх цяжка знайсьці. Вельмі прыгожых паштовак на беларускай мове ў нас амаль няма. Ёсьць стандартныя, савецкага тыпу, якія можна купіць на пошце. Гэта праблема – у Беларусі няма прыгожых, якасных, беларускамоўных паштовак. А чаму шукаю на беларускай? Бо перад сьвятамі я дасылаю паштоўкі за мяжу. Навошта мне дасылаць на расейскай мове, калі я жыву ў Беларусі? Я хачу іх павіншаваць на беларускай мове, каб яны адчулі, што Каляды й Новы год ёсьць і ў Беларусі, што мы не Расея.
Студэнт Беларускага інстытуту культуры Зьміцер лічыць, што віншаваць трэба на мове зразумелай кожнай асобе, але большую ролю адыгрываюць словы, а ня мова.
Зьміцер: Мне падаецца, што кожнага чалавека трэба віншаваць на мове, якую ён разумее. Тых, хто не разумее па-беларуску, я, канешне, магу павіншаваць на гэтай мове, але мне здаецца, што няважна, на якой ты мове віншуеш. Больш важна, якія ты гаворыш словы. Напрыклад, сваёй маці я скажу: "Мілая матуля", свайму кіраўніку я скажу: "Паважаная спадарыня кіраўнік, я вас віншую".
Петра кажа, што яна кожнага віншуе на зразумелай яму мове, а паштовак яна не купляе, паколькі сёньня пераважаюць віншаваньні ў электроннай форме.
Петра: Блізкіх я зазвычай віншую на мове, на якой яны размаўляюць. Тых, хто жыве ў Нямеччыне – па-нямецку, сваіх сяброў на расейскай ці беларускай, палякаў на польскай. А звычайных паштовак я не купляю, зазвычай я дасылаю электронныя.
Зразумела, што ніхто не праверыць, на якой мове кожны з нас віншуе сваіх сяброў і сваякоў. Але варта памятаць пра словы, зьмешчаныя ў закліку ТБМ: „Віншаваньні на беларускай мове – гэта яскравы доказ любові й павагі да роднага беларускага слова.”
Алена Пытэль