http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=45992

Новыя мытныя стаўкі на расейскую нафту

13.12.2006
Ад 1 студзеня 2007 году Расея вырашыла ўвесьці на сырую нафту, а таксама сырыя нафтапрадукты, якія вывозяцца з тэрыторыі Расеі ў Беларусь, стаўкі экспартных мытных пошлін, зацьверджаныя пастановай ад 16 лістапада 2006 году.

Паводле расейскіх уладаў, згаданае рашэньне прынятае з мэтай абароны эканамічных інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі, а таксама ў адказ на парваньне Беларусяй пагадненьня аб парадку размеркаваньня й залічэньняў у саюзныя бюджэты вывазных мытных пошлін на экспартаваную беларускімі прадпрыемствамі прадукцыю, вырабленую з расейскай сыравіны.

Згодна з пастановай ураду Расеі, экспартная пошліна на сырую нафту складае 180 даляраў за тону, а на нафтапрадукты - ад 72 да 134 даляраў за тону.

Экспэрт па пытаньнях энэргіі Тацьцяна Манёнак, журналістка выданьня "Беларусы й рынак" заявіла, што ўвядзеньне мытных пошлін яшчэ канчаткова ня вырашана, беларускі й расейскі бакі павінны знайсьці нейкі кампраміс па гэтым пытаньні, бо інакш, у спалучэньні з павышэньнем цаны на расейскі газ, беларускую эканоміку чакае вельмі сур'ёзны крызыс.

Т.Манёнак: Такая пастанова была падпісаная, але, па маіх зьвестках, цяпер вядуцца перамовы паміж бакамі. Калі б Расея не адмяніла свайго рашэньня, то гэтая сытуацыя вельмі балюча адаб'ецца на беларускай эканоміцы. Доля нафтапрадуктаў складае каля 40% яе экспару. Беларусь мае два магутныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Новыя правілы азначаюць, што расейскім кампаніям можа стаць нявыгадна пастаўляць нафту на перапрацоўку ў Беларусь.

Расея пайшла на такі радыкальны крок, імкнучыся захаваць свае эканамічныя інтарэсы. Пастаўляючы нафту па старых правілах, яна страчвае каля 4 млд даляраў.

Справа ў тым, што Белąрусь парвала дамову аб пераразьмеркаваньні мытных пошлінаў на нафтапрадукты. Раней бакі ўступна дамовіліся, што гэтыя пошліны будуць падзеленыя ў прапорцыі 70% да 30% у карысьць расейскага боку. Пэўна, перамовы зайшлі ў тупік, калі расейскі бок зрабіў такі радыкальны крок. Калі бакі знойдуць кампраміс па пытаньні разьмеркаваньня мытных пошлін, то гэта будзе выгадна і для Беларусі, і для расейскіх кампаній, якім выгадна пастаўляць нафту на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Тут даволі кароткае экспартнае плячо да Эўропы, а беларускія прадпрыемствы больш сучасныя, чым расейскія.

Я ня думаю, што Расея гатовая разарваць адносіны зь Беларусяй як з саюзнай дзяржавай. Тут жа гаворка йдзе і пра ваеннае супрацоўніцтва, і гэтак далей. Але калі сапраўды Расея ўвядзе рынкавыя адносіны зь Беларусяй, дзе эканоміка амаль савецкая, то гэта будзе вельмі-вельмі балюча.



Натальля Грышкевіч