http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=46228
Інцыдэнт на пераходзе Брузгі – Кузьніца
18.12.2006
У суботні вечар, 17 сьнежня, беларуская памежная служба не хацела дазволіць Падляскаму ваяводзе Яну Дабжыньскаму пераехаць праз памежны пераход Брузгі –Кузьніца па дыпляматычным пасе. Ваявода Дабжыньскі вяртаўся з Горадні, дзе па запрашэньні польскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ўдзельнічаў у каляднай сустрэчы зь беларускімі палякамі. На памежным пераезьдзе машына ваяводы чакала каля 4 гадзін.
Як паведаміў Радыё Палёнія прэс-сакратар польскага Міністэрства замежных справаў Анджэй Садось, па прывілейнай паласе перасякаць дзяржаўную мяжу ў абодва бакі могуць асобы, якія маюць дыпляматычны пашпарт.
Аднак, як паведамляе прэс-сакратар падляскага ваяводы Адам Дэмбскі, нягледзячы на тое, што ваявода ня меў такога дакумэнту, мог карыстацца дыпляматычным пасам.
А. Дэмбскі: Цяпер ваяводы не атрымліваюць дыпляматычных пашпартоў. І беларускія ці польскія ўлады ня маюць абавязку прапускаць іх без чаргі, бо сапраўды ваявода ня меў такога пашпарту. Але трэба памятаць пра тое, што ў дадзеным выпадку найважнейшае – ваяводу суправаджаў генэральны консул Рэспублікі Польшча ў Горадні Анджэй Крэнтоўскі. Ужо шмат гадоў існуе такая добрая традыцыя, якую практыкуюць абодва бакі, як польскі, так і беларускі. Гэта значыць, што разам з машынай дыппрадстаўніцтва, пазначанай спэцыяльнымі знакамі, і консулам, які мае дыпляматычны пашпарт, можа праехаць афіцыйная дэлегацыя. І такой магчымасьцю карыстаюцца абодва бакі ўжо на працягу шэрагу гадоў. А вось гэтым разам консулу адмовілі ў такім прывілеі. І няма ніякай розьніцы, ці гэта быў ваявода, ці хтосьці іншы. Ён меў афіцыйнае запрашэньне ад консула і такім прывілеем мог скарыстацца. А спадар консул увесь час падкрэсьліваў, што гэта ягоныя госьці, якія знаходзіліся ў дыппрадстаўніцтве з афіцыйным візытам. На
дадатак – гэта прадстаўнікі афіцыйных уладаў, таму гэтага тлумачэньня павінна хапіць.
Такога падыходу да справы не разумее генэральны консул Анджэй Крэнтоўскі. Ён зазначае, што такі інцыдэнт ненайлепшым чынам сьведчыць ня толькі аб прадстаўніках беларускай памежнай варты.
А. Крэнтоўскі:Па незразумелых прычынах памежнікі адмовілі ў тым, што адбывалася амаль штодзённа – у магчымасьці суправаджаць афіцыйную дэлегацыю па-за чаргою, якая, на жаль, мела больш за 2 кілямэтры. Таксама мы атрымалі даволі дзіўную прапанову, каб ваявода й суправаджаючая яго асоба пераселі ў кансульскую машыну, а сваю машыну з кіроўцам адправілі ў чаргу. Я асабіста першы раз сустрэўся з такой прапановай. Такі ўчынак я ўспрымаю як выключную злараднасьць, бо такім жа правам карыстаюцца беларускія дэлегацыі, якія суправаджаюцца прадстаўнікамі беларускага консульства зь Беластоку ці Варшавы. Таму гэта даволі дзіўная й непрыемная справа.
Сам падляскі ваявода Ян Дабжыньскі не адчувае сябе пакрыўджаным, хоць суботняе здарэньне не належыць да прыемных момантаў.
Ян Дабжыньскі: Мы чулі, як па тэлефоне праводзіліся даволі непрыемныя размовы. А сур’ёзныя праблемы пачаліся, калі пачалі сходзіцца афіцэры іхнай памежнай варты. Яны гутарылі паміж сабою, і можна было заўважыць, што яны кансультуюцца з кімсьці, з па-за памежнай варты. Першая вэрсія іхнай прапановы была такая, што да нас
перасядзе консул, тады нас прапусьцяць. Яны двойчы з намі гутарылі, пасьля гэтага доўгі час да нас ніхто не прыходзіў. Тады мы паведамілі польскіх журналістаў, а спадар консул сваё кіраўніцтва.
Пасьля амаль чатырохгадзіннага чаканьня, памежнікі далі дазвол на выезд зь Беларусі па дыпляматычным пасе безь ніякіх тлумачэньняў.
Беларуская Амбасада ў Варшаве адмовілася камэнтаваць гэтую падзею для Радыё Палёнія, спаслаўшыся на недахоп падрабязнай інфармацыі.
Прыгадваем, што здарэньне мела месца ў мінулую суботу на памежным пераезьдзе Брузгі -Кузьніца, калі падляскі ваявода вяртаўся з каляднае сустрэчы з прадстаўнікамі Саюзу палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. Сустрэчу ладзіла польскае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Горадні.
Караліна Русіновіч